Печатать книгуПечатать книгу

*§ 12-1. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля складаназалежных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 12-1. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля складаназалежных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 13 Май 2024, 12:19

Практыкаванне 1

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль. Абгрунтуйце падзел тэксту на абзацы.

У сінанімічнай функцыі часта выступаюць розныя падпарадкавальныя злучнікі і злучальныя словы, якія з’яўляюцца сродкам сувязі паміж галоўнай і даданай часткамі ў складаназалежным сказе.
У сучаснай беларускай мове ў складаназалежных сказах з даданымі азначальнымі часткамі ў якасці злучальнага слова пашыраны адносны займеннік які (якая, якое, якія): На балоце там і тут кучаравіліся кусты лазы, якія дзе-нідзе зрасталіся ў цэлыя астраўкі (I. Мележ). У гэтай жа функцыі выступае адносны займеннік што: Алешнік вельмі часта мяшаўся з лазнякомм, што рос моцнымі дружнымі купамі (I. Мележ). Ужыванне займенніка што ў якасці злучальнага слова ў складаназалежных сказах з даданымі азначальнымі часткамі ідзе ад гутарковага маўлення і пераважна сустракаецца ў мастацкім стылі. Пры гэтым звычайна больш падкрэсліваецца прадмет, чым яго якасць.
Значна абмежавана ўжыванне злучальнага слова што, калі яно адносіцца да адушаўлёных назоўнікаў. Такія канструкцыі або з’яўляюцца гутарковымі, або выкарыстоўваюцца як сродак стылізацыі пад гутарковае маўленне: Паніха наша, што жыве ажно на самым канцы, з хлеўчыка хату зрабіла (І. Пташнікаў).
Злучальнае слова што пры адушаўлёным назоўніку можа ўжывацца ў сказах з некалькімі даданымі часткамі, каб пазбегнуць паўтарэння слова які (якая): Ці не гэта, нікім не выказаная казка іх, якая складалася доўгімі вякамі і запісвалася агнявымі літарамі людское крыўды ў сэрцах мільёнаў падарожных, што ішлі і ехалі па гэтых шляхах і думалі свае думкі? (Я. Колас).
У беларускай мове ў сінанімічнай функцыі выступаюць злучнікі калі і як у складаназалежных сказах з даданымі часу і ўмовы. Злучнік калі з’яўляецца агульнаўжывальным, а злучнік як пераважна выкарыстоўваецца ў гутарковым маўленні: Кожны раз, калі я гляджу ў разумныя, дапытлівыя дзіцячыя вочы, мне яны нагадваюць неба (З. Прыгодзіч). Самы рух пачаўся тады, як пачынала ўжо ўсходзіць сонца (Я. Колас).
Сінанімічнымі з’яўляюцца злучнікі чым і як, якія ўжываюцца ў даданых параўнальных частках складаназалежных сказаў. Пры гэтым злучнік чым агульнаўжывальны, а як — размоўны: У полі было куды халадней, чым у лесе (В. Быкаў). Лес тут быў зусім іншы, як на пясчаніку (I. Мележ) (Паводле М. Цікоцкага).

Карыстаючыся прыведзенай у тэксце інфармацыяй, запоўніце табліцу.

Від даданай часткі складаназалежнага сказа Сродкі сувязі даданай часткі з галоўнай
ужываюцца ва ўсіх стылях маўлення ужываюцца пераважна
ў гутарковым маўленні

 

Практыкаванне 2

Прачытайце ўзор сінтаксічнага разбору складаназалежнага сказа, устаўляючы прапушчаную лінгвістычную інфармацыю.

Складаназалежны сказ; складаецца з дзвюх граматычных частак: галоўная частка — ...; даданая частка — ... .
Даданая частка паясняе ў галоўнай частцы ...: не заўважыў (...?), ... .
Даданая частка дапаўняльная. Сродкам сувязі частак з’яўляецца ... як.
Паміж галоўнай і даданай часткамі перад ... як ставіцца коска.
За думкамі Аляксей не заўважыў — галоўная частка пабудавана па схеме простага, двухсастаўнага, развітага, поўнага, няўскладненага сказа. (Х т о?) Аляксей — дзейнік, выражаны назоўнікам ... роду, ... ліку, ... склону; Аляксей (ш т о  з р а б і ў?) не заўважыў — просты ... выказнік, выражаны дзеясловам у форме ... ладу, ... часу, ... ліку, ... роду; не заўважыў (п а  я к о й  п р ы ч ы н е?) за думкамі — акалічнасць ..., выражаная назоўнікам ... роду, ... ліку, ... склону з прыназоўнікам.
... — даданая частка пабудавана па схеме ... сказа...
Схема сказа:

Прааналізуйце логіку сінтаксічнага разбору складаназалежнага сказа. Складзіце алгарытм разбору.

