§ 11-1. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля складаназлучаных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 3

Прачытайце тэкст. Сфармулюйце яго тэму ў форме пытальнага сказа.

Эфект маскі

У сучасным грамадстве медыцынская маска стала своеасаблівай прыметай адукаванага, сацыяльна адказнага чалавека. Маска «паведамляе» пра клопат аб сваім здароўі і здароўі іншых людзей. Акрамя таго, яна спрыяе зніжэнню панікі: калі хтосьці баіцца захварэць, медыцынскія маскі на тварах людзей даюць адчуванне большай бяспекі і кантролю над сітуацыяй.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя папярэджвае, што медыцынская маска не здольная на 100 % абараніць чалавека ад віруснай інфекцыі. Да таго ж маскай трэба яшчэ ўмець карыстацца. Яе неабходна мяняць кожныя дзве гадзіны, а выкарыстаную маску з тканіны патрэбна мыць у гарачай вадзе з мылам.
Псіхолагі лічаць, што неабходнасць знаходзіцца ў грамадстве з закрытым тварам змяняе наш свет.
У нашым вільготным клімаце людзі нярэдка з дзяцінства прывыкаюць дыхаць ротам. Нашэнне ж маскі спрыяе аднаўленню правільнага насавога дыхання: дыхаць ротам у масцы нязручна. Насавое дыханне натуральным чынам паляпшае самаадчуванне і станоўча ўплывае на здароўе. Дзякуючы яму больш эфектыўна забяспечваецца кіслародам мозг, вентылююцца насавыя пазухі, а таксама слыхавая труба і сярэдняе вуха.
На думку псіхолагаў, маскі ўплываюць на рацыянальнае выкарыстанне рабочага часу. Неабходнасць нашэння масак у працоўных калектывах прыводзіць да таго, што работнікі менш удзельнічаюць у пабочных размовах, сумесных кава-паўзах.
Маскі паказалі, што імкненне да знешняй дасканаласці — мітусня і марнасць. Нашэнне масак спрыяе скарачэнню комплексаў, абумоўленых асаблівасцямі знешнасці чалавека: формай вуснаў, колерам зубоў, насагубнымі маршчынамі.
Лічыцца, што маска падсвядома асацыіруецца з так званай абароненай прасторай, якая засцерагае ад небяспекі навакольнага свету. Нашэнне маскі зніжае ўзровень трывогі, асабліва ў напружаных сітуацыях: на экзамене, сумоўі падчас прыёму на работу, пры выступленні перад незнаёмай аўдыторыяй.
Кожны чалавек хоча лічыць сябе добрым, сумленным, надзейным, адказным. Надзяваючы маску перад тым, як адправіцца ў грамадскія месцы, чалавек клапоціцца пра іншых. А гэта спрыяе яго станоўчай самаацэнцы.
Аднак нашэнне масак, на думку некаторых псіхолагаў, цягне за сабой і шэраг негатыўных вынікаў.
Нашэнне масак не пакідае магчымасці для суразмоўцы бачыць рух вашых вуснаў — і гэта можа ўскладніць зносіны. З аднаго боку, маска не дазваляе чытаць па вуснах, з другога боку, прыглушае голас. Асабліва сур’ёзныя цяжкасці ў сувязі з нашэннем маскі адчуваюць людзі, што слаба чуюць. Яны прывыклі спадзявацца ў тым ліку на чытанне па вуснах.
Без маскі рух вуснаў і твар у цэлым выдаюць настрой і перажыванні чалавека, які размаўляе з вамі. Але калі твар да вачэй закрыты, вызначыць пачуцці суразмоўцы становіцца больш складана.
Некаторыя псіхолагі выказваюць занепакоенасць тым, што нашэнне масак можа спрыяць не толькі фізічнаму дыстанцыраванню людзей, але і псіхалагічнаму адчужэнню. Бо маска на твары іншага чалавека — сігнал, што ён можа ўяўляць патэнцыяльную небяспеку. Але гэта думка вельмі спрэчная (Паводле А. Анцэлевіч).

Якія з выказаных у тэксце меркаванняў наконт уплыву нашэння масак на паводзіны і стан чалавека вы лічыце спрэчнымі?
Растлумачце пастаноўку працяжнікаў і двукроп’яў у сказах тэксту.
Карыстаючыся прыведзенай у тэксце інфармацыяй, сфармулюйце аргументы «за» і «супраць» выкарыстання медыцынскай маскі. Пісьмова аформіце іх у выглядзе складаназлучаных сказаў.
Растлумачце сэнс фразеалагізмаў насіць маску, скінуць маску.