*§ 0-15. Чужая мова, спосабы яе перадачы. Сінаніміка сказаў, якія перадаюць чужую мову, яе стылістычныя магчымасці. Сэнсава-стылістычная роля канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 11

Прачытайце тэкст, вызначце яго стыль. 

У Петрыкаве, у гарадскім скверы, стаіць помнік славутаму земляку, легендарнаму партызану Васілю Ісакавічу Талашу. На гэты раз па дарозе да помніка прыгадалася, як Талаш ці то жартам, ці то сур’ёзна гаварыў, што гэта не Якуб Колас праславіў яго, зрабіўшы героем аповесці «Дрыгва», а ён праславіў пісьменніка... Гаварыў, што каб не напісаў Колас пра Талаша, то пісьменніка ніхто і не ведаў бы. Але такое выказванне, пагадзіцеся, падкрэслівае дасціпнасць старога, чым ён, па сведчанні сучаснікаўсл, і вылучаўся. Помнік, зроблены Заірам Азгурам, падабаецца людзям. Быццам і сёння аглядае мудры селянін-паляшук родныя абшары — лясы, луг, роўнядзь Прыпяці... І задаволена жмурыць вочы: усё добра на Радзіме! (Паводле В. Ткачова).

Назавіце канструкцыі з ускоснай мовай. Перабудуйце іх у канструкцыі з простай мовай і запішыце. Растлумачце афармленне запісаных канструкцый.
Растлумачце напісанне выдзеленых слоў.
Раскрыйце значэнні слоў легендарны, дасціпнасць.