*§ 15-1. Няўласна-простая мова, яе сэнсава-стылістычная роля ў тэкстах розных тыпаў і стыляў. Унутранае маўленне персанажаў у творах мастацкай літаратуры і спосабы яго перадачы. Цытаты, правілы іх афармлення

Практыкаванне 7

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Падбярыце назву ў адпаведнасці з асноўнай думкай твора.

Вёска Дастоева цяпер вядома далёка за межамі Беларусі. Нават той, хто далёкі ад літаратуры, здагадваецца, што вядомасць гэта вынікае з назвы населенага пункта. Кажучы словамі народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, «яго карэньчыкі ў... Палессі». Іван Паўлавіч, канешне ж, меў на ўвазе Фёдара Дастаеўскага.
Сапраўды, вытокі роду, які даў жыццё сусветна вядомаму пісьменніку, знаходзяцца на палескай зямлі.сн Гэта дакументальна засведчанаф. Баярын пінскага князя Даніла Рцішчавіч атрымаў грамату. Часам ён згадваецца і як Ірцішчавіч, а то і Арцішчавіч. Аднак гэта сутнасці не мяняе. Сутнасць жа ў тым, што князь і княгіня давалі яму «імёны Полковічы: дворышча Ходарава Скаратіч, а брата яго Гаўрыіла дворышча, а Масева дворышча за Стругай... а ў Дастоева Олісееўскае дворышча». Відаць, Рцішчавічы з’яўляліся карэннымі палешукамі. Назва аднаго з маёнткаў Рцішчавічаў у далейшым стала прозвішчам патомкаў Данілы. Хоць яны называліся па-рознаму: то Рцішчавічы, то Дастаеўскія. Але ўжо ўнукі Данілы Рцішчавіча канчаткова сталі Дастаеўскімі.
Фёдар Міхайлавіч ганарыўся родам, да якога належаў. Цікавіўся продкамі, мінулым беларускага народа.сн Гаворачы аб тым, як шмат значыла яго вера ў сябе і свае сілы, зазначаў: «Без гэтай веры ў сябе не ўстаяў бы, напрыклад, на працягу вякоў беларускі народ і не выратаваў бы сябе ніколі». Думкамі пра тое, як шмат значыць для яго веданне сваіх вытокаў, дзяліўся з жонкай Ганнай Рыгораўнай.
Пакуль у Дастоева літаратары наведваюцца не так і часта. Тым не менш да вытокаў Ф. Дастаеўскага ўжо далучыліся многія. Пад уражаннем судакранання з імі нарадзіліся і творы. Народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ напісаў апавяданне і эсэ «Дастоева», Аляксей Зарыцкі, Васіль Макарэвіч, Яўгенія Янішчыц — вершы. Адпаведна «Рэпартаж з Дастоева», «Дастоева», «Па дарозе ў Дастоева» (Паводле А. Іваненкі).

Назавіце цытаты. З якой мэтай яны ўжываюцца ў тэксце? Растлумачце афармленне цытат.
У якім значэнні ўжыта ў тэксце слова грамата?
Творчасць якога беларускага пісьменніка крытыкі параўноўваюць з творчасцю Ф. Дастаеўскага? Карыстаючыся дадатковай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне на тэму «Беларускі Дастаеўскі». Для пацверджання палажэнняў паведамлення ўжывайце цытаты.