*§ 12-1. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля складаназалежных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 1

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Абгрунтуйце падзел тэксту на абзацы.

У сінанімічнай функцыі часта выступаюць розныя падпарадкавальныя злучнікі і злучальныя словы, якія з’яўляюцца сродкам сувязі паміж галоўнай і даданай часткамі ў складаназалежным сказе.
У сучаснай беларускай мове ў складаназалежных сказах з даданымі азначальнымі часткамі ў якасці злучальнага слова пашыраны адносны займеннік які (якая, якое, якія): На балоце там і тут кучаравіліся кусты лазы, якія дзе-нідзе зрасталіся ў цэлыя астраўкі (I. Мележ). У гэтай жа функцыі выступае адносны займеннік што: Алешнік вельмі часта мяшаўся з лазнякомм, што рос моцнымі дружнымі купамі (I. Мележ). Ужыванне займенніка што ў якасці злучальнага слова ў складаназалежных сказах з даданымі азначальнымі часткамі ідзе ад гутарковага маўлення і пераважна сустракаецца ў мастацкім стылі. Пры гэтым звычайна больш падкрэсліваецца прадмет, чым яго якасць.
Значна абмежавана ўжыванне злучальнага слова што, калі яно адносіцца да адушаўлёных назоўнікаў. Такія канструкцыі або з’яўляюцца гутарковымі, або выкарыстоўваюцца як сродак стылізацыі пад гутарковае маўленне: Паніха наша, што жыве ажно на самым канцы, з хлеўчыка хату зрабіла (І. Пташнікаў).
Злучальнае слова што пры адушаўлёным назоўніку можа ўжывацца ў сказах з некалькімі даданымі часткамі, каб пазбегнуць паўтарэння слова які (якая): Ці не гэта, нікім не выказаная казка іх, якая складалася доўгімі вякамі і запісвалася агнявымі літарамі людское крыўды ў сэрцах мільёнаў падарожных, што ішлі і ехалі па гэтых шляхах і думалі свае думкі? (Я. Колас).
У беларускай мове ў сінанімічнай функцыі выступаюць злучнікі калі і як у складаназалежных сказах з даданымі часу і ўмовы. Злучнік калі з’яўляецца агульнаўжывальным, а злучнік як пераважна выкарыстоўваецца ў гутарковым маўленні: Кожны раз, калі я гляджу ў разумныя, дапытлівыя дзіцячыя вочы, мне яны нагадваюць неба (З. Прыгодзіч). Самы рух пачаўся тады, як пачынала ўжо ўсходзіць сонца (Я. Колас).
Сінанімічнымі з’яўляюцца злучнікі чым і як, якія ўжываюцца ў даданых параўнальных частках складаназалежных сказаў. Пры гэтым злучнік чым агульнаўжывальны, а як — размоўны: У полі было куды халадней, чым у лесе (В. Быкаў). Лес тут быў зусім іншы, як на пясчаніку (I. Мележ) (Паводле М. Цікоцкага).

Карыстаючыся прыведзенай у тэксце інфармацыяй, запоўніце табліцу.

Від даданай часткі складаназалежнага сказа Сродкі сувязі даданай часткі з галоўнай
ужываюцца ва ўсіх стылях маўлення ужываюцца пераважна
ў гутарковым маўленні