Практыкаванне 3

Прачытайце тэкст. Якое з прыведзеных у тэксце правіл паводзін падчас канфлікту, на вашу думку, найбольш цяжкае для выканання? Чаму?

Правілы паводзін падчас канфлікту

Ці можна пазбегнуць канфліктаў у дзелавых або асабістых зносінах? «Не!» — адкажа любы псіхолаг. Канфлікты непазбежныя, але імі можна кіраваць. Для гэтага неабходна навучыцца адпаведным паводзінам падчас канфлікту.
Першае правіла паводзін пры канфлікце — справядлівае стаўленне да ініцыятара спрэчкі. Усякі канфлікт пачынаецца з таго, што ў пары ці групе з’яўляецца незадаволены чалавек — ініцыятар канфлікту. Ён выступае з патрабаваннямі, прэтэнзіямі, крыўдамі і чакае, што іншыя да яго прыслухаюцца і зменяць свае паводзіны. Як правіла, за незадавальненнем і прэтэнзіямі ініцыятара спрэчкі стаіць пэўная прычына ці асабісты інтарэс: існуе нейкае становішча, якое яго не задавальняе, дастаўляе хваляванне ці нязручнасць.
Такім чынам, для таго каб канфлікт з першага ж кроку не пайшоў па «крывой дарожцы», варта справядліва і цярпліва аднесціся да ініцыятара спрэчкі. Не трэба з парога асуджаць, крычаць — важна ўважліва і па магчымасціф добразычліва яго выслухаць.
Другое правіла паводзін пры канфлікце — выявіць прадмет канфлікту, пад якім разумеюць прычыну незадаволенасці чалавека. Часта людзі, што канфліктуюць, не прытрымліваюцца гэтага правіла. Яны ўвязаюць у прыдзірках, кпінах і нават знявагах, за якімі абвінавачаны не бачыць прычыны спрэчкі.
Да другога правіла паводзін пры канфлікце варта аднесці і скарачэнне колькасці прэтэнзій. Небяспека пашырэння прэтэнзій заключаецца ў тым, што ў абвінавачванага ствараецца ўражанне абсалютнай вінаватасці ва ўсім, што адбываецца з ініцыятарам канфлікту.
Трэцяе правіла датычыцца эмоцый. Нярэдка людзі, якія канфліктуюць, могуць правільна вызначыць прадмет канфлікту, цярпліва аднесціся адзін да аднаго. Аднак тон размовы зводзіць гэтыя дасягненні на нішто. Як правіла, людзі ў момант спрэчкі адчуваюць эмацыянальную напружанасць, а іх выказванні катэгарычныя і безапеляцыйныя. Абавязковая ўмова спрэчкі — максімальна спакойны тон выказванняў, дакладнасць і прадуманасць слоў. Трэба выказвацца так, каб у голасе і словах не было нават намёку на раздражнёнасць, гнеў, папрок.
І, нарэшце, самае галоўнае правіла: пазбягайце канфліктаў, якія закранаюць пачуццё ўласнай годнасці. Нельга дапускаць, каб прэтэнзіі пераходзілі ў знявагу асобы (Паводле А. Кравец).

Зрабіце пісьмовы сінтаксічны разбор двух складаназалежных сказаў з тэксту (на выбар).
Растлумачце правапіс выдзеленых курсівам слоў.
Знайдзіце ў тэксце фразеалагізмы, якія маюць наступныя значэнні:
‘адразу і рашуча, без разважанняў (заяўляць і пад.)’;
‘пазбаўляць усякага значэння, сэнсу’.
Пісьмова сцісла перакажыце тэкст, аформіўшы правілы паводзін падчас канфлікту як складаназалежныя сказы. Якімі правіламі вы маглі б дапоўніць тэкст?

Практыкаванне 4

Прачытайце ўзор сінтаксічнага разбору складаназалежнага сказа з некалькімі даданымі часткамі, устаўляючы прапушчаную лінгвістычную інфармацыю.

