*§ 0-15. Чужая мова, спосабы яе перадачы. Сінаніміка сказаў, якія перадаюць чужую мову, яе стылістычныя магчымасці. Сэнсава-стылістычная роля канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Простая і ўскосная мова

У вусным і пісьмовым маўленні часта даводзіцца спасылацца на чужыя выказванні, якія могуць перадавацца па-рознаму. Чужая мова часцей за ўсё перадаецца як простая мова або ўскосная.
Простая мова — гэта дакладна ўзноўленае чужое выказванне. У сказ простая мова ўводзіцца пры дапамозе слоў аўтара, якія паказваюць, каму яна належыць, як, дзе і пры якіх абставінах была сказана: «Няхай бы вы паспалі гадзінкі дзве», — сказала гаспадыня, трымаючы перад сабою кашулю (Ф. Янкоўскі); Пётр цвёрда стаяў на сваім: «Тата, я буду лятаць...» (М. Гіль).
На пісьме простая мова бярэцца ў двукоссе. Пры гэтым пунктуацыйнае афармленне сказаў з простай мовай залежыць ад месца простай мовы ў адносінах да слоў аўтара.
Ускосная мова — гэта чужая мова, перададзеная аўтарам. Канструкцыі з ускоснай мовай маюць форму складаназалежнага сказа, у якім галоўнай часткай з’яўляюцца словы аўтара, а даданай — ускосная мова. Даданая частка звычайна размяшчаецца пасля галоўнай і аддзяляецца ад яе коскай. Ускосная мова часцей не перадае ніякіх эмоцый. У ёй не ўжываюцца звароткі, выклічнікі, некаторыя часціцы і іншыя эмацыянальна-экспрэсіўныя сродкі.
Калі простая мова з’яўляецца апавядальным сказам, то ў складаназалежным сказе ўскосная выконвае ролю даданай дапаўняльнай часткі і звязваецца з галоўнай пры дапамозе злучніка што (асабовыя і прыналежныя займеннікі пры гэтым замяняюцца або апускаюцца): «Гэта мой стары прыяцель, дзед Талаш, у якога я жыў на кватэры», — сказаў Шалёхін да вайскоўцаў (Я. Колас). — Шалёхін сказаў да вайскоўцаў, што гэта яго стары прыяцель, дзед Талаш, у якога ён жыў на кватэры.
Калі простая мова з’яўляецца пабуджальным сказам, то яна становіцца дапаўняльнай часткай са злучнікам каб: «Раскажы, Саша, што-небудзь», — папрасіла Жэня, калі яны адышлі ад дарогі (І. Шамякін). — Калі яны адышлі ад дарогі, Жэня папрасіла, каб Саша расказаў што-небудзь.
Калі простая мова з’яўляецца пытальным сказам, то ўскосная мова таксама выражае пытанне, але ўскосна. Пытальнік у такіх сказах не ставіцца: Уладзімір, наблізіўшыся да настаўніка, ціха спытаў: «А ці праўда, што хутка чалавек у космас паляціць?» (С. Панасюк). — Уладзімір, наблізіўшыся да настаўніка, ціха спытаў, ці праўда, што хутка чалавек у космас паляціць.