*§ 12-1. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля складаназалежных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 3

Прачытайце тэкст. Якое з прыведзеных у тэксце правіл паводзін падчас канфлікту, на вашу думку, найбольш цяжкае для выканання? Чаму?

Правілы паводзін падчас канфлікту

Ці можна пазбегнуць канфліктаў у дзелавых або асабістых зносінах? «Не!» — адкажа любы псіхолаг. Канфлікты непазбежныя, але імі можна кіраваць. Для гэтага неабходна навучыцца адпаведным паводзінам падчас канфлікту.
Першае правіла паводзін пры канфлікце — справядлівае стаўленне да ініцыятара спрэчкі. Усякі канфлікт пачынаецца з таго, што ў пары ці групе з’яўляецца незадаволены чалавек — ініцыятар канфлікту. Ён выступае з патрабаваннямі, прэтэнзіямі, крыўдамі і чакае, што іншыя да яго прыслухаюцца і зменяць свае паводзіны. Як правіла, за незадавальненнем і прэтэнзіямі ініцыятара спрэчкі стаіць пэўная прычына ці асабісты інтарэс: існуе нейкае становішча, якое яго не задавальняе, дастаўляе хваляванне ці нязручнасць.
Такім чынам, для таго каб канфлікт з першага ж кроку не пайшоў па «крывой дарожцы», варта справядліва і цярпліва аднесціся да ініцыятара спрэчкі. Не трэба з парога асуджаць, крычаць — важна ўважліва і па магчымасціф добразычліва яго выслухаць.
Другое правіла паводзін пры канфлікце — выявіць прадмет канфлікту, пад якім разумеюць прычыну незадаволенасці чалавека. Часта людзі, што канфліктуюць, не прытрымліваюцца гэтага правіла. Яны ўвязаюць у прыдзірках, кпінах і нават знявагах, за якімі абвінавачаны не бачыць прычыны спрэчкі.
Да другога правіла паводзін пры канфлікце варта аднесці і скарачэнне колькасці прэтэнзій. Небяспека пашырэння прэтэнзій заключаецца ў тым, што ў абвінавачванага ствараецца ўражанне абсалютнай вінаватасці ва ўсім, што адбываецца з ініцыятарам канфлікту.
Трэцяе правіла датычыцца эмоцый. Нярэдка людзі, якія канфліктуюць, могуць правільна вызначыць прадмет канфлікту, цярпліва аднесціся адзін да аднаго. Аднак тон размовы зводзіць гэтыя дасягненні на нішто. Як правіла, людзі ў момант спрэчкі адчуваюць эмацыянальную напружанасць, а іх выказванні катэгарычныя і безапеляцыйныя. Абавязковая ўмова спрэчкі — максімальна спакойны тон выказванняў, дакладнасць і прадуманасць слоў. Трэба выказвацца так, каб у голасе і словах не было нават намёку на раздражнёнасць, гнеў, папрок.
І, нарэшце, самае галоўнае правіла: пазбягайце канфліктаў, якія закранаюць пачуццё ўласнай годнасці. Нельга дапускаць, каб прэтэнзіі пераходзілі ў знявагу асобы (Паводле А. Кравец).

Зрабіце пісьмовы сінтаксічны разбор двух складаназалежных сказаў з тэксту (на выбар).
Растлумачце правапіс выдзеленых курсівам слоў.
Знайдзіце ў тэксце фразеалагізмы, якія маюць наступныя значэнні:
‘адразу і рашуча, без разважанняў (заяўляць і пад.)’;
‘пазбаўляць усякага значэння, сэнсу’.
Пісьмова сцісла перакажыце тэкст, аформіўшы правілы паводзін падчас канфлікту як складаназалежныя сказы. Якімі правіламі вы маглі б дапоўніць тэкст?