Складаназалежны сказ з некалькімі даданымі часткамі; складаецца з трох граматычных частак: галоўная частка — ...; першая даданая частка — ...; другая даданая частка — ... .
Даданыя часткі паясняюць у галоўнай частцы ... .
Даданыя часткі дапаўняльныя. Сродкамі сувязі даданых частак з галоўнай з’яўляюцца ... .
Від падпарадкавання даданых частак — сузалежнае аднароднае.
Паміж часткамі складаназалежнага сказа ставяцца коскі.
Чулі вы — галоўная частка пабудавана па схеме простага, двухсастаўнага, неразвітага, поўнага, няўскладненага сказа. (Х т о?) вы — дзейнік, выражаны асабовым займеннікам ... асобы, ... ліку, ... склону; вы (ш т о  р а б і л і?) чулі — просты ... выказнік, выражаны дзеясловам у форме ... ладу, ... часу, ... ліку.
... — даданая частка пабудавана па схеме ... сказа...

Прааналізуйце логіку сінтаксічнага разбору складаназалежнага сказа з некалькімі даданымі часткамі. Складзіце алгарытм разбору.

Практыкаванне 5

Прачытайце тэкст. Вызначце стылі маўлення, якія спалучаюцца ў ім. Назавіце моўныя сродкі, уласцівыя кожнаму з гэтых стыляў.

Перыяд

Перыяд — разнавіднасць складанага сказа, у якім разгорнутае раскрыццё тэмы спалучаецца з музычнасцю і рытмічнасцю сінтаксічнай будовы. Перыяд выразна распадаецца на дзве часткі, адна з якіх чытаецца з павышэннем інтанацыі, а другая — з паніжэннем. Першая частка перыяду пры чытанні звычайна заканчваецца паўзай — кульмінацыйным пунктам, пасля якога пачынаецца другая частка:

Як захліпнуўся ад радасці жаўранак,
Славячы сонца вясновага дня,
Як па куп’і на балотных выжарынах
Мякка хрумсціць пад нагою сушняк;
Як па-над ярам пад ветравым подыхам
Вольха сухая рыпіць і рыпіць,
Як адвячоркам над соннымі водамі
Кнігаўка ўсё недапросіцца піць, —
Тры гады я не чуў.
                                                  Р. Барадулін.

Перыяд дазваляе падкрэсліць эмацыянальнасць паведамлення, надаць выказванню ўрачысты, дэкламацыйны характар, перадаць лірычны настрой сказанага (Паводле М. Цікоцкага, С. Мароз).

Выразна прачытайце прыведзены ў тэксце вершаваны ўрывак у адпаведнасці з правіламі інтанацыйнага афармлення перыяду.
Зрабіце пісьмовы сінтаксічны разбор складаназалежнага сказа з некалькімі даданымі часткамі, ужытага ў першым абзацы тэксту.
Пабудуйце вертыкальную і гарызантальную схемы сказа — урыўка з верша Р. Барадуліна.
Знайдзіце ў тэксце слова, якое мае значэнне ‘выгаралы ўчастак балота, лесу’. Устанавіце сувязь паміж лексічным значэннем і марфемнай будовай гэтага слова.

Звярніце ўвагу!
У сказе, які ўяўляе сабой перыяд (з выразным падзелам на дзве сэнсавыя часткі), перад другой часткай ставіцца коска і працяжнік.

Практыкаванне 6

Прачытайце ўрывак з верша Ніла Гілевіча «Сэрца дзядзькі Рыгора», прысвечанага Рыгору Раманавічу Шырму — выдатнаму дзеячу беларускай культуры, стваральніку Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Рэспублікі Беларусь.

Колькі птахаў пявучых у родных лясах
Колькі нот непаўторных у іх галасах
Колькі тонаў адценняўф ладоў перабораў
Столькі песень у сэрцы ў дзядзькі Рыгора.

Колькі ў краі бацькоўскім празрыстых крыніц
Колькі іх між пагоркаў булькоча-звініць
Бегучы ручайкамі да сіняга мора
Столькі песень у сэрцы ў дзядзькі Рыгора...
                                                                    Н. Гілевіч.

З дапамогай якіх моўных сродкаў ствараецца ўзвышаны, лірычны тон выказвання?
Спішыце верш, ставячы знакі прыпынку. Растлумачце пунктуацыйнае афармленне сказаў.
Зрабіце пісьмовы сінтаксічны разбор аднаго складаназалежнага сказа (на выбар).
У якім значэнні ўжываецца ў вершы назоўнік дзядзька?
Які беларускі паэт вядомы як Дзядзька Рыгор?

