Печатать книгуПечатать книгу

*§ 0-15. Чужая мова, спосабы яе перадачы. Сінаніміка сказаў, якія перадаюць чужую мову, яе стылістычныя магчымасці. Сэнсава-стылістычная роля канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 0-15. Чужая мова, спосабы яе перадачы. Сінаніміка сказаў, якія перадаюць чужую мову, яе стылістычныя магчымасці. Сэнсава-стылістычная роля канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 12 Май 2024, 18:12

Простая і ўскосная мова

У вусным і пісьмовым маўленні часта даводзіцца спасылацца на чужыя выказванні, якія могуць перадавацца па-рознаму. Чужая мова часцей за ўсё перадаецца як простая мова або ўскосная.
Простая мова — гэта дакладна ўзноўленае чужое выказванне. У сказ простая мова ўводзіцца пры дапамозе слоў аўтара, якія паказваюць, каму яна належыць, як, дзе і пры якіх абставінах была сказана: «Няхай бы вы паспалі гадзінкі дзве», — сказала гаспадыня, трымаючы перад сабою кашулю (Ф. Янкоўскі); Пётр цвёрда стаяў на сваім: «Тата, я буду лятаць...» (М. Гіль).
На пісьме простая мова бярэцца ў двукоссе. Пры гэтым пунктуацыйнае афармленне сказаў з простай мовай залежыць ад месца простай мовы ў адносінах да слоў аўтара.
Ускосная мова — гэта чужая мова, перададзеная аўтарам. Канструкцыі з ускоснай мовай маюць форму складаназалежнага сказа, у якім галоўнай часткай з’яўляюцца словы аўтара, а даданай — ускосная мова. Даданая частка звычайна размяшчаецца пасля галоўнай і аддзяляецца ад яе коскай. Ускосная мова часцей не перадае ніякіх эмоцый. У ёй не ўжываюцца звароткі, выклічнікі, некаторыя часціцы і іншыя эмацыянальна-экспрэсіўныя сродкі.
Калі простая мова з’яўляецца апавядальным сказам, то ў складаназалежным сказе ўскосная выконвае ролю даданай дапаўняльнай часткі і звязваецца з галоўнай пры дапамозе злучніка што (асабовыя і прыналежныя займеннікі пры гэтым замяняюцца або апускаюцца): «Гэта мой стары прыяцель, дзед Талаш, у якога я жыў на кватэры», — сказаў Шалёхін да вайскоўцаў (Я. Колас). — Шалёхін сказаў да вайскоўцаў, што гэта яго стары прыяцель, дзед Талаш, у якога ён жыў на кватэры.
Калі простая мова з’яўляецца пабуджальным сказам, то яна становіцца дапаўняльнай часткай са злучнікам каб: «Раскажы, Саша, што-небудзь», — папрасіла Жэня, калі яны адышлі ад дарогі (І. Шамякін). — Калі яны адышлі ад дарогі, Жэня папрасіла, каб Саша расказаў што-небудзь.
Калі простая мова з’яўляецца пытальным сказам, то ўскосная мова таксама выражае пытанне, але ўскосна. Пытальнік у такіх сказах не ставіцца: Уладзімір, наблізіўшыся да настаўніка, ціха спытаў: «А ці праўда, што хутка чалавек у космас паляціць?» (С. Панасюк). — Уладзімір, наблізіўшыся да настаўніка, ціха спытаў, ці праўда, што хутка чалавек у космас паляціць.

Практыкаванне 1

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і жанр. Назавіце сінтаксічныя канструкцыі, якія перадаюць чужое маўленне.

Наша спадчына — каштоўнасць для ўсёй Еўропы

Існуе меркаванне, што менавіта нематэрыяльная культурная спадчына з’яўляецца падмуркам нацыянальнай ідэнтычнасці. Абрадавыя практыкі, спевы, аўтэнтычныя рамёствы, атрыманыя ад продкаў і рупліва захаваныя, адрозніваюць нас ад іншых нацый, дазваляюць казаць, што беларусы — народ са сваёй унікальнай гісторыяй і традыцыяй.
Якія аб’екты нематэрыяльнай культурнай спадчыны беларусаў увайшлі ў спісы ЮНЕСКА? Сёння наша гутарка — з членам Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па пытаннях ЮНЕСКА, дырэктарам Фонду «Культурная спадчына і сучаснасць» Алай Сташкевіч.
— Ала Барысаўна, вы прыклалі нямала намаганняў, каб абрад «Юраўскі карагод» быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Напрыканцы мінулага года гэта адбылося. Ад чаго трэба ахоўваць абрад, хіба яму штосьці пагражае?
— Пачну з таго, што ў Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС) (2003 год) існуюць тры спісы: Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова; Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва; Рэгістр найлепшых практык па ахове НКС. Канвенцыя не дае інструкцый, як правільна спадчыну захоўваць, але праз рэгістр мы можам даведацца пра вялікую працу, якую робяць дзеля гэтага іншыя краіны, і штосьці адтуль запазычыць. Бо там сабраны найлепшы вопыт для пераймання, які спатрэбіцца нам дзеля стварэння ўласнай культурнай палітыкі па захаванні спадчыны. Зразумела, што архітэктурны аб’ект можна закансерваваць і забяспечыць яму захаванасць на сотні гадоў. А якім чынам захаваць спадчыну, звязаную з духоўнымі практыкамі? Нематэрыяльная культурная спадчына — гэта не толькі фальклор, як многія думаюць. Сюды адносяцца традыцыйныя веды і практыкі, а таксама многія іншыя праявы творчасці чалавека...
— Якая сітуацыя з «Юраўскім карагодам»?
— Пагост — невялікая вёска, там існуюць пэўныя дэмаграфічныя, сацыяльна-эканамічныя пагрозы. Праз уключэнне абраду ў адпаведны спіс ЮНЕСКА мы спадзяемся аб’яднаць намаганні розных людзей, у тым ліку міжнароднай супольнасці, каб выпрацаваць план захавання гэтай спадчыны.
— А ў чым адметнасць менавіта «Юраўскага карагода»?
— Культуру часта параўноўваюць з мазаікай, і гэта параўнанне правільнае. Але лепей параўноўваць яе з ракой: ручаі розных культур уліваюцца ў агульную плынь, і тады рака паўнаводная, а як толькі знікае нават маленькая культура, рака драбнее. Вясенні абрад Юр’я вёскі Пагост якраз сярод такіх жывых плыней. Гэта старажытны еўрапейскі абрад, звязаны з хрысціянскай традыцыяй святкаванняў у гонар Святога Георгія. Юр’еўскія святы характэрны для ўсіх еўрапейцаў, асабліва для славян. У спісе ЮНЕСКА ёсць варыянты Юр’еўскага карагода з Македоніі, Сербіі, Славакіі. Наш абрад адметны тым, што ў Беларусі захаваўся сімбіёз архаічных і хрысціянскіх элементаў. Абрад вёскі Пагост — адзін з найбольш старажытных варыянтаў святкавання Юр’я. Ён уяўляе каштоўнасць не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўропы...
— Можна меркаваць, што прывабнасць нашай краіны для замежных турыстаў не абмяжуецца святкаваннем Юр’я, бо ў спісе ЮНЕСКА — Будслаўскі фэст, абрад «Калядныя цары»...
— Безумоўна, ёсць пэўныя аспекты, назавём іх інфармацыйнымі маркерамі, па якіх спажывец культуры, турыст альбо проста госць мяркуе пра краіну, шукае звесткі пра тое, што ён можа ў ёй наведаць. І такімі выразнымі маркерамі з’яўляюцца аб’екты культурнай спадчыны, у тым ліку нематэрыяльнай. ЮНЕСКА ў гэтым сэнсе не толькі спрыяе распазнаванню гэтых маркераў, але надае ім, так бы мовіць, аўтарытэтнасці.
— Працэс інвентарызацыі «жывой спадчыны Беларусі» вядзецца, на сёння ў ім больш за 100 элементаў нематэрыяльнай культуры. Што, на вашу думку, трэба неадкладна зрабіць, каб гэты спіс больш актыўна папаўняўся?
— З 2014 года ў Рэспубліцы Беларусь створана досыць устойлівая сістэма інвентарызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Працэс пабудаваны інакш, чым з матэрыяльнымі аб’ектамі. Ён рухаецца знізу, непасрэдна ад носьбітаў гэтай спадчыны — супольнасцей, груп, асобных людзей. Эксперты — навукоўцы, даследчыкі — удзельнічаюць у працэсе ацэнкі і даюць сваё экспертнае заключэнне ў дачыненні да прадстаўленых дакументаў. Аднак далей пачынаюцца пытанні, звязаныя непасрэдна з захаваннем нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Нам трэба стварыць прававую аснову, а таксама зацвердзіць пэўныя этычныя нормы для абароны правоў носьбітаў НКС (Паводле А. Брава).

