*§ 0-15. Чужая мова, спосабы яе перадачы. Сінаніміка сказаў, якія перадаюць чужую мову, яе стылістычныя магчымасці. Сэнсава-стылістычная роля канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Знакі прыпынку ў канструкцыях з чужой мовай

Простая мова на пісьме перадаецца л і н е й н ы м (у радок) або н е  л і н е й н ы м (каскадным) спосабам.
У канструкцыях з простай мовай знакі прыпынку ставяцца ў залежнасці ад спосабу перадачы і месца слоў аўтара, якія ўводзяць простую мову.
• Калі простая мова запісваецца ў радок, то яна бярэцца ў двукоссе: Званы Хатыні, мемарыял у Брэсцкай крэпасці-героі нагадваюць жывым людзям: «Людзі! Помніце! Не дапусціце новай бойні!» (У. Ліпскі).
У двукоссе бярэцца нявыказаная простая мова, пры якой у складзе слоў аўтара ёсць дзеяслоў думаць (падумаць) або іншыя словы, спалучэнні слоў і сказы са значэннем думкі, разважання і да т. п.: Нерухомы чалавек усё глядзеў на Алеся і ацэньваў: «Да чаго падобны на прадзеда, на Акіма...» (У. Караткевіч).
• Перад простай мовай, якая пачынаецца з абзаца, ставіцца працяжнік:
Матулін ганак рыпка скажа:
— Дома! (М. Мятліцкі).
• Калі словы аўтара стаяць перад простай мовай, то пасля іх ставіцца двукроп’е: І гавару я: «Слова, ты гучы! І хай маўчаць гарматы і мячы!» (А. Вярцінскі).
Ганна памарудзіла трохі, потым спытала:
— Ну, а як вы, цётка Матруна? (І. Чыгрынаў).
• Калі словы аўтара ідуць за простай мовай, то ў адпаведнасці з інтанацыяй у канцы простай мовы ставіцца пытальнік, клічнік, шматкроп’е або коска (на месцы кропкі), а пасля іх — працяжнік. Словы аўтара пішуцца з малой літары:
— Вярніся, неслух! — пачуў ён дзедаў загад, але і не падумаў спыніцца (І. Мележ).
«Самота мая незямная...» — не першы так раз я кажу... (В. Шніп).
— Ідуць, — шапнуў стары (Я. Брыль).
• Калі словы аўтара перарываюць простую мову, падзяляючы яе на дзве часткі, то перад словамі аўтара ў залежнасці ад інтанацыі першай часткі простай мовы ставіцца пытальнік, клічнік, шматкроп’е або коска, затым — працяжнік, а пасля слоў аўтара — кропка і працяжнік (калі першая частка простай мовы з’яўляецца закончаным сказам) або коска і працяжнік (калі першая частка простай мовы не з’яўляецца закончаным сказам): «Што мы стаім?— схамянулася Каця. — Ехаць трэба» (В. Хомчанка).
— Ну то заходзьце, — сказала бабуля, сустракаючы нас у двары ля парога, — заходзьце ў хату, разам і павячэраем (Л. Валасюк).
• Калі ў словах аўтара ўжываюцца два дзеясловы са значэннем маўлення, адзін з якіх адносіцца да першай часткі простай мовы, а другі — да другой, то пасля слоў аўтара ставіцца двукроп’е і працяжнік: «Ведаеш, мама, каго я прывяла? — весела сказала дачка і таемна прашаптала: — Гэта той самы госць, якога мы ўсе калісьці ратавалі ад немцаў» (Я. Маўр).
— Тут усе свае, заводскія, — заспакоіў ён [Ваня] мяне і амаль загадаў: — Расказвай, што здарылася! (М. Горцаў).
• Калі ў складзе слоў аўтара, што стаяць перад простай мовай, адсутнічаюць дзеясловы са значэннем маўлення, думкі або блізкія да іх па значэнні, то ў канцы слоў аўтара ставіцца кропка:
Маці дазволіла яму паехаць у горад, у госці да цёткі Алены. «Няхай сын сходзіць у музей, у цырк, паглядзіць, што новага ў сталіцы» (П. Кавалёў).
Бабуля павесіла кош на плот, вымыла рукі ў вядры, што стаяла каля калодзежа, паглядзела на неба.
— Моцная, відаць, будзе навальніца, з грымотамі і градам (М. Дубоўскі).
• З абзацнага водступу ставіцца працяжнік перад кожнай рэплікай пры афармленні простай мовы ў форме дыялогу:
— Як там Алесь? — спытаў дзед.
— Падняўся ўжо ад грушы на сцежку. Ідзе сюды,— змрочна сказаў Павал (У. Караткевіч).
• Калі некалькі рэплік запісваюцца ў радок без указання, каму яны належаць, то паміж імі ставіцца працяжнік і кожная з іх бярэцца ў двукоссе: «Што ты гаворыш, сынок? Хто нам яе [хату] пабудуе?» — «Я пабудую» (Л. Екель).