*§ 15-1. Няўласна-простая мова, яе сэнсава-стылістычная роля ў тэкстах розных тыпаў і стыляў. Унутранае маўленне персанажаў у творах мастацкай літаратуры і спосабы яго перадачы. Цытаты, правілы іх афармлення

Практыкаванне 3

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып. Падбярыце загаловак у адпаведнасці з тэмай. Назавіце няўласна-простую мову.

Багдановіч пераходзіў ад воза да воза, распытваў, слухаў адну і тую ж гісторыю пра няшчасце, расказаную аднолькавымі словамі. Ён слухаў сялян і жанчын, дзяцей і старых, а ў галаве ўзнікла і знікла, зноў узнікла і зноў знікла пытанне. Паэт, што ты зрабіў, каб аблегчыць народнае гора? Ды хто з іх ведае, што ён паэт? Колькі з іх умее чытаць? Як можа трапіць да іх кніжка, надрукаваная невялікім тыражом у друкарні пана Марціна Кухты?
Ён набавіў ходу і нагнаў пярэдні воз.
На ім сядзела дзяўчына гадоў сямнаццаці. Русавалосая. З чыстым, крыху вузкім тварам. Сінія вочы. Лёгкая ружовасць. Трохі абветраныял вусны. Даматканая рудая світка, пашытая на мужчыну, а на галаве — хустка з крамы. А ў руках кніжка. Не ў першыя рукі трапіла кніжка, без корачакл, з пашарпанымі краямі.
— Чытаеце?
Дзяўчына ўзняла вочы на бледнага студэнта, у сіняй глыбіні вачэй яшчэ гарыць цікавасць да таго, што толькі што чыталася.
— Але ж.
Студэнт паклаў руку на воз і пайшоў побач. Відаць, што яму так лягчэй ісці. Па чырвоных вуснах, вельмі яркіх, па чырвоных плямах на шчоках зразумела дзяўчына, што ў хлопца сухоты.
— Сядайце.
Ён матнуў галавой.
— Не, каню цяжка, — сказаў ён. — Я дайду, скора горад.
— Вы таксама ратуецеся?
— Так, ратуюся, толькі не ад немцаў.
Яна паклала кніжку ў кішэню, і гэта скіравала ягоныя думкі на іншы шлях.
— Дык што ж вы чытаеце?
Яна апусціла вочы.
— Ат, нічога, адну кніжку...
Ён засмяяўся:
— Бачу і сам, што кніжку... Хіба да кніжак вам? Вы што — кніжкай хочаце захіліць свае вочы ад гэтага жаху? Хіба да кніжак цяпер?
Яна глядзела на яго і мала што разумела. Чаму такім гневам гучаць словы гэтага хворага студэнта і чаму да яе накіраваны яны? Цьмяна, але яна ўсё ж уцяміла сэнс папроку.
— А што ж рабіць, па-вашаму? Плакаць? Ужо няма слёз. Што ж рабіць?
Ён ішоў моўчкі.
— Што рабіць? — як бы перапытваючы самога сябе, паўтарыў ён яе запытанне, потым рэзка кінуў: — Не ведаю.
І, закашляўшыся, адстаў.
Набліжаўся Мінск.
На ўскраіне горада хворы студэнт зноў нагнаў воз, на якім сядзела русавалосая дзяўчына. Яна не чытала, а з цікавасцю глядзела навокал. Надзеяй сустракала яна незнаёмы горад. Шчаслівая. Кніжка ляжала ў кішэні. Высоўваўся пашарпаны край.
— Скажыце, якую кніжку чыталі вы?
На гэты раз засмяялася яна.
— Вы цікавы! Не скажу.
Прыемны быў у яе твар — малады, з выразам надзеі.
— Ну, хоць на развітанне, — і ён засмяяўся па-маладому, бо быў па сутнасці такім жа,— хоць імя сваё скажыце. Ваша імя...
Пад яго позіркам дзяўчына апусціла вочы.
— Вераніка, — ціха сказала яна. — А ваша?
— Ахрысцілі Максімам.
Дзяўчына паднялася з куфра. На твары было здзіўленне. Яна выцягнула з кішэні кніжку і кінула яму ўслед:
— Гэта — на шчасце, кніжку напісаў таксама Максім. Па-нашаму напісана кніжка. Яна называецца «Вянок».
Ён спыніўся, нешта хацеў сказаць, але воддаль паказалася конка, гаспадар заезнага дома голасна пачаў выхваляць свой дом, запрашаць прыезджых. Недзе званілі ў званы. Воз з дзяўчынай плыў перад яго вачыма, потым знік... (Паводле Б. Мікуліча).

Раскрыйце значэнні слоў куфар, конка.
Растлумачце ўтварэнне і напісанне выдзеленых слоў.