Пракаменціруйце пастаноўку знакаў прыпынку пры афармленні канструкцый з чужой мовай. Запішыце пытанні А. Брава да А. Сташкевіч, дадаўшы да іх словы аўтара. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.
Падрыхтуйце паведамленне пра адзін з аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны беларусаў (са Спіса нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА).

Паслухаем мовазнаўцаў

Словы аўтара ў складзе канструкцый з простай мовай уводзяць чужое выказванне, дзеля чаго выкарыстоўваюцца дзеясловы маўлення і думкі (казаць, гаварыць, апавядаць, расказваць, думаць, разважаць і пад.), дзеясловы, якія паказваюць на асаблівасці маўлення або характарызуюць яго агульны змест (адказваць, загаварыць, дадаць, пачаць, працягваць, паўтарыць, закончыць, папракнуць, растлумачыць, папытацца і інш.). У функцыі дзеясловаў маўлення і думкі, ад якіх залежыць простая мова, могуць ужывацца словы, што абазначаюць эмоцыі, пачуцці, унутраны стан таго, каму належыць простая мова (абрадавацца, засаромецца, здзівіцца, пакрыўдзіцца, раззлавацца і пад.), а таксама словы, што абазначаюць міміку, жэсты, рухі, паказваюць на дзеянні таго, каму належыць простая мова (усміхнуцца, засмяяцца, уздыхнуць, заплакаць, скрывіцца і пад.) (З «Беларускай граматыкі»).

Практыкаванне 2

Прачытайце тэкст. Падбярыце назву ў адпаведнасці з яго тэмай. Вызначце стыль тэксту і яго жанр. 

Напярэдадні XXVІІ Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў адказаў на пытанні карэспандэнта газеты «Звязда».
— Уладзімір Іванавіч, якой вы бачыце ролю творцаў, мастакоў у шырокім плане — слова, сцэны, мастакоў як майстроў пэндзля — у грамадскім жыцці?
— Грамадскае жыццё, як і палітычнае, заўсёды сувымяраецца з сацыяльнымі памкненнямі грамадства. І адукацыя, культура займаюць сёння не апошнюю ролю ў нашай рэчаіснасці. Пагадзіцеся, і адукацыя, і культура, асветніцкая праца, навуковая работа — усе гэтыя складнікі патрабуюць уніклівай, паўсядзённай карпатлівай працы. Так, кожны творца — гэта чалавек. І, зразумела ж, варта ўлічваць яго індывідуалісцкі характар. Але ў агульнай задачы ўплываў мастацтва, культуры на грамадства нам патрэбна і агульнае разуменне мэт, нам патрэбны адзінства, кансалідацыя ў будаўніцтве суверэннай і незалежнай Беларусі...
— Музей і Вы асабіста, Уладзімір Іванавіч, надзвычай шмат робіце для захавання гістарычнай спадчыны ў галіне выяўленчага мастацтва...
— Не буду асобна спыняцца, колькі намі было зроблена па захаванні, кансервацыі Мірскага замка. Гэта частка жыцця, калі хочаце, Нацыянальнага мастацкага... Крыху звярну ўвагу на выдавецкія, кніжныя праекты, звязаныя з прапагандай гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі. Мы ўдзячны, што з музеем у добрых стасунках Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, кніжныя выдавецтвы краіны. І «Беларусь», і «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», і «Мастацкая літаратура» — з усімі гэтымі выдавецтвамі мы вельмі шмат выпусцілі розных выданняў, якія, несумненна, уплываюць на мастацкае выхаванне грамадства, якія разам уяўляюць сабою гісторыка-мастацкую бібліятэку. Дзяржава істотна паспрыяла нараджэнню гэтых кніг, а людзі творчыя, апантаныя, і выдавецкія работнікі, і нашы музейшчыкі зрабілі тое, што ўжо сёння можна лічыць з’явай на дзесяцігоддзі. З дапамогай гэтых альбомаў, кніг па-новаму, болей шырока можна прачытаць лёсы В. Бялыніцкага-Бірулі, Ф. Рушчыца, іншых мастакоў.
— Як здзяйсняюцца новыя праекты выставачнага характару ў Нацыянальным мастацкім музеі?
— Нам даводзіцца яшчэ болей генерыраваць ідэй, прыдумваць прывабных творчых праектаў. І шмат што атрымліваецца. Музей з дня ў дзень запрашае на новыя сустрэчы. Запрашаем у музей і чытачоў «Звязды»!.. (Паводле М. Берлежа).

Запішыце апошняе пытанне і адказ на яго лінейным спосабам, пракаменціруйце пастаноўку знакаў прыпынку.

Практыкаванне 3

Прачытайце тэкст, вызначце яго стыль. Падбярыце загаловак у адпаведнасці з тэмай тэксту.

...Ад райцэнтра да вёскі было амаль пяцьдзясят кіламетраў. Некалі Бярозаўка была даволі люднай вёскай. Гадоў дваццаць таму тут жыло каля трохсот чалавек. Але ішоў час, моладзь з’язджала ў гарады, старыя адыходзілі ў іншы свет. Колькасць жыхароў хутка змяншалася. Апошнія два гады ў вёсцы дажываў свой век адзіны пастаянны яе жыхар — дзед Хведар. Хведару было семдзесят дзевяць. Я тут нарадзіўся тут і памру казаў ён дзвюм дочкам якія жылі ў сталіцы і звалі бацьку да сябе. Прыязджалі і прадстаўнікі мясцовай улады, прапаноўвалі старому жыллё ў цэнтры. Але дзед хітаў галавой адгаворваўся дзякаваў за клопаты і дадаваў Няма лепшай хаткі чым тая ў якой нарадзіла матка. Штотыдзень у вёску прыязджала аўталаўка, у якой на наступныя сем дзён Хведар набываў харч.
Неяк па тэлевізары Хведар убачыў перадачу пра так званыя малыя архітэктурныя формы: людзі ўпрыгожвалі сядзібы рознымі фігуркамі жывёл, птушак. Фігуркі выразалі з фанеры, фарбавалі і крышачку прыкопвалі ў зямлю. Хведар зрабіў з фанеры некалькі манекенаў людзей, намаляваў ім вочы, насы, вусны і паставіў ля суседніх хат.
— Зусім з розуму выжыў, — сказала паштарка, убачыўшы Хведаравы «шэдэўры».
Нічога ты не разумееш. Гэта — прыгажосць зазначыў Хведар Вось буслоў яшчэ выражу зусім па-іншаму вёска будзе выглядаць.
Ага засмяялася паштарка Лепш бы што так рабіў дзед здаравейшы быў бы.
— Я і так здаровы, Зінка, — казаў стары. — Фельшарка так кажа. Ды і сама бачыш, з гаспадаркай упраўляюся: агародзік, садок, дровы... А гэта, — паказваў на сваё «тварэнне», — для душы...
Хведар уключыў тэлевізар. У які раз паўтаралі кінастужку «Белыя Росы». Фільм падабаўся старому. Кожны раз глядзеў гэты фільм, як упершыню, і суперажываў героям. Нечым кінастужка нагадала Хведару яго жыццё, яго вёску (Паводле А. Сідарэйкі).

