*§ 0-15. Чужая мова, спосабы яе перадачы. Сінаніміка сказаў, якія перадаюць чужую мову, яе стылістычныя магчымасці. Сэнсава-стылістычная роля канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Паслухаем мовазнаўцаў

Словы аўтара ў складзе канструкцый з простай мовай уводзяць чужое выказванне, дзеля чаго выкарыстоўваюцца дзеясловы маўлення і думкі (казаць, гаварыць, апавядаць, расказваць, думаць, разважаць і пад.), дзеясловы, якія паказваюць на асаблівасці маўлення або характарызуюць яго агульны змест (адказваць, загаварыць, дадаць, пачаць, працягваць, паўтарыць, закончыць, папракнуць, растлумачыць, папытацца і інш.). У функцыі дзеясловаў маўлення і думкі, ад якіх залежыць простая мова, могуць ужывацца словы, што абазначаюць эмоцыі, пачуцці, унутраны стан таго, каму належыць простая мова (абрадавацца, засаромецца, здзівіцца, пакрыўдзіцца, раззлавацца і пад.), а таксама словы, што абазначаюць міміку, жэсты, рухі, паказваюць на дзеянні таго, каму належыць простая мова (усміхнуцца, засмяяцца, уздыхнуць, заплакаць, скрывіцца і пад.) (З «Беларускай граматыкі»).