*§ 13-1. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля бяззлучнікавых складаных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення
Практыкаванне 1
Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Назавіце моўныя сродкі, уласцівыя гэтаму стылю.
У бяззлучнікавых складаных сказах сэнсавыя ўзаемаадносіны і лагічныя сувязі паміж граматычнымі часткамі выяўляюцца на аснове інтанацыі і зместу аб’яднаных частак. Гэтыя сказы звычайна адрозніваюцца лёгкасцюф, непасрэднасцю, натуральнасцю, што абумоўлівае іх пашырэнне ў мастацкім маўленні для перадачы дынамізму і жывасці гутарковага стылю.
Бяззлучнікавыя складаныя сказы адрозніваюцца ад злучнікавых таксама павышэннем інтанацыі ў канцы першай часткі і паніжэннем — у пачатку наступнай. Параўнайце:
Першы дзень зімы. Святлее зямля — святлее душа чалавека (І. Шамякін). |
Першы дзень зімы. Святлее зямля, і святлее душа чалавека. |
Дзякуючы сцісласці і лаканічнай выразнасці бяззлучнікавыя складаныя сказы часта сустракаюцца ў вуснай народнай творчасці. Форму гэтых сказаў маюць прыказкі, прымаўкі і афарызмы: Любіш катацца — любі і саначкі вазіць; Рана не ўстанеш — многа не зробіш; Млын меле — мука будзе, язык меле — бяда будзе (Прыказкі).
Чым абумоўлена пашырэнне бяззлучнікавых складаных сказаў у мове мастацкай літаратуры, вуснай народнай творчасці?
Прачытайце прыведзеныя ў тэксце прыклады з твораў мастацкай літаратуры ў адпаведнасці з правіламі інтанавання бяззлучнікавых складаных сказаў.
Успомніце і запішыце 3-4 прыказкі, якія маюць форму бяззлучнікавых складаных сказаў.