Чаму Хведар не хацеў ехаць са сваёй вёскі? Да якога героя кінастужкі «Белыя Росы» ён падобны? Чаму?
Якая роля простай мовы ў тэксце? Што яна выяўляе? Назавіце дзеясловы, якія ўводзяць простую мову. Што яны абазначаюць?
Запішыце выдзеленыя канструкцыі з простай мовай, аформіце іх пунктуацыйна.
Зрабіце сінтаксічны разбор першай запісанай канструкцыі з простай мовай.

Практыкаванне 4

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып. Падбярыце назву ў адпаведнасці з асноўнай думкай тэксту. 

Ужо тыдзень, як гасціла Вольга ў старой цёткі.
— Іван, уставай чухацца, — раніцой будзіла Вольгу старая і, смеючыся, тлумачыла: — Быў калісь у пані работнік Іван. Як світанак займецца, яна будзіць яго скаціну даглядаць. А Іван пакуль вочы прадзярэ, спіну пачухае, дык і дзень на дварэ. Вось пані і пачала паднімаць работніка раней за сонца — чухацца. І ты на таго Івана падобная...
— Хто ў лесе, хто ў полі — ідзець да мяне сне-е-едаць, — праз які час клікала да стала цётка. Паставіла міску з супам перад пляменніцай.
Твар старой маршчыніўся ва ўсмешцы. Яна ела і расказвала:
— Калісь людзі жылі вялікімі сем’ямі. І ўнукі, і праўнукі, і дзяды, і дзеці — усе пад адной страхой. Было каму і старасць чужую дагледзець, было ў каго і мудрасці павучыцца. Вось як калісь было.
— Кажуць людзі, свята сёння, — унесла ў хату пахі сена і малака суседка.
— Другая Прачыстая, Манечка. Калі на другую Прачыстую сонца, то восень будзе цёплая, без дажджу.
— А на дварэ, галубка, сапраўднае бабіна лета. І ветру, мабыць, зусім няма, — заўважыла суседка. — Нават пчолы лятаюць.
Потым суседка запрычытала:
— Ох, таечка, ногі баляць. Нікуды нягодная стала.
Старая падышла да паліцы:
— Пастой, Маня, зараз дам табе трохі свайго лякарства ад ног. Тут у мяне настойка з бярозавых пупышак, — яна дастала з паліцы бутэльку цёмнага колеру. — А то яшчэ паспрабуй такое: вазьмі лыжку масла, растапі ды змяшай з травой бадзягі. Як у цябе няма, дык я табе дам. Паўцірай нанач, дзе баліць, і ўхутай. Яно будзе гарэць, ды ты пацярпі ўжо. Затое потым дзён колькі не будзеш знаць гора. Хто сам сябе сцеражэ, таго і Бог беражэ.
Вольга ведала, што яе цётка лечыць ці не ўсю вёску. Збірае розныя зёлкі, потым раздае. Нават Вользе пасылала ў горад. Тыя яе лекі і сапраўды дапамагалі (Паводле Н. Касцючэнка).

З якой мэтай у тэкст уключана простая мова? Што можна па ёй сказаць пра цётку Вольгі?
Растлумачце афармленне канструкцый з простай мовай. Выдзеленыя канструкцыі з простай мовай перабудуйце ў канструкцыі з ускоснай мовай.

Практыкаванне 5

Прачытайце выказванні К. Камейшы пра жанры маўлення. Да якіх стыляў належыць кожны з гэтых жанраў?

І. Будуюцца анекдоты па-рознаму. Але самай распаўсюджанай сталася форма дыялогу. У многіх дыялогах галоўнымі героямі выступаюць дзеці. Вось і згадаю тут той, што прыйшоўся пад руку:
— Пятрок, колькі вас усяго ў мамы?
— Дзевяць.
— Дык ты не самы старэйшы?
— Не, самы старэйшы дзядуля.
Што ж, я толькі закрануў гэту надта вясёлую тэму. А яна, як бачыце, просіць свайго даследавання. Дык хай і зоймуцца ёй даследчыкі!

ІІ. — Ведаеце што такое эсэ? — пытаецца выступоўца ў малых слухачоў.
— Ведаем, — адказвае самы смялейшы. — Гэта твор, які і спераду, і ззаду чытаецца аднолькава.
І мае рацыю хлапчына. Сапраўды, і адтуль — эсэ, і адсюль — эсэ. Калі нават і не цягне на гэты жанр.

Якую ролю адыгрывае простая мова ў тэкстах?
Дапішыце словы аўтара ў дыялогу тэксту І.

Практыкаванне 6

Прачытайце тэкст. Вызначце стыль і тып тэксту.

Сакваяж

Часам згадваецца вартая ўсмешкі гісторыя...
З партфелем хадзіць — элегантна падавалася, а з тым жа сакваяжам — болей зручна было, не толькі прэстыжна: тут знаходзілася месцейка і ўсялякага роду паперам і кнігам, і харчоваму прыпасу, калі ты выбіраўся ў камандзіроўку. Нездарма, відаць, гэтыя самыя сакваяжы ўпадабалі і навукоўцы, і людзі болей звыклага занятку, а таксама аўтарамонтнікі, слесары-сантэхнікі. Рыштунак апошніх, што павінен у любую хвіліну быць пад рукою, звычайная сумка наўрад ці магла змясціць, вытрымаць. Таму прыдбаць людскі сакваяж было тады справай турботнай.
...У той дзень дамовіўся Вячаслаў з сябрам, такім жа гісторыкам-архівістам Міхасём, схадзіць у кіно. Часу хапала, таму вырашыў да пачатку сеанса зазірнуць у Цэнтральную кнігарню. А ў кнігарні парадак быў: заходзіш — пакінь свой партфель ці сакваяж на стале пры ўваходзе, а сам ідзі да паліц з кнігамі, глядзі, выбірай. Зайшоў Вячаслаў, паставіў сакваяж на столік і да кніг падаўся. Паглядзеў сёе-тое з іх, вярнуўся назад, адшукаў вачамі свой сакваяж, у руку — ды з кнігарні. Сустрэўся з сябрам у двары кінатэатра. Селі на лаўцы, Вячаслаў сакваяж бліжэй падсунуў, замочкам шчоўкнуў:
— Пакажу табе, Міша, што я напісаў, колькі сваёй кандыдацкай агораў.
Раскрыў сакваяж — і холад працяў яго: сакваяж поўны нейкага пакулля, шрубак, галовак кранаў!.. Нейкі тросік ляжыць, пласкагубцы, вялізны ключ... Сябрук таксама вочы вытарашчыў:
— Адкуль усё гэта ў цябе? Якая ж тут кандыдацкая?
Кінуўся з усіх ног Вячаслаў назад у кнігарню. Яна амаль побач знаходзілася. Прымчаўся. А там нейкі дзяцюк у спяцоўцы на ўсю кнігарню лямантуе:
— Хто мне сакваяж з маім інструментам падмяніў? Хто мне падсунуў свой, напханы паперамі? Я ж водаправодчык. Я без свайго сакваяжа — як без рук!
Падскочыў Вячаслаў да яго, аддае яму сакваяж, прабачэння пачаў прасіць. А той ніяк не можа супакоіцца, ледзь не за грудкі хапае. Ніяк не хоча зразумець, што ўсё памылкова выйшла: абодва ж сакваяжы аднаго колеру, карычневыя...
А кандыдацкую Вячаслаў абараніў... (Паводле М. Чарняўскага).

