*§ 0-15. Чужая мова, спосабы яе перадачы. Сінаніміка сказаў, якія перадаюць чужую мову, яе стылістычныя магчымасці. Сэнсава-стылістычная роля канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 6

Прачытайце тэкст. Вызначце стыль і тып тэксту.

Сакваяж

Часам згадваецца вартая ўсмешкі гісторыя...
З партфелем хадзіць — элегантна падавалася, а з тым жа сакваяжам — болей зручна было, не толькі прэстыжна: тут знаходзілася месцейка і ўсялякага роду паперам і кнігам, і харчоваму прыпасу, калі ты выбіраўся ў камандзіроўку. Нездарма, відаць, гэтыя самыя сакваяжы ўпадабалі і навукоўцы, і людзі болей звыклага занятку, а таксама аўтарамонтнікі, слесары-сантэхнікі. Рыштунак апошніх, што павінен у любую хвіліну быць пад рукою, звычайная сумка наўрад ці магла змясціць, вытрымаць. Таму прыдбаць людскі сакваяж было тады справай турботнай.
...У той дзень дамовіўся Вячаслаў з сябрам, такім жа гісторыкам-архівістам Міхасём, схадзіць у кіно. Часу хапала, таму вырашыў да пачатку сеанса зазірнуць у Цэнтральную кнігарню. А ў кнігарні парадак быў: заходзіш — пакінь свой партфель ці сакваяж на стале пры ўваходзе, а сам ідзі да паліц з кнігамі, глядзі, выбірай. Зайшоў Вячаслаў, паставіў сакваяж на столік і да кніг падаўся. Паглядзеў сёе-тое з іх, вярнуўся назад, адшукаў вачамі свой сакваяж, у руку — ды з кнігарні. Сустрэўся з сябрам у двары кінатэатра. Селі на лаўцы, Вячаслаў сакваяж бліжэй падсунуў, замочкам шчоўкнуў:
— Пакажу табе, Міша, што я напісаў, колькі сваёй кандыдацкай агораў.
Раскрыў сакваяж — і холад працяў яго: сакваяж поўны нейкага пакулля, шрубак, галовак кранаў!.. Нейкі тросік ляжыць, пласкагубцы, вялізны ключ... Сябрук таксама вочы вытарашчыў:
— Адкуль усё гэта ў цябе? Якая ж тут кандыдацкая?
Кінуўся з усіх ног Вячаслаў назад у кнігарню. Яна амаль побач знаходзілася. Прымчаўся. А там нейкі дзяцюк у спяцоўцы на ўсю кнігарню лямантуе:
— Хто мне сакваяж з маім інструментам падмяніў? Хто мне падсунуў свой, напханы паперамі? Я ж водаправодчык. Я без свайго сакваяжа — як без рук!
Падскочыў Вячаслаў да яго, аддае яму сакваяж, прабачэння пачаў прасіць. А той ніяк не можа супакоіцца, ледзь не за грудкі хапае. Ніяк не хоча зразумець, што ўсё памылкова выйшла: абодва ж сакваяжы аднаго колеру, карычневыя...
А кандыдацкую Вячаслаў абараніў... (Паводле М. Чарняўскага).

Чаму сакваяж быў больш зручным за партфель?
Якую ролю выконвае простая мова ў тэксце? Замяніце канструкцыі з простай мовай канструкцыямі з ускоснай мовай, запішыце іх.
Раскрыйце значэнне слова сакваяж. Карыстаючыся слоўнікамі, высветліце яго паходжанне.