*§ 13-1. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля бяззлучнікавых складаных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 4

Прачытайце тэкст. Раскрыццю якой думкі ён падпарадкаваны?

Інклюзіўная экасцежка

Экасцежкай называюць спецыяльна абсталяваны прагулачна-пазнавальны маршрут, які дазваляе атрымаць уяўленне пра наваколле адносна невялікай тэрыторыі. Таму экасцежкі досыць кароткія і пралягаюць праз самыя маляўнічыя і цікавыя мясціны заказніка ці парку.
Першая інклюзіўная экасцежка ў Беларусі знаходзіцца ў Валожынскім раёне, на ўскрайку Налібоцкай пушчы. Ацаніць прыродныя багацці старажытнага лесу, зазірнуць у люстэрка хуткаплыннай Іслачы тут могуць і інваліды, і людзі сталага ўзросту, не хвалюючыся за бяспеку.
Адметнасць экасцежкі на маршруце «Белакорац» у стэндах картах і макетах што яго суправаджаюць. Атрымаць уяўленне пра (у/ў)нікальнасцьл Налібоцкай пушчы можна з дапамогай далоняў інфармацыя падаецца яснай мовай і дубліруецца шрыфтам Брайля. Па тактыльных картах (не)відушчыя могуць зразумець напрамак рух(а/у) макеты з дрэва дазваляюць на(о/во)бмацак даведацца пра жывёльны і раслі(н/нн)ы свет гэтых мясцін. Ёсць у «Белакорцы» і сэнсарная сцежка па ёй прапануецца прайсціся басанож з мэтай «а(д/ч)чуць лес». Но(у/ў)-ха(у/ў) беларускай інклюзіўнай экасцежкі пакры(ц/цц)ё з экалагічна(?)чыстай гранітнай крошкі яно не дазваляе каляскам загрузнуць нават у (не)пагоду (Паводле Г. Курак).

Карыстаючыся прыведзенай у тэксце інфармацыяй, растлумачце, што такое інклюзіўная экасцежка.
Спішыце апошні абзац тэксту, раскрываючы дужкі і ставячы знакі прыпынку.
Зрабіце пісьмовы сінтаксічны разбор двух бяззлучнікавых складаных сказаў (на выбар).
Вусна перакажыце тэкст, ужываючы бяззлучнікавыя складаныя сказы.