Чаму сакваяж быў больш зручным за партфель?
Якую ролю выконвае простая мова ў тэксце? Замяніце канструкцыі з простай мовай канструкцыямі з ускоснай мовай, запішыце іх.
Раскрыйце значэнне слова сакваяж. Карыстаючыся слоўнікамі, высветліце яго паходжанне.

Практыкаванне 7

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Падбярыце назву ў адпаведнасці з тэмай тэксту.

Пісьменнік Іван Мікалаевіч Пташнікаў застанецца ў маёй памяці, канешне ж, на ўсё жыццё. І не толькі таму, што ён быў выдатным творцам і пакінуў нам і нашчадкам багатую літаратурную спадчыну: раманы, аповесці, апавяданні... Быў ён чалавекам і рэдкай прынцыповасці. Калі, да прыкладу, працаваў загадчыкам аддзела прозы ў часопісе «Полымя», то прасачыцца на старонкі гэтага выдання слабенькім творам — няхай нават і прызнаных аўтараў — не ўдавалася. Дружба дружбай, як кажуць, а служба службай. Асабіста я з Іванам Мікалаевічам трымаўся доўгі час на адлегласці, а гэта ў прамым і пераносным сэнсе, бо жыву не ў Мінску, а ў Гомелі, але калі зрэдку заходзіў у рэдакцыю часопіса, то за руку не трымаліся, абыходзіліся кароткім кіўком галавы: прывітанне — прывітанне. А ўсё, што тычылася маіх твораў, мне перадавалі супрацоўнікі аддзела прозы — спярша Уладзіслаў Рубанаў, пазней — Адольф Варановіч. Таму меў за гонар «прайсці» Пташнікава і ўбачыць свае апавяданні на старонках паважанага часопіса. «Гэтага хлопца трэба падтрымаць», — прачытаўшы маё першае апавяданне «Дзень у горадзе», сказаў Іван Мікалаевіч.сн Так перадаў мне ягоныя словы Уладзіслаў. Пазней на старонках часопіса з’явіліся і мае дзве п’есы — чарнобыльская «Блакада ў Кругліцы» і «Стары і дарога». Што цікава, дзякуючы «Полымю» і, канешне ж, падтрымцы Івана Мікалаевіча гэтыя дзве публікацыі заўважылі на рэспубліканскім радыё: па іх зрабілі пазней спектаклі. Вядома ж, у той дзень, калі павінны былі ўпершыню гучаць спектаклі ў эфіры, я нагадваў пра гэта Івану Мікалаевічу. Ён коратка адказваў: «Дзякуй. Паслухаю абавязкова». Няма ўжо Івана Пташнікава, ён пайшоў у іншы свет. А я згадваю словы яго дачкі Таццяны: «Калі тата заканчваў новы твор, то ён уключаў ва ўсіх пакоях святло». Як здорава! Ставіў, такім чынам, кропку: твор закончаны! Бярыце, людзі, карыстайцеся! Гэта святло — вам! Я запаліў яго для вас! Такое прыдумаць мог толькі сапраўды геніяльны чалавек (Паводле В. Ткачова).

Якой асаблівасцю характару вызначаўся Іван Пташнікаў?
З якой мэтай аўтар уключыў канструкцыі з простай мовай у тэкст? Якім спосабам перадаецца ў тэксце простая мова?
Растлумачце напісанне выдзеленых слоў.
Карыстаючыся дадатковай літаратурай, падрыхтуце паведамленне пра жыццё і творчасць І. Пташнікава.

Практыкаванне 8

Прачытайце тэкст. Вызначце яго асноўную думку і тып маўлення. Назавіце канструкцыі, якія перадаюць чужое маўленне.

Белыя матылі

Некалi даўно, здаецца, на пачатку сямiдзясятых, у нашу вёску прыехаў новы брыгадзiр. Адзiн з вяскоўцаў прыйшоў на знаёмства апошнi i ледзь не з парога заявiў, што роўна праз тры месяцы, у гэты самы дзень, выпадзе першы снег i праляжыць больш за суткі. Здавалася б, калі незнаёмы i старэйшы за цябе чалавек нешта кажа, дык ты, прыезджы, паслухай i, можа, прамаўчы… Аднак гэты новы начальнiк не з такiх быў. Дзядзьку Зыгмунда ён проста на смех падняў:
— Свой празорца знайшоўся! Зараз прагнозы можна не слухаць, у газетах не чытаць...
I палова бяды, каб ён пасмяяўся ды забыўся. А то ж не! Амаль пры кожнай сустрэчы пад’юджваў дзядзьку, цiкавiўся, што заўтра чакаецца (патоп ці землятрус). Прычым рабіў гэта не толькi з вока на вока, але i пры iншых людзях. Аднойчы хлопец стаў раіць сваім сяброўкам:
— Вы ж як у горад прыедзеце, дык адразу бяжыце па крамах, кажухi купляйце, бо восень сёлета зусiм кароткая будзе. Праз пару тыдняў снег ляжа! Дзядзька Зыгмунд дакладна абяцаў...
Тут тата не вытрываў.
— Слухай, хлопча, ці не памаўчаць табе? — спытаў ён у брыгадзiра. — Чакаць засталося зусiм нядоўга... Тады ўжо i пасмяешся. Што ты, браток, запяеш, калi снег i напраўду пойдзе?
— Як гэта пойдзе? — засмяяўся ў адказ брыгадзiр. — Адкуль?
— З неба, — спакойна адказаў яму тата.
I як у ваду паглядзеў, бо ў «назначаную» дзядзькам ранiцу ўсё i сапраўды пакрылася белай пуховай коўдрай, у зiмовыя снежныя «шапкi» прыбралiся чырвоныя вяргiнi, яблыкi... Зямлю вакол стала не пазнаць! Бедны брыгадзiр не мог зразумець, адкуль Зыгмунд мог ведаць пра першы снег. А тата над гэтым пытаннем галаву не ламаў, проста спытаўся. Зыгмунд з ахвотай адказаў, што зрабiць прагноз наконт першага снегу здольны той, хто жыве каля рэчкi i любiць за ёй назiраць, а значыць, можа заўважыць, як на ваду падаюць белыя летнiя матылi і пакрываюць яе, нiбы коўдрай... Зыгмунд зазначыў, што праз тры месяцы пасля гэтага — дзень у дзень — пойдзе снег i пратрымаецца роўна столькi, колькi праляжыць «покрыва» (Паводле Г. Кагарка).

Перабудуйце канструкцыі з простай мовай, ужытыя ў тэксце, у канструкцыі з ускоснай, канструкцыі з ускоснай мовай з тэксту — у канструкцыі з простай мовай. Запішыце ўтвораныя канструкцыі.

Практыкаванне 9

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып. Падбярыце назву ў адпаведнасці з тэмай.

Вера дабралася ў Гомель напрыканцы студзеня.сн Машыніст паравоза, які пашкадаваў яе і з Рэчыцы падвёз да першых гомельскіх будынкаў, асабліва ні пра што не дапытваўся. Але папярэдзіў, што на чыгуначным вузле дзейнічаюць паліцэйскія.
— Кажух, гляджу, у цябе, дзеўка, добры, з цэльнай аўчыны. Беражыся...
— А што такое, дзядзько? — здзівілася Вера.
— Дык ты паляшучкасл, гляджу? — усміхнуўся пажылы машыніст. — Мая жонка таксама адтуль, гаворка ў вас такая адметная. Куды дабіраешся, нябога?
— Ды, дзядзько, мужа шукаю. Кажуць, недзе побач з вакзалам жыве, — сказала Вера.
Машыніст папярэдзіў, каб была ўважлівай:
— У горадзе аб’явілі збор цёплых рэчаў, а кажух у цябе зайздросны.
— Дык што ето, могуць адабраць? Сярод зімы? — Вера здзівілася пачутаму.
— Адбяруць, і не пікнеш! Немцы стварылі спецкаманды з паліцэйскіх, каб забяспечыць сваіх салдат зімовым абмундзіраваннем. Сама разумееш, добраахвотнікаў апранаць іх салдат знайшлося мала. Дык гэтыя паліцэйскія каторы дзень абыходзяць хаты і забіраюць адзежу, абутак, прадукты, фураж. Ды і немцы, гляджу, не грэбуюць нічым. Вунь жонка мне ўчора расказвала, праз акно бачыла, як на вуліцы гэтыя марадзёры мужчыну і жанчыну распранулі ажно да ніжняй бялізны.
— Страшна... — спалохалася Вера і замаўчала.
Калі пад’ехалі да Гомеля, машыніст расказаў ёй, як дабрацца да вакзала, мінаючы тыя месцы, дзе могуць быць немцы ці паліцэйскія. Заадно сказаў, што можа давезці да Рэчыцы, калі яна ўздумае вяртацца. Вера падзякавала добраму чалавеку (Паводле У. Гаўрыловіча).

Пра які час расказваецца ў тэксце? Якія адносіны ў людзей да акупантаў? Што можна сказаць пра машыніста?
Якую ролю адыгрываюць у тэксце словы простай мовы?
Прывядзіце прыклад твора беларускай літаратуры, у якім перадаюцца асаблівасці мясцовай гаворкі.
Перабудуйце выдзелены сказ у канструкцыю з простай мовай.

Практыкаванне 10

Прачытайце тэкст. Вызначце яго тып і стыль. Растлумачце назву тэксту.

Дзяўчына-маці

На дварэ бразнулі варотцы. Маці і дачка ўздрыгануліся. Чаго — самі не ведалі. Але такі ўжо час.
— Паглядзі, Ліза, хто там...
Ля акна мільганула галава дзяўчыны ў чорнай шапачцы.
— Дзяўчына? Да каго? — здзівілася маці.
Тым часам у сенцах пачуліся крокі, затым стук у дзверы — і дзяўчына ўвайшла ў пакой.
— Маня?! — усхапілася Ліза і кінулася абдымаць госцю. — Якім чынам?
— У мяне ёсць да цябе справа, — сказала дзяўчына такім тонам, што Ліза адразу спахмурнела.
— Хадзем тады ў мой куток, — сказала яна.
Да вайны Ліза вучылася ў дзявятым класе. Сцішыўшы голас, Маня сказала:
— Ведаеш, я бачыла Рэню.
— Дзе? — зацікавілася Ліза.
— Там... У лагеры... Я ішла па вуліцы — і раптам чую: «Маня!». Гляджу — за агароджай яна, з дзіцём на руках. Я азірнулася — немца не відаць. Падышла. А яна са слязьмі кажа: «Мне засталося жыць, можа, якія гадзіны... Але страшней за самую лютую смерць — ведаць, што загіне маё нявіннае дзіця... Каб хто выратаваў, узяў яго... Падумай, Маня!» Я скамянела, не ведала, што казаць. У нас у хаце поўна дзяцей. Сама ведаеш, як мы жывём... Слёзы пакаціліся ў мяне з вачэй, а я не магу нічога сказаць. А тут немец павярнуўся і ідзе да нас. Тады яна кажа: «Я разумею цябе... Скажы Лізе. Яна для мяне самы блізкі чалавек. Можа, заўтра не будзе позна... Заўтра, тут, у гэты час...»
Маня гаварыла дрыжачым шэптам, апусціўшы вочы. Ліза, не варухнуўшыся, глядзела некуды ў кут, з вачэй яе павольна каціліся слязінкі. Маня нясмела падняла на яе вочы:
— Што рабіць, га?
Ліза павярнулася да яе і строга сказала:
— Заўтра ты правядзеш мяне на тое месца.
— Добра, — пакорна адказала Маня.
Маня выйшла. Ліза засталася сядзець на месцы. Перад яе вачыма паўстаў вобраз Рэні. Рэня была старэйшая за Лізу на два гады, працавала важатай. Летась Рэня выйшла замуж і перайшла на другую работу. Сустракацца яны сталі радзей. Ад знаёмых Ліза чула, што ў Рэні нарадзіўся сын. Калі пачалася вайна, Ліза ўжо нічога не ведала пра сваю сяброўку. І вось цяпер даведалася... Яна там, куды загнаны тысячы людзей, адкуль выхаду няма... Трэба пагаварыць з мамай. Але матчына сэрца ўжо само нешта адчула.
— Што ты зашылася там, як мыш? — пачуўся яе голас. — Што яна табе сказала?
У пакойчык увайшла жанчына гадоў пад пяцьдзясят. Ліза прытулілася да матчыных грудзей і сказала:
— Мама, ты ведаеш Рэню?
— Вашу важатую? Памятаю.
— Яна цяпер у лагеры... Схопленая... І ў яе малое дзіця на руках...
— Не шкадуюць, людаеды, ні малых, ні старых, — сумна сказала маці.
— Мы павінны выратаваць хоць гэта дзіця, — сказала Ліза, пазіраючы на маці знізу ўверх.
— Што ты кажаш?! — адхіснулася маці. — Як гэта зрабіць?
— Я заўтра пайду і вазьму яго.
— Куды ты пойдзеш? Цябе немцы заб’юць!..
— Узяць можна — праз агароджу.
Маці зусім разгубілася.
— Куды мы з ім дзенемся? Даведаюцца — і мы ўсе загінем.
— Трэба зрабіць, каб не ведалі.
— Дзіцё малое. Што мы з ім будзем рабіць?
— Не ведаю.
Маці з дакорам паківала галавой.
— Вось у тым і справа, што ты кажаш, чаго сама не ведаеш. Яно зусім малое.
— Мама! Там жа горшая бяда.
Маці заміргала вачыма і прамовіла:
— Ведаю я гэта, але што мы можам зрабіць?
— Мы можам выратаваць хоць аднаго чалавека.
Маці горка ўсміхнулася.
Цяпер толькі зразумела Ліза, якая складаная гэта справа. Адна рэч — захацець дапамагчы, а зусім другая — як гэта зрабіць.
Заўтра Рэня будзе чакаць яе...
Калі Ліза падышла да Рэні, тая заплакала. То былі слёзы не толькі гора, але і радасці.
— Прыйшла!.. — загаварыла яна дрыжачым голасам. — Дзякую табе... Возьмеш? — і яна з такой мальбой паглядзела на Лізу, што і ў той пакаціліся слёзы.
— Вазьму, вазьму, — паспяшыла яна адказаць.
— Бяры... хутчэй... А то ўбачаць і адбяруць.
Уся трасучыся, Рэня апошні раз прыціснула да грудзей сваё дзіця, потым спешна пачала прасоўваць яго праз калючы дрот. Калі дзіця было ўжо на руках Лізы, Рэня ўсклікнула:
— А цяпер мне нічога не страшна! (Паводле Я. Маўра).

Якую праблему давялося вырашаць Лізе?
Якую ролю адыгрываюць у тэксце канструкцыі з простай мовай?
Перабудуйце выдзеленыя канструкцыі з простай мовай у канструкцыі з ускоснай мовай. Запішыце.
Падрыхтуйце паведамленне на адну з тэм: «Праблема маральнага выбару», «Помнікі ахвярам Вялікай Айчыннай вайны».

