*§ 12-1. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля складаназалежных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 7

Выканайце тэставыя заданні.

1. Адзначце складаназалежныя сказы:
1) Паблізу было ціха, як можа быць ціха толькі пагоднаю ноччу ў бязлюдным лесе (В. Быкаў).
2) Ціха, таямніча шасцяць сваёй лістотай таполі, як бы нашэптваючы казку, дзівосную і павабную (І. Навуменка).
3) Настаўнік глянуў туды, куды глядзеў Цімох, і не паверыў уласным вачам (А. Наварыч).
4) Заставалася толькі ісці куды вочы глядзяць, далей ад берага (Я. Маўр).
5) Маўчанне цягнулася, мусіць, некалькі хвілін, а здавалася, што праходзяць гадзіны (Б. Мікуліч).
2. Адзначце складаназалежныя сказы з даданымі акалічнаснымі часткамі часу:
1) Дождж нам цяпер, пасля купання ў балоце, зусім не страшны (В. Вольскі).
2) Вялікая леташняя трава пачарнела за зіму і цяпер, калі пачалася адліга, нагадвала доўгія тонкія ніткі (Л. Адамовіч).
3) Як толькі я пераступіў парог, мяне ахапіла ледзь прыкметнае хваляванне (А. Бароўскі).
4) Гэта было ў той год, калі я скончыў гімназію (С. Баранавых).
5) Пакуль дабрылі да горада, калона падаўжэла, папоўнілася байцамі з іншых часцей (І. Кудраўцаў).
3. Адзначце складаназалежныя сказы з сузалежным аднародным падпарадкаваннем:
1) Наогул ніводная мова ізалявана не жыве, бо не жыве ізалявана народ, які ёю карыстаецца (К. Крапіва).
2) Зямны паклон, падзяка і пашана ўсім, хто свежым хлебам корміць нас, хто кожны колас пестуе старанна, хто і арэ, і сее ў добры час (С. Грахоўскі).
3) Я думаў, што заўтра раніцай, да футбола, калі распагодзіцца, мы паедзем з Ленай на возера (М. Стральцоў).
4) Калі чырвонае сонейка хаваецца за лясок, а гарэзлівы ветрык змякчае вечаровыя цені на мураве, вяртаецца выганам статак кароў (М. Бусько).
5) Калі парою лістападу ў вырай адлятаюць птушкі, яны ў дубровах пакідаюць свае вясновыя напевы, каб не згубіць іх недзе часам у хмарным небе на чужыне (М. Танк).
4. Адзначце складаназалежныя сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску:
1) Я люблю часіну навальніцы, калі б’е пярун па ўсіх ладах __ і злуюцца ў хмарах бліскавіцы, кроплі асыпаючы на дах (П. Панчанка).
2) Няроўны, бясшумны палёт кажаноў часам палохае людзей, якія не ведаюць __ што гэта сябры чалавека, што іх не трэба баяцца (В. Вольскі).
3) Уcё пaкiнyць cлeд пaвiннa, бo __ як пaчaўcя бeлы cвeт, пpaмeнь, пяcчынкa i paciнa нязмeннa пaкiдaюць cлeд (П. Броўка).
4) Само сабой здарылася так, што __ калі скончылася вечарынка, яны адсталі ад усіх і пайшлі па вуліцы побач (М. Стральцоў).
5) Калі досыць развіднела __ і ранак разліўся чырванню, Алесь са стрэльбаю і заплечнікам ужо стаяў на лыжах (М. Бусько).
5. Адзначце характарыстыкі, якія адпавядаюць наступнаму сказу:
П’еш крыштальнай чысціні ваду і бачыш, як глыбока на дне варушацца жвір і каменьчыкі, нібы нехта нябачны гуляе з імі, і чуеш, як плюскоча крынічка, быццам яна размаўляе з табой (Т. Хадкевіч).
1) У складаназалежным сказе 4 даданыя часткі.
2) Гэта складаназалежны сказ з паслядоўным падпарадкаваннем.
3) Гэта складаназалежны сказ са змешаным падпарадкаваннем.
4) Апошняя даданая частка — параўнальная.
5) Сродкам сувязі першай даданай часткі з галоўнай з’яўляецца злучальнае слова як.