*§ 0-15. Чужая мова, спосабы яе перадачы. Сінаніміка сказаў, якія перадаюць чужую мову, яе стылістычныя магчымасці. Сэнсава-стылістычная роля канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 3

Прачытайце тэкст, вызначце яго стыль. Падбярыце загаловак у адпаведнасці з тэмай тэксту.

...Ад райцэнтра да вёскі было амаль пяцьдзясят кіламетраў. Некалі Бярозаўка была даволі люднай вёскай. Гадоў дваццаць таму тут жыло каля трохсот чалавек. Але ішоў час, моладзь з’язджала ў гарады, старыя адыходзілі ў іншы свет. Колькасць жыхароў хутка змяншалася. Апошнія два гады ў вёсцы дажываў свой век адзіны пастаянны яе жыхар — дзед Хведар. Хведару было семдзесят дзевяць. Я тут нарадзіўся тут і памру казаў ён дзвюм дочкам якія жылі ў сталіцы і звалі бацьку да сябе. Прыязджалі і прадстаўнікі мясцовай улады, прапаноўвалі старому жыллё ў цэнтры. Але дзед хітаў галавой адгаворваўся дзякаваў за клопаты і дадаваў Няма лепшай хаткі чым тая ў якой нарадзіла матка. Штотыдзень у вёску прыязджала аўталаўка, у якой на наступныя сем дзён Хведар набываў харч.
Неяк па тэлевізары Хведар убачыў перадачу пра так званыя малыя архітэктурныя формы: людзі ўпрыгожвалі сядзібы рознымі фігуркамі жывёл, птушак. Фігуркі выразалі з фанеры, фарбавалі і крышачку прыкопвалі ў зямлю. Хведар зрабіў з фанеры некалькі манекенаў людзей, намаляваў ім вочы, насы, вусны і паставіў ля суседніх хат.
— Зусім з розуму выжыў, — сказала паштарка, убачыўшы Хведаравы «шэдэўры».
Нічога ты не разумееш. Гэта — прыгажосць зазначыў Хведар Вось буслоў яшчэ выражу зусім па-іншаму вёска будзе выглядаць.
Ага засмяялася паштарка Лепш бы што так рабіў дзед здаравейшы быў бы.
— Я і так здаровы, Зінка, — казаў стары. — Фельшарка так кажа. Ды і сама бачыш, з гаспадаркай упраўляюся: агародзік, садок, дровы... А гэта, — паказваў на сваё «тварэнне», — для душы...
Хведар уключыў тэлевізар. У які раз паўтаралі кінастужку «Белыя Росы». Фільм падабаўся старому. Кожны раз глядзеў гэты фільм, як упершыню, і суперажываў героям. Нечым кінастужка нагадала Хведару яго жыццё, яго вёску (Паводле А. Сідарэйкі).

Чаму Хведар не хацеў ехаць са сваёй вёскі? Да якога героя кінастужкі «Белыя Росы» ён падобны? Чаму?
Якая роля простай мовы ў тэксце? Што яна выяўляе? Назавіце дзеясловы, якія ўводзяць простую мову. Што яны абазначаюць?
Запішыце выдзеленыя канструкцыі з простай мовай, аформіце іх пунктуацыйна.
Зрабіце сінтаксічны разбор першай запісанай канструкцыі з простай мовай.