Практыкаванне 11

Прачытайце тэкст, вызначце яго стыль. 

У Петрыкаве, у гарадскім скверы, стаіць помнік славутаму земляку, легендарнаму партызану Васілю Ісакавічу Талашу. На гэты раз па дарозе да помніка прыгадалася, як Талаш ці то жартам, ці то сур’ёзна гаварыў, што гэта не Якуб Колас праславіў яго, зрабіўшы героем аповесці «Дрыгва», а ён праславіў пісьменніка... Гаварыў, што каб не напісаў Колас пра Талаша, то пісьменніка ніхто і не ведаў бы. Але такое выказванне, пагадзіцеся, падкрэслівае дасціпнасць старога, чым ён, па сведчанні сучаснікаўсл, і вылучаўся. Помнік, зроблены Заірам Азгурам, падабаецца людзям. Быццам і сёння аглядае мудры селянін-паляшук родныя абшары — лясы, луг, роўнядзь Прыпяці... І задаволена жмурыць вочы: усё добра на Радзіме! (Паводле В. Ткачова).

Назавіце канструкцыі з ускоснай мовай. Перабудуйце іх у канструкцыі з простай мовай і запішыце. Растлумачце афармленне запісаных канструкцый.
Растлумачце напісанне выдзеленых слоў.
Раскрыйце значэнні слоў легендарны, дасціпнасць.

Практыкаванне 199

 Прачытайце. Якім спосабам перададзена чужая мова? Назавіце іншы спосаб перадачы чужой мовы. Пабудуйце схемы канструкцый з простай мовай, выкарыстоўваючы літары П (п) для абазначэння простай мовы, А (а) — для абазначэння слоў аўтара.

І. 1. Сястра глянула на Галіну Адамаўну. Той хацелася крыкнуць: «Не трэба! Не выходзь!» (І. Шамякін). 2. «Чаму і завошта?» — пыталася яна [Сцепаніда] ў сябе, не знаходзячы, аднак, адказу, і думкі яе ішлі далей, у глыб перажытага (В. Быкаў). 3. «Мама, купі мне гэтую кніжку!» — амаль патрабуе малая (В. Шніп). 4. «Дарога, вандроўка — самае лепшае лякарства ад усякіх напасцей», — зазначае сам сабе Лабановіч і сам сабе ціха ўсміхаецца (Я. Колас). 5. «Стой, брат! — прыпыніў я самога сябе. — Аглух ты сёння, ці што?» (Я. Брыль). 6. «Я рад, пан Савіч, што вы разумееце, — узрадаваўся Грот. — Не, мы не жорсткія. Мы мяккія і добрыя» (І. Шамякін). 7. «Бывай жа, родная засень і родная хата, — думае ён, — і ты, маці, не глядзі так трывожна ўслед» (М. Стральцоў).
ІІ. 1. Аляксандр падаў руку:
— Добры дзень!
2. — Мама, дзе наш тата?— запытала Слава (К. Чорны).
3. — Так, так... — смяецца Валя і радасна махае рукою (В. Супрунчук).
4. — Гэта забабоны, — махнуў рукой Косця (У. Гніламедаў).
5. — Куды ж вы так спяшаецеся? — сказала Вольга Сцяпанаўна. — Жонкі вас чакаюць ці дзеці плачуць? (Я. Колас).
6. — Бачыце, які прыгожы сёння дзень! — ухваляючы ранішняе сонейка, добры настрой і добрую дзяўчыну, гаварыў хлопец. — І білет вы купілі, пэўна, шчаслівы! (І. Тулупава).
7. — Гэта мой апошні тут вечар, — казала сама сабе Ядвіся. — І я не ўбачу яго! (Я. Колас).
8. — І цяпер, дзядуля, там, за Нёманам, у пушчы, — зазначыў хлопец, — лясы напоўнены птушыным і звярыным жыццём... (М. Бусько).

Чым адрозніваецца афармленне канструкцый з простай мовай пад лічбай І і пад лічбай ІІ?
Сфармулюйце правілы пунктуацыйнага афармлення канструкцый з простай мовай.

Знакі прыпынку ў канструкцыях з чужой мовай

Простая мова на пісьме перадаецца л і н е й н ы м (у радок) або н е  л і н е й н ы м (каскадным) спосабам.
У канструкцыях з простай мовай знакі прыпынку ставяцца ў залежнасці ад спосабу перадачы і месца слоў аўтара, якія ўводзяць простую мову.
• Калі простая мова запісваецца ў радок, то яна бярэцца ў двукоссе: Званы Хатыні, мемарыял у Брэсцкай крэпасці-героі нагадваюць жывым людзям: «Людзі! Помніце! Не дапусціце новай бойні!» (У. Ліпскі).
У двукоссе бярэцца нявыказаная простая мова, пры якой у складзе слоў аўтара ёсць дзеяслоў думаць (падумаць) або іншыя словы, спалучэнні слоў і сказы са значэннем думкі, разважання і да т. п.: Нерухомы чалавек усё глядзеў на Алеся і ацэньваў: «Да чаго падобны на прадзеда, на Акіма...» (У. Караткевіч).
• Перад простай мовай, якая пачынаецца з абзаца, ставіцца працяжнік:
Матулін ганак рыпка скажа:
— Дома! (М. Мятліцкі).
• Калі словы аўтара стаяць перад простай мовай, то пасля іх ставіцца двукроп’е: І гавару я: «Слова, ты гучы! І хай маўчаць гарматы і мячы!» (А. Вярцінскі).
Ганна памарудзіла трохі, потым спытала:
— Ну, а як вы, цётка Матруна? (І. Чыгрынаў).
• Калі словы аўтара ідуць за простай мовай, то ў адпаведнасці з інтанацыяй у канцы простай мовы ставіцца пытальнік, клічнік, шматкроп’е або коска (на месцы кропкі), а пасля іх — працяжнік. Словы аўтара пішуцца з малой літары:
— Вярніся, неслух! — пачуў ён дзедаў загад, але і не падумаў спыніцца (І. Мележ).
«Самота мая незямная...» — не першы так раз я кажу... (В. Шніп).
— Ідуць, — шапнуў стары (Я. Брыль).
• Калі словы аўтара перарываюць простую мову, падзяляючы яе на дзве часткі, то перад словамі аўтара ў залежнасці ад інтанацыі першай часткі простай мовы ставіцца пытальнік, клічнік, шматкроп’е або коска, затым — працяжнік, а пасля слоў аўтара — кропка і працяжнік (калі першая частка простай мовы з’яўляецца закончаным сказам) або коска і працяжнік (калі першая частка простай мовы не з’яўляецца закончаным сказам): «Што мы стаім?— схамянулася Каця. — Ехаць трэба» (В. Хомчанка).
— Ну то заходзьце, — сказала бабуля, сустракаючы нас у двары ля парога, — заходзьце ў хату, разам і павячэраем (Л. Валасюк).
• Калі ў словах аўтара ўжываюцца два дзеясловы са значэннем маўлення, адзін з якіх адносіцца да першай часткі простай мовы, а другі — да другой, то пасля слоў аўтара ставіцца двукроп’е і працяжнік: «Ведаеш, мама, каго я прывяла? — весела сказала дачка і таемна прашаптала: — Гэта той самы госць, якога мы ўсе калісьці ратавалі ад немцаў» (Я. Маўр).
— Тут усе свае, заводскія, — заспакоіў ён [Ваня] мяне і амаль загадаў: — Расказвай, што здарылася! (М. Горцаў).
• Калі ў складзе слоў аўтара, што стаяць перад простай мовай, адсутнічаюць дзеясловы са значэннем маўлення, думкі або блізкія да іх па значэнні, то ў канцы слоў аўтара ставіцца кропка:
Маці дазволіла яму паехаць у горад, у госці да цёткі Алены. «Няхай сын сходзіць у музей, у цырк, паглядзіць, што новага ў сталіцы» (П. Кавалёў).
Бабуля павесіла кош на плот, вымыла рукі ў вядры, што стаяла каля калодзежа, паглядзела на неба.
— Моцная, відаць, будзе навальніца, з грымотамі і градам (М. Дубоўскі).
• З абзацнага водступу ставіцца працяжнік перад кожнай рэплікай пры афармленні простай мовы ў форме дыялогу:
— Як там Алесь? — спытаў дзед.
— Падняўся ўжо ад грушы на сцежку. Ідзе сюды,— змрочна сказаў Павал (У. Караткевіч).
• Калі некалькі рэплік запісваюцца ў радок без указання, каму яны належаць, то паміж імі ставіцца працяжнік і кожная з іх бярэцца ў двукоссе: «Што ты гаворыш, сынок? Хто нам яе [хату] пабудуе?» — «Я пабудую» (Л. Екель).

