*§ 0-15. Чужая мова, спосабы яе перадачы. Сінаніміка сказаў, якія перадаюць чужую мову, яе стылістычныя магчымасці. Сэнсава-стылістычная роля канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 7

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Падбярыце назву ў адпаведнасці з тэмай тэксту.

Пісьменнік Іван Мікалаевіч Пташнікаў застанецца ў маёй памяці, канешне ж, на ўсё жыццё. І не толькі таму, што ён быў выдатным творцам і пакінуў нам і нашчадкам багатую літаратурную спадчыну: раманы, аповесці, апавяданні... Быў ён чалавекам і рэдкай прынцыповасці. Калі, да прыкладу, працаваў загадчыкам аддзела прозы ў часопісе «Полымя», то прасачыцца на старонкі гэтага выдання слабенькім творам — няхай нават і прызнаных аўтараў — не ўдавалася. Дружба дружбай, як кажуць, а служба службай. Асабіста я з Іванам Мікалаевічам трымаўся доўгі час на адлегласці, а гэта ў прамым і пераносным сэнсе, бо жыву не ў Мінску, а ў Гомелі, але калі зрэдку заходзіў у рэдакцыю часопіса, то за руку не трымаліся, абыходзіліся кароткім кіўком галавы: прывітанне — прывітанне. А ўсё, што тычылася маіх твораў, мне перадавалі супрацоўнікі аддзела прозы — спярша Уладзіслаў Рубанаў, пазней — Адольф Варановіч. Таму меў за гонар «прайсці» Пташнікава і ўбачыць свае апавяданні на старонках паважанага часопіса. «Гэтага хлопца трэба падтрымаць», — прачытаўшы маё першае апавяданне «Дзень у горадзе», сказаў Іван Мікалаевіч.сн Так перадаў мне ягоныя словы Уладзіслаў. Пазней на старонках часопіса з’явіліся і мае дзве п’есы — чарнобыльская «Блакада ў Кругліцы» і «Стары і дарога». Што цікава, дзякуючы «Полымю» і, канешне ж, падтрымцы Івана Мікалаевіча гэтыя дзве публікацыі заўважылі на рэспубліканскім радыё: па іх зрабілі пазней спектаклі. Вядома ж, у той дзень, калі павінны былі ўпершыню гучаць спектаклі ў эфіры, я нагадваў пра гэта Івану Мікалаевічу. Ён коратка адказваў: «Дзякуй. Паслухаю абавязкова». Няма ўжо Івана Пташнікава, ён пайшоў у іншы свет. А я згадваю словы яго дачкі Таццяны: «Калі тата заканчваў новы твор, то ён уключаў ва ўсіх пакоях святло». Як здорава! Ставіў, такім чынам, кропку: твор закончаны! Бярыце, людзі, карыстайцеся! Гэта святло — вам! Я запаліў яго для вас! Такое прыдумаць мог толькі сапраўды геніяльны чалавек (Паводле В. Ткачова).

Якой асаблівасцю характару вызначаўся Іван Пташнікаў?
З якой мэтай аўтар уключыў канструкцыі з простай мовай у тэкст? Якім спосабам перадаецца ў тэксце простая мова?
Растлумачце напісанне выдзеленых слоў.
Карыстаючыся дадатковай літаратурай, падрыхтуце паведамленне пра жыццё і творчасць І. Пташнікава.