*§ 0-15. Чужая мова, спосабы яе перадачы. Сінаніміка сказаў, якія перадаюць чужую мову, яе стылістычныя магчымасці. Сэнсава-стылістычная роля канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 206

Прачытайце тэкст. Дайце яму загаловак у адпаведнасці з асноўнай думкай. Аформіце канструкцыі з простай мовай згодна з пунктуацыйнымі нормамі лінейным спосабам.

Паснедаць Сцяпану Ануфрыевічу, як меркаваў, не ўдалося. Толькі ён пераступіў парог хаты, як мілагучна заспяваў «Паланэз Агінскага» мабільнік. Хто б там мог быць Сцяпан Ануфрыевіч не без хвалявання паднёс да вуха тэлефон. Павіталіся. Ты дзе, сынку Амаль дома я баця. Тры кіламетры якіх не даехаў да цябе. Слізка, машыну занесла, і я ўляцеў у кювет. Але ты не хвалюйся, усё добра. І са мной, і з машынай. Снег свежы, мяккі. Толькі выбрацца сам не магу... Сеў моцна. Схадзі, баця, папрасі Віцю Бародкіна, хай выцягне сваім «Беларусам». Адным словам, ты мяне зразумеў. Чакаю А чаго ты надумаўся так рана, ды ў такое надвор’е Снегу ж намяло — свету белага не бачна. Неслух ты, Ануфрый! Чаго-чаго? Ды за табой жа еду.
Сцяпан Ануфрыевіч адарваў мабільнік ад вуха, прабурчэў сам сабе За мной ён едзе. Ну, і што ты яму, сыну, скажаш? Даў жа ад варот паварот, а ён, бачце, усё роўна, сваю лінію гне. Баіцца, што замерзну я тут адзін... Я ж і кажу: неслух... (Паводле В. Ткачова).

Чаму Сцяпан Ануфрыевіч называе сына неслухам?
Раскрыйце значэнні слоў паланэз, кювет.
Карыстаючыся дадатковай літаратурай, падрыхтуйце паведамленне пра Міхала Клеафаса Агінскага.