Практыкаванне 200

Прачытайце вершы, вызначце іх асноўную думку. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў канструкцыях з простай мовай. Складзіце схемы канструкцый з простай мовай.

Я помню, як ты юны, закаханы
Мне прызначаў над Прыпяццю спатканне.
Казаў: «Што будзе з намі — невядома,
Я ад’язджаюф з бацькавага дому,
Давай пасадзім дрэўцы для ўспаміну,
Я пасаджу дубок, а ты — рабіну».
Паехаў ты, і пасля бур-навалаў
Рабінка маладзенькая завяла.сн
Дубок трывожна пахіліў галінкі,
Нібы пытаўся: «Што з табой, дзяўчынка?»
Рабіначку на досвітку крамяным
Дубок паіў расой, а я — слязамі.
Гарнуў дубочак лю̀бую да сэрца,
І на світанні акрыяла дрэўца.
Рабіначка закрасавала ўранні,
Каб век не гасла, каб жыло каханне...
Ты — мужны дуб, а я — твая рабіна,
Шумім лісцём у згодзе лебядзінай.
                                                Г. Дашкевіч.

Паглядамі сустрэліся на хвілю:
«Ну як жыццё?» — «Змагаемся паціху...»
Зноў — хто куды. Нат не пагаварылі.
Адно руку паціснулі на ўздыху.

«Бывай, бывай!..» — «Мо ўсё ж — да пабачэння?..»
Дасць Бог, яшчэ звядуць нас пуцявіны
І мы з табой папросім прабачэння
За несустрэч балючыя хвіліны.
                                             М. Шабовіч.

Практыкаванне 201

Запішыце ў адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі народныя выслоўі пра надвор’е, прыроду.

1. Авёс кажа Кінь мяне ў гразь, то будзеш князь. 2. Восень кажа Ураджу а вясна кажа Яшчэ пагляджу. 3. Мароз казаў І ў маі тры дні маю. 4. Піліпаўскі лёд кажа Хоць трашчу, але не пушчу. 5. Юрый сказаў Жыта ўраджу а Мікола Пачакай, пагляджу.

Практыкаванне 202

Прачытайце тэкст, вызначце яго асноўную думку. Чаму ручнік называюць дарогай у неба? Што вы ведаеце пра сімволіку ўзораў ручніка? У якіх абрадах беларусаў і з якой мэтай выкарыстоўваецца ручнік? Спішыце тэкст, расстаўляючы прапушчаныя знакі прыпынку, і растлумачце іх пастаноўку.

Дарога ў неба

Неглюбскія ручнікі ўсё роўна што слуцкія паясы. З адной толькі розніцай: апошнія захаваліся фрагментарна*, першыя — ва ўсёй красе наіўнай даўніны.
Еду ў Ветку з надзеяй на знакаміты музей. На шырокай лесвіцы музея мяне сустракае Ларыса Раманава, вядучы навуковы супрацоўніксл, і зазначае
У Неглюбцы гавораць што ручнік — гэта дарога ў неба. Варта толькі паглядзець на арнамент. Знатакі сцвярджаюць што ў ім зашыфравана мова зносін з вышэйшымі сіламі.
На «музейным» аўтамабілі слізгочам па ўезджанай снежнай дарозе ў аграгарадок Неглюбку.
Ручнікі, вытканыя па мясцовых традыцыях, напоўнены арнаментальнымі знакамі самым старажытным з якіх некалькі тысяч гадоў мая спадарожніца Ларыса Раманава дастае з сумкі старажытнае палатно якое вязе «расшыфроўваць» у Неглюбку Як бярвенне было асноўным будаўнічым матэрыялам хаты так і ручнікі з’яўляліся своеасаблівым будаўнічым матэрыялам унутранай прасторы хаты і духоўнай прасторы сям’і.
Сапраўдных майстрых захавальніц вясковага рамяства ў Неглюбцы яшчэ можна адшукаць. Соф’я Астапенка сустракае нас ля варот.
Праходзьце. Кросны яшчэ не ставіла. Але сяду з дня на дзень. Душа просіць шчыра прызнаецца яна.
А ў пакоі погляд адразу гіпнатызуе сапраўднае чырвоны кут з іконай прыбранай ручнікамі. І сярод іх неглюбскі з тысячы адрозніш.
З маці яго ткалі, калі мне гадоў 12 было. Выцвіў трошкі берагу.
Ахвотна нам выкладвае сваё багацце дзецям і ўнукам наткала.
Я ўжо мала чаго памятаю з матчыных слоў якія знакі ды аб чым хавае пад хустку сівыя пасмы гэта ўжо пажылая жанчына Але без абраза і ручнікоў дом для мяне безабаронны атрымліваецца пусты. А ручнік дзетка жывы гэта ж дарога да неба і вяртанне з яго (Паводле В. Дралюк).

Практыкаванне 203

Прачытайце тэкст. Падбярыце загаловак у адпаведнасці з асноўнай думкай.

Праз пэўны час на бераг выйшлі юныя вандроўнікі. Хлопцы пазадзіралі галовы, разглядваючы дрэвы ў лесе. Нізкая таполя, на якой уладкавалася адзінокая варона, іх не зацікавіла, куды больш усхвалявалі іх вершаліны елак і соснаў. Першым агучыў сваю трывогу Віктар
У мяне благое прадчуванне.
У мяне таксама прамовіў Мірон.
Вы пра што ўстрывожылася Юлька.
Здаецца, мы высадзіліся на востраве змрочна сказаў Віктар.
З чаго ты ўзяў ускіпела сястра.
Прыгледзься да старых хвой указаў на дрэвы Мірон З поўначы іх кроны пакрыты мохам. А з паўднёвага боку — чыстыя.
Для Юлькі ўсе дрэвы ў лесе былі аднолькавыя.
І што гэта азначае паціснула яна плячыма.
Што мы апісалі круг.
Ты ўпэўнены гатова была расплакацца Юлька.
Дрэвы не падманваюць. Калі мы выйшлі з месца начлегу, мох рос на хвоях з паўднёвага боку. А цяпер — з паўночнага.
Значыць, мы вернемся туды, дзе начавалі жахнулася Юлька.
Але паныла сказаў Мірон.
Не хачу туды вяртацца заверашчала Юлька Мне там не падабаецца! Прыдумайце што-небудзь!
Сонца мінула зеніт. Сціх вецер, і ад балота хмарай падняліся камары, якія закружыліся над галовамі падлеткаў, палезлі ў нос, у вочы, у валасы. Юныя падарожнікі наламалі галінак з кустоў і, адмахваючыся імі, таропка пабрылі па беразе.
З поўначы нас аддзяляе ад вёскі разліў Прыпяці ўголас разважаў Віктар З поўдня — балота. Мусіць, трэба высветліць: можна яго прайсці або не? Што ты думаеш на гэты конт, Мірон? Што рабіць? (Паводле Я. Конева).

