*§ 13-1. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля бяззлучнікавых складаных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 1

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Назавіце моўныя сродкі, уласцівыя гэтаму стылю.

У бяззлучнікавых складаных сказах сэнсавыя ўзаемаадносіны і лагічныя сувязі паміж граматычнымі часткамі выяўляюцца на аснове інтанацыі і зместу аб’яднаных частак. Гэтыя сказы звычайна адрозніваюцца лёгкасцюф, непасрэднасцю, натуральнасцю, што абумоўлівае іх пашырэнне ў мастацкім маўленні для перадачы дынамізму і жывасці гутарковага стылю.
Бяззлучнікавыя складаныя сказы адрозніваюцца ад злучнікавых таксама павышэннем інтанацыі ў канцы першай часткі і паніжэннем — у пачатку наступнай. Параўнайце:

Першы дзень зімы. Святлее зямля — святлее душа чалавека (І. Шамякін).
Недарма ж гавораць: ціхая вада грэблі рве (І. Шамякін).
Сціх вецер — зніклі з вачэй вароны (І. Пташнікаў).
Стаім у малым горадзе: спынен рух (М. Лужанін).

Першы дзень зімы. Святлее зямля, і святлее душа чалавека.
Недарма ж гавораць, што ціхая вада грэблі рве.
Сціх вецер, і зніклі з вачэй вароны.
Стаім у малым горадзе, бо спынен рух.

Дзякуючы сцісласці і лаканічнай выразнасці бяззлучнікавыя складаныя сказы часта сустракаюцца ў вуснай народнай творчасці. Форму гэтых сказаў маюць прыказкі, прымаўкі і афарызмы: Любіш катацца — любі і саначкі вазіць; Рана не ўстанеш — многа не зробіш; Млын меле — мука будзе, язык меле — бяда будзе (Прыказкі).

Чым абумоўлена пашырэнне бяззлучнікавых складаных сказаў у мове мастацкай літаратуры, вуснай народнай творчасці?
Прачытайце прыведзеныя ў тэксце прыклады з твораў мастацкай літаратуры ў адпаведнасці з правіламі інтанавання бяззлучнікавых складаных сказаў.
Успомніце і запішыце 3-4 прыказкі, якія маюць форму бяззлучнікавых складаных сказаў.