*§ 0-15. Чужая мова, спосабы яе перадачы. Сінаніміка сказаў, якія перадаюць чужую мову, яе стылістычныя магчымасці. Сэнсава-стылістычная роля канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 2

Прачытайце тэкст. Падбярыце назву ў адпаведнасці з яго тэмай. Вызначце стыль тэксту і яго жанр. 

Напярэдадні XXVІІ Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў адказаў на пытанні карэспандэнта газеты «Звязда».
— Уладзімір Іванавіч, якой вы бачыце ролю творцаў, мастакоў у шырокім плане — слова, сцэны, мастакоў як майстроў пэндзля — у грамадскім жыцці?
— Грамадскае жыццё, як і палітычнае, заўсёды сувымяраецца з сацыяльнымі памкненнямі грамадства. І адукацыя, культура займаюць сёння не апошнюю ролю ў нашай рэчаіснасці. Пагадзіцеся, і адукацыя, і культура, асветніцкая праца, навуковая работа — усе гэтыя складнікі патрабуюць уніклівай, паўсядзённай карпатлівай працы. Так, кожны творца — гэта чалавек. І, зразумела ж, варта ўлічваць яго індывідуалісцкі характар. Але ў агульнай задачы ўплываў мастацтва, культуры на грамадства нам патрэбна і агульнае разуменне мэт, нам патрэбны адзінства, кансалідацыя ў будаўніцтве суверэннай і незалежнай Беларусі...
— Музей і Вы асабіста, Уладзімір Іванавіч, надзвычай шмат робіце для захавання гістарычнай спадчыны ў галіне выяўленчага мастацтва...
— Не буду асобна спыняцца, колькі намі было зроблена па захаванні, кансервацыі Мірскага замка. Гэта частка жыцця, калі хочаце, Нацыянальнага мастацкага... Крыху звярну ўвагу на выдавецкія, кніжныя праекты, звязаныя з прапагандай гісторыі выяўленчага мастацтва Беларусі. Мы ўдзячны, што з музеем у добрых стасунках Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, кніжныя выдавецтвы краіны. І «Беларусь», і «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», і «Мастацкая літаратура» — з усімі гэтымі выдавецтвамі мы вельмі шмат выпусцілі розных выданняў, якія, несумненна, уплываюць на мастацкае выхаванне грамадства, якія разам уяўляюць сабою гісторыка-мастацкую бібліятэку. Дзяржава істотна паспрыяла нараджэнню гэтых кніг, а людзі творчыя, апантаныя, і выдавецкія работнікі, і нашы музейшчыкі зрабілі тое, што ўжо сёння можна лічыць з’явай на дзесяцігоддзі. З дапамогай гэтых альбомаў, кніг па-новаму, болей шырока можна прачытаць лёсы В. Бялыніцкага-Бірулі, Ф. Рушчыца, іншых мастакоў.
— Як здзяйсняюцца новыя праекты выставачнага характару ў Нацыянальным мастацкім музеі?
— Нам даводзіцца яшчэ болей генерыраваць ідэй, прыдумваць прывабных творчых праектаў. І шмат што атрымліваецца. Музей з дня ў дзень запрашае на новыя сустрэчы. Запрашаем у музей і чытачоў «Звязды»!.. (Паводле М. Берлежа).

Запішыце апошняе пытанне і адказ на яго лінейным спосабам, пракаменціруйце пастаноўку знакаў прыпынку.