*§ 0-15. Чужая мова, спосабы яе перадачы. Сінаніміка сказаў, якія перадаюць чужую мову, яе стылістычныя магчымасці. Сэнсава-стылістычная роля канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 4

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і тып. Падбярыце назву ў адпаведнасці з асноўнай думкай тэксту. 

Ужо тыдзень, як гасціла Вольга ў старой цёткі.
— Іван, уставай чухацца, — раніцой будзіла Вольгу старая і, смеючыся, тлумачыла: — Быў калісь у пані работнік Іван. Як світанак займецца, яна будзіць яго скаціну даглядаць. А Іван пакуль вочы прадзярэ, спіну пачухае, дык і дзень на дварэ. Вось пані і пачала паднімаць работніка раней за сонца — чухацца. І ты на таго Івана падобная...
— Хто ў лесе, хто ў полі — ідзець да мяне сне-е-едаць, — праз які час клікала да стала цётка. Паставіла міску з супам перад пляменніцай.
Твар старой маршчыніўся ва ўсмешцы. Яна ела і расказвала:
— Калісь людзі жылі вялікімі сем’ямі. І ўнукі, і праўнукі, і дзяды, і дзеці — усе пад адной страхой. Было каму і старасць чужую дагледзець, было ў каго і мудрасці павучыцца. Вось як калісь было.
— Кажуць людзі, свята сёння, — унесла ў хату пахі сена і малака суседка.
— Другая Прачыстая, Манечка. Калі на другую Прачыстую сонца, то восень будзе цёплая, без дажджу.
— А на дварэ, галубка, сапраўднае бабіна лета. І ветру, мабыць, зусім няма, — заўважыла суседка. — Нават пчолы лятаюць.
Потым суседка запрычытала:
— Ох, таечка, ногі баляць. Нікуды нягодная стала.
Старая падышла да паліцы:
— Пастой, Маня, зараз дам табе трохі свайго лякарства ад ног. Тут у мяне настойка з бярозавых пупышак, — яна дастала з паліцы бутэльку цёмнага колеру. — А то яшчэ паспрабуй такое: вазьмі лыжку масла, растапі ды змяшай з травой бадзягі. Як у цябе няма, дык я табе дам. Паўцірай нанач, дзе баліць, і ўхутай. Яно будзе гарэць, ды ты пацярпі ўжо. Затое потым дзён колькі не будзеш знаць гора. Хто сам сябе сцеражэ, таго і Бог беражэ.
Вольга ведала, што яе цётка лечыць ці не ўсю вёску. Збірае розныя зёлкі, потым раздае. Нават Вользе пасылала ў горад. Тыя яе лекі і сапраўды дапамагалі (Паводле Н. Касцючэнка).

З якой мэтай у тэкст уключана простая мова? Што можна па ёй сказаць пра цётку Вольгі?
Растлумачце афармленне канструкцый з простай мовай. Выдзеленыя канструкцыі з простай мовай перабудуйце ў канструкцыі з ускоснай мовай.