*§ 15-1. Няўласна-простая мова, яе сэнсава-стылістычная роля ў тэкстах розных тыпаў і стыляў. Унутранае маўленне персанажаў у творах мастацкай літаратуры і спосабы яго перадачы. Цытаты, правілы іх афармлення

Практыкаванне 1

Прачытайце ўрыўкі з трылогіі Я. Коласа «На ростанях». Дайце характарыстыку няўласна-простай мове.

І. Першы страх, як спадарожнік крушэння пэўнага ладу ўнутранага жыцця, яшчэ не зусім аформленага, у сваю чаргу выклікаў другі страх: а што, калі б гэтую кніжачку знайшлі ў яго і данеслі начальству?.. Чаму яе падкінулі яму? Хто падкінуў? Якая мысль кіравала тым, хто падкідаў яму гэтую небяспечную кніжачку?

ІІ. Яна зноў пазірае на вокны. А каб пайсці туды? Сесці за сталом, як сядзеў калісь ён і праводзіў рукою па маладых сваіх цёмных вусіках? Там страшна, бо там пуста. Там прытаіўся нехта другі, няласкавы і варожы. І, напэўна, яна спаткала б нешта там, каб пайшла цяпер туды. Ну, пачула б голас, а можа, смех, пусты і жудасны смех. Яна ўпэўнена ў тым, што пачула б той страшны і таемны смех, і гэта забіла б радасць і шчасце, што знайшлі месца ў яе сэрцы. Яна зноў пазірае туды.