Як вы думаеце, што адказаў Мірон?
Запішыце канструкцыі з простай мовай у адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі.
Растлумачце напісанне выдзеленых слоў.
Раскрыйце значэнне слова зеніт.

Практыкаванне 204

Прачытайце тэкст. Перакладзіце яго на беларускую мову.

Важнейший ориентир

В безоблачную погоду сориентироваться на местности поможет солнце. Ровно в полдень оно указывает направление точно на юг в любом месяце года. До этого времени солнце находится в юго-восточном секторе небосвода, а после — в юго-западном. В день осеннего равноденствия солнце восходит на востоке точно в 7 часов, а заходит на западе в 19 часов. В 10 часов оно указывает направление на юго-восток, а в 16 находится в юго-западном секторе небосвода (По А. Русаленко).

Растлумачце напісанне выдзеленых слоў у перакладзе на беларускую мову.
Выкарыстоўваючы матэрыялы гэтага і папярэдняга практыкаванняў, дадатковую літаратуру, падрыхтуйце паведамленне пра арыенціры на мясцовасці.

Практыкаванне 205

Прачытайце. Аформіце канструкцыі з простай мовай у адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі лінейным спосабам.

1. Сынаў адказ быў заўсёдным і лаканічным / Неяк пражыву! (Ю. Зарэцкая). 2. Дзік! / міжволі падумалася хлопцу / Хутчэй за ўсё, дзік! (Г. Аўласенка). 3. Не пашчасціла сёння. Так бывае. Але надзея ёсць, а без яе не варта на раку выбірацца / разважаў рыбак (М. Бусько). 4. Ну нашто табе / скажуць мне гэтак / у чужое жытло заглядаць? (М. Кулеш). 5. Усім патрэбна ўвага. І бярозе таксама / падумалася жанчыне (У. Цішуроў). 6. Раскажыце цікавае пра партызан / папрасіла дзяўчына. 7. А цяпер я думаю / Як жа добра і правільна, нават бездакорна ўсё склалася. Якое яно мудрае, жыццё... (Т. Шымко). 8. Старажытны мудрэц павучае / Што заўсёды ў руху, тое вечнае (У. Ліпскі). 9. Напэўна, нядаўна маланка пацэліла, падпаліла / падумаў Базыль (А. Якімовіч).

Практыкаванне 206

Прачытайце тэкст. Дайце яму загаловак у адпаведнасці з асноўнай думкай. Аформіце канструкцыі з простай мовай згодна з пунктуацыйнымі нормамі лінейным спосабам.

Паснедаць Сцяпану Ануфрыевічу, як меркаваў, не ўдалося. Толькі ён пераступіў парог хаты, як мілагучна заспяваў «Паланэз Агінскага» мабільнік. Хто б там мог быць Сцяпан Ануфрыевіч не без хвалявання паднёс да вуха тэлефон. Павіталіся. Ты дзе, сынку Амаль дома я баця. Тры кіламетры якіх не даехаў да цябе. Слізка, машыну занесла, і я ўляцеў у кювет. Але ты не хвалюйся, усё добра. І са мной, і з машынай. Снег свежы, мяккі. Толькі выбрацца сам не магу... Сеў моцна. Схадзі, баця, папрасі Віцю Бародкіна, хай выцягне сваім «Беларусам». Адным словам, ты мяне зразумеў. Чакаю А чаго ты надумаўся так рана, ды ў такое надвор’е Снегу ж намяло — свету белага не бачна. Неслух ты, Ануфрый! Чаго-чаго? Ды за табой жа еду.
Сцяпан Ануфрыевіч адарваў мабільнік ад вуха, прабурчэў сам сабе За мной ён едзе. Ну, і што ты яму, сыну, скажаш? Даў жа ад варот паварот, а ён, бачце, усё роўна, сваю лінію гне. Баіцца, што замерзну я тут адзін... Я ж і кажу: неслух... (Паводле В. Ткачова).

Чаму Сцяпан Ануфрыевіч называе сына неслухам?
Раскрыйце значэнні слоў паланэз, кювет.
Карыстаючыся дадатковай літаратурай, падрыхтуйце паведамленне пра Міхала Клеафаса Агінскага.

Практыкаванне 207

Прачытайце. Аформіце канструкцыі з простай мовай у адпаведнасці з пунктуацыйнымі нормамі нелінейным спосабам.

1. Больш нічога не гавары, хопіць... / папрасіла я (Г. Васілеўская). 2. Ведаю я Маню Праневіч, але вучуся на іншым факультэце / прамовіла дзяўчына і дадала / Гэта толькі на кафедры могуць сказаць, у якой аўдыторыі яна цяпер (Р. Баравікова). 3. Надыходзіць зіма... / прамовіў юнак, звяртаючыся немаведама да каго / Чарговы год падыходзіць да лагічнага завяршэння (С. Мацін). 4. Аліна павярнулася да Тані / Таня, ты запомніла адрас, па якім адвозіла чамадан (А. Беланожка). 5. Лаўрэн Ігнатавіч / спытала незнаёмка / Я са школы мастацтваў. Мы паўгадзіны назад размаўлялі па тэлефоне (І. Карэнда). 6. Я таксама рады / запэўніў Забаронак / Надзвычай рады. І за сябе, і за вас (І. Клімянкоў). 7. Што за віна / папытаўся Сярожа (В. Гардзей). 8. Заплакала маці. Ён абняў яе за плечы / Мама, не плач... Я ўсё зразумеў... (Д. Пятровіч). 9. Ах, якое сёння неба зорнае / усклікнуў Валодзя (Л. Левановіч). 10. Ах, час, час / задуменна вымавіла я, калі разглядала свае дзіцячыя рэчы / Як павольна ты цягнешся ў дзяцінстве і хутка ляціш у дарослым жыцці (Т. Дземідовіч). 11. Ноччу будзе мароз / запэўніў Сяргей Сталетнік, выйшаўшы разам з усімі (У. Гніламедаў). 12. Яшчэ пяць хвілін — і паварочваем назад / умольна зірнула на брата Юля і крыкнула / Бачу наперадзе лес (Я. Конеў).

Практыкаванне 208

Прачытайце тэкст. Прозвішчы яшчэ якіх беларускіх спартсменаў занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса? Запішыце дыялог, дапісваючы словы аўтара і расстаўляючы знакі прыпынку.

Аднойчы беларускі фехтавальшчык, алімпійскі чэмпіён і прызёр, дзесяціразовы чэмпіён свету Аляксандр Раманькоў папрасіў прадаўшчыцу кнігарні даць яму паглядзець Кнігу рэкордаў Гінеса. Але атрымаў адмову
Кнігу трэба распячатваць яна ж упакавана ў плёнку
Там напісана пра мяне
Так я і паверыла
Сапраўды
Добра. Але калі вас там не акажацца вы купіце кнігу
На тым і вырашылі. Упакоўку дарагога выдання распячаталі. І якое ж было здзіўленне прадаўшчыцы, калі са старонкі кнігі на яе глядзеў гэты самы дзіўны пакупнік... (А. Ванковіч).

Практыкаванне 209

Пабудуйце паводле прапанаваных схем канструкцыі з простай мовай на тэму «Нечаканая сустрэча».

1. «П?» — а. 2. «П, — а, — п». 3. А: «П!» 4. «П! — а: — П».

Выкарыстоўваючы канструкцыі з простай мовай, напішыце сачыненне-апавяданне на адну з тэм: «Экскурсія ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі», «Экскурсія ў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь» і да т. п.