*§ 15-1. Няўласна-простая мова, яе сэнсава-стылістычная роля ў тэкстах розных тыпаў і стыляў. Унутранае маўленне персанажаў у творах мастацкай літаратуры і спосабы яго перадачы. Цытаты, правілы іх афармлення

Практыкаванне 6

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып. Дайце назву ў адпаведнасці з тэмай тэксту.

Дзень быў сонечны, з ласкавым ветрыкам, без духаты, якая звычайна бывае сярод ліпеня ў вялікім горадзе. Я планаваў паглядзець Маскву літаратурную, пабыць ля Пушкіна, Лермантава, Талстога, Чэхава, Маякоўскага, Горкага, Ясеніна...
Тым далёкім летам я закончыў дзясяты клас і падаў дакументы ва ўніверсітэт. Бацькі «прэміравалі» мяне двухтыднёвай паездкай у Маскву, што павінна было «надаць мне новыя сілы, узбагаціць маральна і паспрыяць паступленню». Наведаў літаратурныя музеі Пушкіна і Талстога. За ўсе мае сямнаццаць год я не перажываў такой эмацыянальнай узрушанасці, такой захопленасці прыгожым пісьменствам. Пушкін і Талстой праз сваё жыццё і адданасць літаратуры яшчэ больш пераканалі мяне, што сэнс жыцця — не толькі марыць пра цудоўнае, але і тварыць яго кожны дзень. Хапала яшчэ часу наведаць музей Чэхава. Наведвальнікаў у музеі было няшмат. Экскурсавод вяла нас і расказвала так хутка, што я не паспяваў усё ўважліва разгледзець, удумацца ў кожны цікавы або значны факт з жыцця любімага пісьменніка. «Нічога, — вырашыў, — пасля вярнуся і разгледжу ўсе экспанаты лепш, не спяшаючыся». Раптам убачыў дзяўчыну. Яна таксама не паспявала за экскурсаводам. Я падышоў да яе, калі яна схілілася над рукапісам Антона Паўлавіча.
— Добры дзень, — нібы знаёмаму, сказала мне дзяўчына. — Вы адчуваеце, як лагодна і ўтульна ў доме Антона Паўлавіча Чэхава?
— Такой жа лагоднасцю напоўнены і яго творы, а гумар ягоны асаблівы тым, што ніколькі не прыніжае чалавека, — адказаў я.
— У мяне пастаянна такое адчуванне, што вось-вось з суседняга пакоя выйдзе сам пісьменнік — сціплы, чулы, добры, шчыры... — дзяўчына ўсміхнулася чароўнай, як і сама, усмешкай.
У гэты момант з суседняга пакоя выйшаў невысокі мужчына з пышнымі доўгімі вусамі і вострымі маленькімі вочкамі.сн Мы пераглянуліся і ледзь не пырснулі смехам.
— Люблю Чэхава, — працягвала незнаёмка, — за тое, што ён чулы ў творах не ад надуманай нейкай дабрыні, якой вымагае часам задума, ідэя твора, а вось ад той, якая ідзе ад душы аўтара, з самых яе глыбінь...
— «Добраму чалавеку бывае сорамна нават перад сабакам», — прыгадаў я словы Антона Паўлавіча. — Такое мог сказаць сапраўды толькі незвычайны, духоўна багаты чалавек...
Мы разышліся ў розныя бакі. Я зацікавіўся партрэтам пісьменніка, што вісеў на сцяне злева. Калі ж заглянуў у апошнюю залу, дзе спадзяваўся зноў убачыць сваю незнаёмку, яе там не было. Самотны, разгублены, я выйшаў на вуліцу і раптам заўважыў сваю незнаёмку. Яна павольна ішла наперадзе. На душы адразу палягчэла.
— Гэта вы! А я спалохаўся, што ўжо згубіў вас...
Яна павярнулася на мой голас і пяшчотна ўсміхнулася:
— Цудоўны дзень сягоння. Перад гэтым была ў музеі Лермантава. Столькі ўражанняў, пачуццяў, думак...
— Даруйце, вы не масквічка, відаць, гэтак жа як і я?
— Так! Але мы не пазнаёміліся. Мяне завуць Наташай.
— Вельмі прыемна! А я — Ігар, — адказаў я.
Ідучы ў метро, мы разгаварыліся.сн Наташа была з Днепрапятроўска. Таксама закончыла школу і падала дакументы ў машынабудаўнічы інстытут. Прыехала ў госці да брата.
— Каб вы ведалі, як я люблю ўкраінскую літаратуру — Тараса Шаўчэнку, Міхаіла Кацюбінскага, Івана Франко, Лесю Украінку...
— Ведаеце, а мяне ўразіў ваш Багдановіч, люблю таксама вершы і Максіма Танка. А з празаікаў беларускіх запомніліся Якуб Колас, Кузьма Чорны, Іван Шамякін, Іван Мележ, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч. Я нават па-беларуску некалькі твораў прачытала. Цудоўная ваша мова, мілагучная, гнуткая... (Паводле М. Пазнякова).

Назавіце канструкцыі з простай мовай, растлумачце іх афармленне.
З якой мэтай уведзены цытаты? Растлумачце іх афармленне.
Перабудуйце выдзеленыя канструкцыі з простай мовай у канструкцыі з ускоснай мовай, запішыце.
Карыстаючыся дадатковай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра творчасць любімага вамі пісьменніка або паэта. Раскажыце, што іменна вам падабаецца ў яго творах; паспрабуйце параўнаць гэтыя творы з творамі пісьменнікаў або паэтаў з іншых літаратур. Свае думкі пацвердзіце цытатамі.