Практыкаванне 7

Выканайце тэставыя заданні.

1. Адзначце складаназалежныя сказы:
1) Паблізу было ціха, як можа быць ціха толькі пагоднаю ноччу ў бязлюдным лесе (В. Быкаў).
2) Ціха, таямніча шасцяць сваёй лістотай таполі, як бы нашэптваючы казку, дзівосную і павабную (І. Навуменка).
3) Настаўнік глянуў туды, куды глядзеў Цімох, і не паверыў уласным вачам (А. Наварыч).
4) Заставалася толькі ісці куды вочы глядзяць, далей ад берага (Я. Маўр).
5) Маўчанне цягнулася, мусіць, некалькі хвілін, а здавалася, што праходзяць гадзіны (Б. Мікуліч).
2. Адзначце складаназалежныя сказы з даданымі акалічнаснымі часткамі часу:
1) Дождж нам цяпер, пасля купання ў балоце, зусім не страшны (В. Вольскі).
2) Вялікая леташняя трава пачарнела за зіму і цяпер, калі пачалася адліга, нагадвала доўгія тонкія ніткі (Л. Адамовіч).
3) Як толькі я пераступіў парог, мяне ахапіла ледзь прыкметнае хваляванне (А. Бароўскі).
4) Гэта было ў той год, калі я скончыў гімназію (С. Баранавых).
5) Пакуль дабрылі да горада, калона падаўжэла, папоўнілася байцамі з іншых часцей (І. Кудраўцаў).
3. Адзначце складаназалежныя сказы з сузалежным аднародным падпарадкаваннем:
1) Наогул ніводная мова ізалявана не жыве, бо не жыве ізалявана народ, які ёю карыстаецца (К. Крапіва).
2) Зямны паклон, падзяка і пашана ўсім, хто свежым хлебам корміць нас, хто кожны колас пестуе старанна, хто і арэ, і сее ў добры час (С. Грахоўскі).
3) Я думаў, што заўтра раніцай, да футбола, калі распагодзіцца, мы паедзем з Ленай на возера (М. Стральцоў).
4) Калі чырвонае сонейка хаваецца за лясок, а гарэзлівы ветрык змякчае вечаровыя цені на мураве, вяртаецца выганам статак кароў (М. Бусько).
5) Калі парою лістападу ў вырай адлятаюць птушкі, яны ў дубровах пакідаюць свае вясновыя напевы, каб не згубіць іх недзе часам у хмарным небе на чужыне (М. Танк).
4. Адзначце складаназалежныя сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць коску:
1) Я люблю часіну навальніцы, калі б’е пярун па ўсіх ладах __ і злуюцца ў хмарах бліскавіцы, кроплі асыпаючы на дах (П. Панчанка).
2) Няроўны, бясшумны палёт кажаноў часам палохае людзей, якія не ведаюць __ што гэта сябры чалавека, што іх не трэба баяцца (В. Вольскі).
3) Уcё пaкiнyць cлeд пaвiннa, бo __ як пaчaўcя бeлы cвeт, пpaмeнь, пяcчынкa i paciнa нязмeннa пaкiдaюць cлeд (П. Броўка).
4) Само сабой здарылася так, што __ калі скончылася вечарынка, яны адсталі ад усіх і пайшлі па вуліцы побач (М. Стральцоў).
5) Калі досыць развіднела __ і ранак разліўся чырванню, Алесь са стрэльбаю і заплечнікам ужо стаяў на лыжах (М. Бусько).
5. Адзначце характарыстыкі, якія адпавядаюць наступнаму сказу:
П’еш крыштальнай чысціні ваду і бачыш, як глыбока на дне варушацца жвір і каменьчыкі, нібы нехта нябачны гуляе з імі, і чуеш, як плюскоча крынічка, быццам яна размаўляе з табой (Т. Хадкевіч).
1) У складаназалежным сказе 4 даданыя часткі.
2) Гэта складаназалежны сказ з паслядоўным падпарадкаваннем.
3) Гэта складаназалежны сказ са змешаным падпарадкаваннем.
4) Апошняя даданая частка — параўнальная.
5) Сродкам сувязі першай даданай часткі з галоўнай з’яўляецца злучальнае слова як.