Печатать книгуПечатать книгу

§ 11-1. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля складаназлучаных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: § 11-1. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля складаназлучаных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення
Напечатано:: Гость
Дата: Четверг, 9 Май 2024, 23:22

Практыкаванне 1

Прачытайце тэкст. Дайце яму загаловак, які перадаваў бы тэму тэксту.

У складаным сказе вялікую сэнсавую і стылістычную ролю адыгрываюць злучнікі.
Найбольш распаўсюджаны сказы са злучнікам і. Яны выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях маўлення: Гусцей паплыў дым, і скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем (Я. Колас).
Складаназлучаныя сказы са злучнікам ды маюць афарбоўку вуснага маўлення: Варон на свеце многа, ды некаму страляць (Я. Купала). Часам замест злучніка ды ўжываецца злучнік дый: Голас у яго быў праз меру танклявы, дый песні падбіраў ён жаласныя, пераважна астрожныя (Я. Колас).
Гутарковы характар маюць складаназлучаныя сказы са злучнікам дык, які ўжываецца для сувязі састаўных частак з адносінамі неадпаведнасці, умовы, прычыны: Прыспеў гэта час бульбу сеяць, дык хоць ты плач (М. Лынькоў).
У гутарковым стылі ўжываюцца таксама складаназлучаныя сказы, у якіх адносіны неадпаведнасці афармляюцца пры дапамозе злучнікаў аж або ажно. Гэтыя адносіны ўскладняюцца звычайна дадатковымі адценнямі раптоўнасці або нечаканасці: Так сышло колькі год, аж нарэшце і срок маёй службы прыйшоў (Я. Купала).
У сказах з умоўна-выніковым значэннем часта ўжываецца злучнік а то, характэрны для гутарковага стылю: Трэба асцярожней, а то, чаго добрага, цісканеш знянацку, спячэш з чалавека блінец (М. Лынькоў).
Для сувязі састаўных частак складаназлучаных сказаў з адносінамі неадпаведнасці ўжываюцца сінанімічныя злучнікі толькі і аднак, першы з іх характэрны для гутарковага і мастацкага стыляў, другі — для навуковага і афіцыйнага: Можна было б і перапраўляцца, толькі ці вытрымаюць берагісн (I. Мележ); Біямаса раслін на сушы значна большая за біямасу жывёл, аднак відавая разнастайнасць жывёл у пяць разоў большая за відавую разнастайнасць раслін (Т. Даўгун).
Пераважна ў кніжных стылях ужываюцца складаназлучаныя сказы са злучальнымі словамі разам з тым, між тым, тым не менш: Гутарка ідзе аб рэканструкцыі гэтых прадпрыемстваў, разам з тым трэба мець на ўвазе і шэраг іншых проблем (Паводле М. Цікоцкага).
Складаназлучаныя сказы з якімі злучнікамі характэрны:
а) для гутарковага стылю;
б) навуковага і афіцыйнага стыляў;
в) усіх стыляў маўлення?

Практыкаванне 2

Прачытайце сказы. Якія тэзісы тэксту з папярэдняга практыкавання можна праілюстраваць прыведзенымі прыкладамі?

1. Гаспадыня зараз сняданак прыгатуе, дык вы ўжо не затрымлівайцеся (Т. Хадкевіч). 2. Гумарыст ты, толькі мне няма калі з табою жарты жартаваць (В. Казько). 3. Па-ранейшаму было дужа марозліва і сцюдзёна, ажно сцялася, здранцвела ўсё ўсярэдзіне (В. Быкаў). 4. Узыходзіў месяц, і яго святло вырывала з бязмежнай марской роўнядзі шырокую сінюю паласу (І. Навуменка). 5. Царкоўная архітэктура працягвала развівацца ў рэчышчы барока, аднак элементы дэкору зрабіліся больш стрыманымі (В. Белазаровіч). 6. Дарога была няблізкая, але дня яшчэ хопіць, дый пагода спрыяел (П. Пестрак). 7. Ён ужо хацеў ісці назад, аж раптам грукнула засаўка (Я. Колас). 8. На дурняў не крыўдуюць, ды і крыўдаваць ужо няма калі (В. Гардзей). 9. Увогуле ўсё было лагічна і, бадай, правільна, тым не менш штосьці крыўдлівае варухнулася ў яго душы (В. Быкаў).

