*§ 0-15. Чужая мова, спосабы яе перадачы. Сінаніміка сказаў, якія перадаюць чужую мову, яе стылістычныя магчымасці. Сэнсава-стылістычная роля канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 9

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып. Падбярыце назву ў адпаведнасці з тэмай.

Вера дабралася ў Гомель напрыканцы студзеня.сн Машыніст паравоза, які пашкадаваў яе і з Рэчыцы падвёз да першых гомельскіх будынкаў, асабліва ні пра што не дапытваўся. Але папярэдзіў, што на чыгуначным вузле дзейнічаюць паліцэйскія.
— Кажух, гляджу, у цябе, дзеўка, добры, з цэльнай аўчыны. Беражыся...
— А што такое, дзядзько? — здзівілася Вера.
— Дык ты паляшучкасл, гляджу? — усміхнуўся пажылы машыніст. — Мая жонка таксама адтуль, гаворка ў вас такая адметная. Куды дабіраешся, нябога?
— Ды, дзядзько, мужа шукаю. Кажуць, недзе побач з вакзалам жыве, — сказала Вера.
Машыніст папярэдзіў, каб была ўважлівай:
— У горадзе аб’явілі збор цёплых рэчаў, а кажух у цябе зайздросны.
— Дык што ето, могуць адабраць? Сярод зімы? — Вера здзівілася пачутаму.
— Адбяруць, і не пікнеш! Немцы стварылі спецкаманды з паліцэйскіх, каб забяспечыць сваіх салдат зімовым абмундзіраваннем. Сама разумееш, добраахвотнікаў апранаць іх салдат знайшлося мала. Дык гэтыя паліцэйскія каторы дзень абыходзяць хаты і забіраюць адзежу, абутак, прадукты, фураж. Ды і немцы, гляджу, не грэбуюць нічым. Вунь жонка мне ўчора расказвала, праз акно бачыла, як на вуліцы гэтыя марадзёры мужчыну і жанчыну распранулі ажно да ніжняй бялізны.
— Страшна... — спалохалася Вера і замаўчала.
Калі пад’ехалі да Гомеля, машыніст расказаў ёй, як дабрацца да вакзала, мінаючы тыя месцы, дзе могуць быць немцы ці паліцэйскія. Заадно сказаў, што можа давезці да Рэчыцы, калі яна ўздумае вяртацца. Вера падзякавала добраму чалавеку (Паводле У. Гаўрыловіча).

Пра які час расказваецца ў тэксце? Якія адносіны ў людзей да акупантаў? Што можна сказаць пра машыніста?
Якую ролю адыгрываюць у тэксце словы простай мовы?
Прывядзіце прыклад твора беларускай літаратуры, у якім перадаюцца асаблівасці мясцовай гаворкі.
Перабудуйце выдзелены сказ у канструкцыю з простай мовай.