*§ 15-1. Няўласна-простая мова, яе сэнсава-стылістычная роля ў тэкстах розных тыпаў і стыляў. Унутранае маўленне персанажаў у творах мастацкай літаратуры і спосабы яго перадачы. Цытаты, правілы іх афармлення

Практыкаванне 5

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Падбярыце назву ў адпаведнасці з тэмай тэксту.

Існуе агульнапрызнанае меркаванне: у свеце столькі эстэтычных цэнтраў, колькі нацыянальных літаратур.сн У працэсе міжлітаратурнага дыялогу, падчас параўнання «свайго» і «чужога», у разуменні падабенстваў і адрозненняў адбываецца выпрацоўка агульных эстэтычных каштоўнасцей, ідзе пастаянны працэс фарміравання сусветнай культурнай прасторы, на што ў свой час звяртаў увагу вядомы лінгвіст Уладзімір Тапароў: «Суаднясенне-параўнанне таго і гэтага, свайго і чужога складае адну з асноўных і спрадвечных работ культуры, бо параўнанне, зразумелае ў самым шырокім плане (як і любы пераклад — з мовы на мову, з прасторы на прастору, з часу на час, з культуры на культуру), самым непасрэдным чынам звязана з быццём чалавека ў знакавай прасторы культуры, якое мае сваёй воссю праблему тоеснасці і рознасці, і з функцыяй культуры». Літаратурная кампаратывістыка (ад лац. comparativus — ʻпараўнальныʼ) — параўнальнае і супастаўляльнае вывучэнне літаратур — адзін з найбольш важных напрамкаў сучаснай філалагічнай навукі, актуальнасць якога цяжка пераацаніць ва ўмовах глабалізацыі культуры і ўзаемадзеяння нацыянальных літаратур. «Тэкст жыве толькі судакранаючыся з іншым тэкстам (кантэкстам), — пісаў Міхаіл Бахцін. — Толькі ў кропцы гэтага кантакту тэкстаў успыхвае святло, што... далучае дадзены тэкст да дыялогу». Дыялог, параўнанне і супастаўленне з’яўляюцца агульнымі прынцыпамі культуры (Паводле Н. Якавенка).

Назавіце цытаты. З якой мэтай яны ўжыты ў тэксце? Якім спосабам аформлены?
Растлумачце напісанне выдзеленых слоў.
Назавіце прыметнік, ужыты ў тэксце ў форме найвышэйшай ступені параўнання.
Раскрыйце значэнне слова глабалізацыя.