*§ 12-1. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля складаназалежных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 5

Прачытайце тэкст. Вызначце стылі маўлення, якія спалучаюцца ў ім. Назавіце моўныя сродкі, уласцівыя кожнаму з гэтых стыляў.

Перыяд

Перыяд — разнавіднасць складанага сказа, у якім разгорнутае раскрыццё тэмы спалучаецца з музычнасцю і рытмічнасцю сінтаксічнай будовы. Перыяд выразна распадаецца на дзве часткі, адна з якіх чытаецца з павышэннем інтанацыі, а другая — з паніжэннем. Першая частка перыяду пры чытанні звычайна заканчваецца паўзай — кульмінацыйным пунктам, пасля якога пачынаецца другая частка:

Як захліпнуўся ад радасці жаўранак,
Славячы сонца вясновага дня,
Як па куп’і на балотных выжарынах
Мякка хрумсціць пад нагою сушняк;
Як па-над ярам пад ветравым подыхам
Вольха сухая рыпіць і рыпіць,
Як адвячоркам над соннымі водамі
Кнігаўка ўсё недапросіцца піць, —
Тры гады я не чуў.
                                                  Р. Барадулін.

Перыяд дазваляе падкрэсліць эмацыянальнасць паведамлення, надаць выказванню ўрачысты, дэкламацыйны характар, перадаць лірычны настрой сказанага (Паводле М. Цікоцкага, С. Мароз).

Выразна прачытайце прыведзены ў тэксце вершаваны ўрывак у адпаведнасці з правіламі інтанацыйнага афармлення перыяду.
Зрабіце пісьмовы сінтаксічны разбор складаназалежнага сказа з некалькімі даданымі часткамі, ужытага ў першым абзацы тэксту.
Пабудуйце вертыкальную і гарызантальную схемы сказа — урыўка з верша Р. Барадуліна.
Знайдзіце ў тэксце слова, якое мае значэнне ‘выгаралы ўчастак балота, лесу’. Устанавіце сувязь паміж лексічным значэннем і марфемнай будовай гэтага слова.

Звярніце ўвагу!
У сказе, які ўяўляе сабой перыяд (з выразным падзелам на дзве сэнсавыя часткі), перад другой часткай ставіцца коска і працяжнік.