*§ 0-15. Чужая мова, спосабы яе перадачы. Сінаніміка сказаў, якія перадаюць чужую мову, яе стылістычныя магчымасці. Сэнсава-стылістычная роля канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 10

Прачытайце тэкст. Вызначце яго тып і стыль. Растлумачце назву тэксту.

Дзяўчына-маці

На дварэ бразнулі варотцы. Маці і дачка ўздрыгануліся. Чаго — самі не ведалі. Але такі ўжо час.
— Паглядзі, Ліза, хто там...
Ля акна мільганула галава дзяўчыны ў чорнай шапачцы.
— Дзяўчына? Да каго? — здзівілася маці.
Тым часам у сенцах пачуліся крокі, затым стук у дзверы — і дзяўчына ўвайшла ў пакой.
— Маня?! — усхапілася Ліза і кінулася абдымаць госцю. — Якім чынам?
— У мяне ёсць да цябе справа, — сказала дзяўчына такім тонам, што Ліза адразу спахмурнела.
— Хадзем тады ў мой куток, — сказала яна.
Да вайны Ліза вучылася ў дзявятым класе. Сцішыўшы голас, Маня сказала:
— Ведаеш, я бачыла Рэню.
— Дзе? — зацікавілася Ліза.
— Там... У лагеры... Я ішла па вуліцы — і раптам чую: «Маня!». Гляджу — за агароджай яна, з дзіцём на руках. Я азірнулася — немца не відаць. Падышла. А яна са слязьмі кажа: «Мне засталося жыць, можа, якія гадзіны... Але страшней за самую лютую смерць — ведаць, што загіне маё нявіннае дзіця... Каб хто выратаваў, узяў яго... Падумай, Маня!» Я скамянела, не ведала, што казаць. У нас у хаце поўна дзяцей. Сама ведаеш, як мы жывём... Слёзы пакаціліся ў мяне з вачэй, а я не магу нічога сказаць. А тут немец павярнуўся і ідзе да нас. Тады яна кажа: «Я разумею цябе... Скажы Лізе. Яна для мяне самы блізкі чалавек. Можа, заўтра не будзе позна... Заўтра, тут, у гэты час...»
Маня гаварыла дрыжачым шэптам, апусціўшы вочы. Ліза, не варухнуўшыся, глядзела некуды ў кут, з вачэй яе павольна каціліся слязінкі. Маня нясмела падняла на яе вочы:
— Што рабіць, га?
Ліза павярнулася да яе і строга сказала:
— Заўтра ты правядзеш мяне на тое месца.
— Добра, — пакорна адказала Маня.
Маня выйшла. Ліза засталася сядзець на месцы. Перад яе вачыма паўстаў вобраз Рэні. Рэня была старэйшая за Лізу на два гады, працавала важатай. Летась Рэня выйшла замуж і перайшла на другую работу. Сустракацца яны сталі радзей. Ад знаёмых Ліза чула, што ў Рэні нарадзіўся сын. Калі пачалася вайна, Ліза ўжо нічога не ведала пра сваю сяброўку. І вось цяпер даведалася... Яна там, куды загнаны тысячы людзей, адкуль выхаду няма... Трэба пагаварыць з мамай. Але матчына сэрца ўжо само нешта адчула.
— Што ты зашылася там, як мыш? — пачуўся яе голас. — Што яна табе сказала?
У пакойчык увайшла жанчына гадоў пад пяцьдзясят. Ліза прытулілася да матчыных грудзей і сказала:
— Мама, ты ведаеш Рэню?
— Вашу важатую? Памятаю.
— Яна цяпер у лагеры... Схопленая... І ў яе малое дзіця на руках...
— Не шкадуюць, людаеды, ні малых, ні старых, — сумна сказала маці.
— Мы павінны выратаваць хоць гэта дзіця, — сказала Ліза, пазіраючы на маці знізу ўверх.
— Што ты кажаш?! — адхіснулася маці. — Як гэта зрабіць?
— Я заўтра пайду і вазьму яго.
— Куды ты пойдзеш? Цябе немцы заб’юць!..
— Узяць можна — праз агароджу.
Маці зусім разгубілася.
— Куды мы з ім дзенемся? Даведаюцца — і мы ўсе загінем.
— Трэба зрабіць, каб не ведалі.
— Дзіцё малое. Што мы з ім будзем рабіць?
— Не ведаю.
Маці з дакорам паківала галавой.
— Вось у тым і справа, што ты кажаш, чаго сама не ведаеш. Яно зусім малое.
— Мама! Там жа горшая бяда.
Маці заміргала вачыма і прамовіла:
— Ведаю я гэта, але што мы можам зрабіць?
— Мы можам выратаваць хоць аднаго чалавека.
Маці горка ўсміхнулася.
Цяпер толькі зразумела Ліза, якая складаная гэта справа. Адна рэч — захацець дапамагчы, а зусім другая — як гэта зрабіць.
Заўтра Рэня будзе чакаць яе...
Калі Ліза падышла да Рэні, тая заплакала. То былі слёзы не толькі гора, але і радасці.
— Прыйшла!.. — загаварыла яна дрыжачым голасам. — Дзякую табе... Возьмеш? — і яна з такой мальбой паглядзела на Лізу, што і ў той пакаціліся слёзы.
— Вазьму, вазьму, — паспяшыла яна адказаць.
— Бяры... хутчэй... А то ўбачаць і адбяруць.
Уся трасучыся, Рэня апошні раз прыціснула да грудзей сваё дзіця, потым спешна пачала прасоўваць яго праз калючы дрот. Калі дзіця было ўжо на руках Лізы, Рэня ўсклікнула:
— А цяпер мне нічога не страшна! (Паводле Я. Маўра).

Якую праблему давялося вырашаць Лізе?
Якую ролю адыгрываюць у тэксце канструкцыі з простай мовай?
Перабудуйце выдзеленыя канструкцыі з простай мовай у канструкцыі з ускоснай мовай. Запішыце.
Падрыхтуйце паведамленне на адну з тэм: «Праблема маральнага выбару», «Помнікі ахвярам Вялікай Айчыннай вайны».