*§ 0-15. Чужая мова, спосабы яе перадачы. Сінаніміка сказаў, якія перадаюць чужую мову, яе стылістычныя магчымасці. Сэнсава-стылістычная роля канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 8

Прачытайце тэкст. Вызначце яго асноўную думку і тып маўлення. Назавіце канструкцыі, якія перадаюць чужое маўленне.

Белыя матылі

Некалi даўно, здаецца, на пачатку сямiдзясятых, у нашу вёску прыехаў новы брыгадзiр. Адзiн з вяскоўцаў прыйшоў на знаёмства апошнi i ледзь не з парога заявiў, што роўна праз тры месяцы, у гэты самы дзень, выпадзе першы снег i праляжыць больш за суткі. Здавалася б, калі незнаёмы i старэйшы за цябе чалавек нешта кажа, дык ты, прыезджы, паслухай i, можа, прамаўчы… Аднак гэты новы начальнiк не з такiх быў. Дзядзьку Зыгмунда ён проста на смех падняў:
— Свой празорца знайшоўся! Зараз прагнозы можна не слухаць, у газетах не чытаць...
I палова бяды, каб ён пасмяяўся ды забыўся. А то ж не! Амаль пры кожнай сустрэчы пад’юджваў дзядзьку, цiкавiўся, што заўтра чакаецца (патоп ці землятрус). Прычым рабіў гэта не толькi з вока на вока, але i пры iншых людзях. Аднойчы хлопец стаў раіць сваім сяброўкам:
— Вы ж як у горад прыедзеце, дык адразу бяжыце па крамах, кажухi купляйце, бо восень сёлета зусiм кароткая будзе. Праз пару тыдняў снег ляжа! Дзядзька Зыгмунд дакладна абяцаў...
Тут тата не вытрываў.
— Слухай, хлопча, ці не памаўчаць табе? — спытаў ён у брыгадзiра. — Чакаць засталося зусiм нядоўга... Тады ўжо i пасмяешся. Што ты, браток, запяеш, калi снег i напраўду пойдзе?
— Як гэта пойдзе? — засмяяўся ў адказ брыгадзiр. — Адкуль?
— З неба, — спакойна адказаў яму тата.
I як у ваду паглядзеў, бо ў «назначаную» дзядзькам ранiцу ўсё i сапраўды пакрылася белай пуховай коўдрай, у зiмовыя снежныя «шапкi» прыбралiся чырвоныя вяргiнi, яблыкi... Зямлю вакол стала не пазнаць! Бедны брыгадзiр не мог зразумець, адкуль Зыгмунд мог ведаць пра першы снег. А тата над гэтым пытаннем галаву не ламаў, проста спытаўся. Зыгмунд з ахвотай адказаў, што зрабiць прагноз наконт першага снегу здольны той, хто жыве каля рэчкi i любiць за ёй назiраць, а значыць, можа заўважыць, як на ваду падаюць белыя летнiя матылi і пакрываюць яе, нiбы коўдрай... Зыгмунд зазначыў, што праз тры месяцы пасля гэтага — дзень у дзень — пойдзе снег i пратрымаецца роўна столькi, колькi праляжыць «покрыва» (Паводле Г. Кагарка).

Перабудуйце канструкцыі з простай мовай, ужытыя ў тэксце, у канструкцыі з ускоснай, канструкцыі з ускоснай мовай з тэксту — у канструкцыі з простай мовай. Запішыце ўтвораныя канструкцыі.