*§ 0-15. Чужая мова, спосабы яе перадачы. Сінаніміка сказаў, якія перадаюць чужую мову, яе стылістычныя магчымасці. Сэнсава-стылістычная роля канструкцый з чужой мовай у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 199

 Прачытайце. Якім спосабам перададзена чужая мова? Назавіце іншы спосаб перадачы чужой мовы. Пабудуйце схемы канструкцый з простай мовай, выкарыстоўваючы літары П (п) для абазначэння простай мовы, А (а) — для абазначэння слоў аўтара.

І. 1. Сястра глянула на Галіну Адамаўну. Той хацелася крыкнуць: «Не трэба! Не выходзь!» (І. Шамякін). 2. «Чаму і завошта?» — пыталася яна [Сцепаніда] ў сябе, не знаходзячы, аднак, адказу, і думкі яе ішлі далей, у глыб перажытага (В. Быкаў). 3. «Мама, купі мне гэтую кніжку!» — амаль патрабуе малая (В. Шніп). 4. «Дарога, вандроўка — самае лепшае лякарства ад усякіх напасцей», — зазначае сам сабе Лабановіч і сам сабе ціха ўсміхаецца (Я. Колас). 5. «Стой, брат! — прыпыніў я самога сябе. — Аглух ты сёння, ці што?» (Я. Брыль). 6. «Я рад, пан Савіч, што вы разумееце, — узрадаваўся Грот. — Не, мы не жорсткія. Мы мяккія і добрыя» (І. Шамякін). 7. «Бывай жа, родная засень і родная хата, — думае ён, — і ты, маці, не глядзі так трывожна ўслед» (М. Стральцоў).
ІІ. 1. Аляксандр падаў руку:
— Добры дзень!
2. — Мама, дзе наш тата?— запытала Слава (К. Чорны).
3. — Так, так... — смяецца Валя і радасна махае рукою (В. Супрунчук).
4. — Гэта забабоны, — махнуў рукой Косця (У. Гніламедаў).
5. — Куды ж вы так спяшаецеся? — сказала Вольга Сцяпанаўна. — Жонкі вас чакаюць ці дзеці плачуць? (Я. Колас).
6. — Бачыце, які прыгожы сёння дзень! — ухваляючы ранішняе сонейка, добры настрой і добрую дзяўчыну, гаварыў хлопец. — І білет вы купілі, пэўна, шчаслівы! (І. Тулупава).
7. — Гэта мой апошні тут вечар, — казала сама сабе Ядвіся. — І я не ўбачу яго! (Я. Колас).
8. — І цяпер, дзядуля, там, за Нёманам, у пушчы, — зазначыў хлопец, — лясы напоўнены птушыным і звярыным жыццём... (М. Бусько).

Чым адрозніваецца афармленне канструкцый з простай мовай пад лічбай І і пад лічбай ІІ?
Сфармулюйце правілы пунктуацыйнага афармлення канструкцый з простай мовай.