*§ 15-1. Няўласна-простая мова, яе сэнсава-стылістычная роля ў тэкстах розных тыпаў і стыляў. Унутранае маўленне персанажаў у творах мастацкай літаратуры і спосабы яго перадачы. Цытаты, правілы іх афармлення

Практыкаванне 8

На месцы пропуску ва ўрыўку з твора А. Іваненкі працытуйце наступныя радкі:

Вёску Гутава ў снег захуталі
давідна свежакі-вятры.
Сустракае нас вёска Гутава
крыкам пеўняў, сталёвым грукатам...
Вёска Гутава — тры вярсты!
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Блаславёная вёска Гутава,
мне з табою спяваць, і гутарыць,
і заўсёды цябе любіць.

У вядомага беларускага паэта Міколы Федзюковіча ёсць верш «Вёска Гутава». Ці не адзін з лепшых ва ўсёй нацыянальнай паэзіі, у якіх гучыць прызнанне ў любві да таго кутка, што даў табе жыццё, адкуль ты пайшоў у вялікі свет...
У Гутаве М. Федзюковіч нарадзіўся 22 мая 1943 года. Гэта Драгічынскі, суседні з Іванаўскім, раён.

Запішыце. Пракаменціруйце афармленне цытаты.