*§ 0-15. Чужая мова, спосабы яе перадачы. Сінаніміка сказаў, якія перадаюць чужую мову, яе стылістычныя магчымасці. Сэнсава-стылістычная роля канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 1

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль і жанр. Назавіце сінтаксічныя канструкцыі, якія перадаюць чужое маўленне.

Наша спадчына — каштоўнасць для ўсёй Еўропы

Існуе меркаванне, што менавіта нематэрыяльная культурная спадчына з’яўляецца падмуркам нацыянальнай ідэнтычнасці. Абрадавыя практыкі, спевы, аўтэнтычныя рамёствы, атрыманыя ад продкаў і рупліва захаваныя, адрозніваюць нас ад іншых нацый, дазваляюць казаць, што беларусы — народ са сваёй унікальнай гісторыяй і традыцыяй.
Якія аб’екты нематэрыяльнай культурнай спадчыны беларусаў увайшлі ў спісы ЮНЕСКА? Сёння наша гутарка — з членам Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па пытаннях ЮНЕСКА, дырэктарам Фонду «Культурная спадчына і сучаснасць» Алай Сташкевіч.
— Ала Барысаўна, вы прыклалі нямала намаганняў, каб абрад «Юраўскі карагод» быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Напрыканцы мінулага года гэта адбылося. Ад чаго трэба ахоўваць абрад, хіба яму штосьці пагражае?
— Пачну з таго, што ў Канвенцыі ЮНЕСКА аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС) (2003 год) існуюць тры спісы: Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якой патрабуецца тэрміновая ахова; Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва; Рэгістр найлепшых практык па ахове НКС. Канвенцыя не дае інструкцый, як правільна спадчыну захоўваць, але праз рэгістр мы можам даведацца пра вялікую працу, якую робяць дзеля гэтага іншыя краіны, і штосьці адтуль запазычыць. Бо там сабраны найлепшы вопыт для пераймання, які спатрэбіцца нам дзеля стварэння ўласнай культурнай палітыкі па захаванні спадчыны. Зразумела, што архітэктурны аб’ект можна закансерваваць і забяспечыць яму захаванасць на сотні гадоў. А якім чынам захаваць спадчыну, звязаную з духоўнымі практыкамі? Нематэрыяльная культурная спадчына — гэта не толькі фальклор, як многія думаюць. Сюды адносяцца традыцыйныя веды і практыкі, а таксама многія іншыя праявы творчасці чалавека...
— Якая сітуацыя з «Юраўскім карагодам»?
— Пагост — невялікая вёска, там існуюць пэўныя дэмаграфічныя, сацыяльна-эканамічныя пагрозы. Праз уключэнне абраду ў адпаведны спіс ЮНЕСКА мы спадзяемся аб’яднаць намаганні розных людзей, у тым ліку міжнароднай супольнасці, каб выпрацаваць план захавання гэтай спадчыны.
— А ў чым адметнасць менавіта «Юраўскага карагода»?
— Культуру часта параўноўваюць з мазаікай, і гэта параўнанне правільнае. Але лепей параўноўваць яе з ракой: ручаі розных культур уліваюцца ў агульную плынь, і тады рака паўнаводная, а як толькі знікае нават маленькая культура, рака драбнее. Вясенні абрад Юр’я вёскі Пагост якраз сярод такіх жывых плыней. Гэта старажытны еўрапейскі абрад, звязаны з хрысціянскай традыцыяй святкаванняў у гонар Святога Георгія. Юр’еўскія святы характэрны для ўсіх еўрапейцаў, асабліва для славян. У спісе ЮНЕСКА ёсць варыянты Юр’еўскага карагода з Македоніі, Сербіі, Славакіі. Наш абрад адметны тым, што ў Беларусі захаваўся сімбіёз архаічных і хрысціянскіх элементаў. Абрад вёскі Пагост — адзін з найбольш старажытных варыянтаў святкавання Юр’я. Ён уяўляе каштоўнасць не толькі для Беларусі, але і для ўсёй Еўропы...
— Можна меркаваць, што прывабнасць нашай краіны для замежных турыстаў не абмяжуецца святкаваннем Юр’я, бо ў спісе ЮНЕСКА — Будслаўскі фэст, абрад «Калядныя цары»...
— Безумоўна, ёсць пэўныя аспекты, назавём іх інфармацыйнымі маркерамі, па якіх спажывец культуры, турыст альбо проста госць мяркуе пра краіну, шукае звесткі пра тое, што ён можа ў ёй наведаць. І такімі выразнымі маркерамі з’яўляюцца аб’екты культурнай спадчыны, у тым ліку нематэрыяльнай. ЮНЕСКА ў гэтым сэнсе не толькі спрыяе распазнаванню гэтых маркераў, але надае ім, так бы мовіць, аўтарытэтнасці.
— Працэс інвентарызацыі «жывой спадчыны Беларусі» вядзецца, на сёння ў ім больш за 100 элементаў нематэрыяльнай культуры. Што, на вашу думку, трэба неадкладна зрабіць, каб гэты спіс больш актыўна папаўняўся?
— З 2014 года ў Рэспубліцы Беларусь створана досыць устойлівая сістэма інвентарызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Працэс пабудаваны інакш, чым з матэрыяльнымі аб’ектамі. Ён рухаецца знізу, непасрэдна ад носьбітаў гэтай спадчыны — супольнасцей, груп, асобных людзей. Эксперты — навукоўцы, даследчыкі — удзельнічаюць у працэсе ацэнкі і даюць сваё экспертнае заключэнне ў дачыненні да прадстаўленых дакументаў. Аднак далей пачынаюцца пытанні, звязаныя непасрэдна з захаваннем нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Нам трэба стварыць прававую аснову, а таксама зацвердзіць пэўныя этычныя нормы для абароны правоў носьбітаў НКС (Паводле А. Брава).

Пракаменціруйце пастаноўку знакаў прыпынку пры афармленні канструкцый з чужой мовай. Запішыце пытанні А. Брава да А. Сташкевіч, дадаўшы да іх словы аўтара. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку.
Падрыхтуйце паведамленне пра адзін з аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны беларусаў (са Спіса нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА).