*§ 15-1. Няўласна-простая мова, яе сэнсава-стылістычная роля ў тэкстах розных тыпаў і стыляў. Унутранае маўленне персанажаў у творах мастацкай літаратуры і спосабы яго перадачы. Цытаты, правілы іх афармлення

Няўласна-простая мова

Няўласна-простая мова — форма перадачы чужой мовы, у якой перадаюцца думкі, пачуцці, перажыванні таго, пра каго гавораць: Яшчэ задоўга да спынення поезда пачуцці і думкі Лабановіча мімаволі скіраваліся да гэтай станцыі. Як жа яно будзе? Збяруцца ці не збяруцца хлопцы?.. (Я. Колас).
Асноўныя лексічныя, сінтаксічныя, стылістычныя асаблівасці чужой мовы захоўваюцца, а афармляецца яна як самастойны сказ (або некалькі сказаў) без слоў аўтара. Аднак формы асабовых займеннікаў і дзеясловаў ужываюцца, як ва ўскоснай. Асаблівасцю няўласна-простай мовы з’яўляецца і тое, што яна не мае спецыяльных паказчыкаў. Гэтую ролю выконваюць змест і структура самога чужога маўлення.
Няўласна-простая мова можа быць часткай сказа, сказам, некалькімі сказамі: Лідзе прыходзілася глядзець супраць сонца, і яна зрабіла сабе шчыток рукою, каб засланіць вочы. Гэта вельмі ўзрушыла Лабановіча: ці не яго выглядае Ліда? Але Лабановіча не было на дарозе: ён стаяў тут, непадалёку, і ўсё гэта бачыў, сам застаючыся незаўважаным (Я. Колас). Трохі раздумаўшыся, дзяк матае гэты адказ сабе на вус і галавою трасе. Ох, гэтыя ціхія маладыя людзі! Іх сапраўдную існасць даўно вызначыла народная мудрасць: у ціхім балоце чэрці водзяцца. Гэта меркаванне да некаторай ступені задавальняе дзяка, але поўнага заспакаення не дае, і ён не адводзіць вока ад свайго суседа (Я. Колас).