Выпішыце складаназлучаныя сказы, граматычныя часткі якіх суадносяцца з аднасастаўнымі сказамі. Разбярыце іх па членах сказа.

Практыкаванне 3

Прачытайце тэкст. Сфармулюйце яго тэму ў форме пытальнага сказа.

Эфект маскі

У сучасным грамадстве медыцынская маска стала своеасаблівай прыметай адукаванага, сацыяльна адказнага чалавека. Маска «паведамляе» пра клопат аб сваім здароўі і здароўі іншых людзей. Акрамя таго, яна спрыяе зніжэнню панікі: калі хтосьці баіцца захварэць, медыцынскія маскі на тварах людзей даюць адчуванне большай бяспекі і кантролю над сітуацыяй.
Сусветная арганізацыя аховы здароўя папярэджвае, што медыцынская маска не здольная на 100 % абараніць чалавека ад віруснай інфекцыі. Да таго ж маскай трэба яшчэ ўмець карыстацца. Яе неабходна мяняць кожныя дзве гадзіны, а выкарыстаную маску з тканіны патрэбна мыць у гарачай вадзе з мылам.
Псіхолагі лічаць, што неабходнасць знаходзіцца ў грамадстве з закрытым тварам змяняе наш свет.
У нашым вільготным клімаце людзі нярэдка з дзяцінства прывыкаюць дыхаць ротам. Нашэнне ж маскі спрыяе аднаўленню правільнага насавога дыхання: дыхаць ротам у масцы нязручна. Насавое дыханне натуральным чынам паляпшае самаадчуванне і станоўча ўплывае на здароўе. Дзякуючы яму больш эфектыўна забяспечваецца кіслародам мозг, вентылююцца насавыя пазухі, а таксама слыхавая труба і сярэдняе вуха.
На думку псіхолагаў, маскі ўплываюць на рацыянальнае выкарыстанне рабочага часу. Неабходнасць нашэння масак у працоўных калектывах прыводзіць да таго, што работнікі менш удзельнічаюць у пабочных размовах, сумесных кава-паўзах.
Маскі паказалі, што імкненне да знешняй дасканаласці — мітусня і марнасць. Нашэнне масак спрыяе скарачэнню комплексаў, абумоўленых асаблівасцямі знешнасці чалавека: формай вуснаў, колерам зубоў, насагубнымі маршчынамі.
Лічыцца, што маска падсвядома асацыіруецца з так званай абароненай прасторай, якая засцерагае ад небяспекі навакольнага свету. Нашэнне маскі зніжае ўзровень трывогі, асабліва ў напружаных сітуацыях: на экзамене, сумоўі падчас прыёму на работу, пры выступленні перад незнаёмай аўдыторыяй.
Кожны чалавек хоча лічыць сябе добрым, сумленным, надзейным, адказным. Надзяваючы маску перад тым, як адправіцца ў грамадскія месцы, чалавек клапоціцца пра іншых. А гэта спрыяе яго станоўчай самаацэнцы.
Аднак нашэнне масак, на думку некаторых псіхолагаў, цягне за сабой і шэраг негатыўных вынікаў.
Нашэнне масак не пакідае магчымасці для суразмоўцы бачыць рух вашых вуснаў — і гэта можа ўскладніць зносіны. З аднаго боку, маска не дазваляе чытаць па вуснах, з другога боку, прыглушае голас. Асабліва сур’ёзныя цяжкасці ў сувязі з нашэннем маскі адчуваюць людзі, што слаба чуюць. Яны прывыклі спадзявацца ў тым ліку на чытанне па вуснах.
Без маскі рух вуснаў і твар у цэлым выдаюць настрой і перажыванні чалавека, які размаўляе з вамі. Але калі твар да вачэй закрыты, вызначыць пачуцці суразмоўцы становіцца больш складана.
Некаторыя псіхолагі выказваюць занепакоенасць тым, што нашэнне масак можа спрыяць не толькі фізічнаму дыстанцыраванню людзей, але і псіхалагічнаму адчужэнню. Бо маска на твары іншага чалавека — сігнал, што ён можа ўяўляць патэнцыяльную небяспеку. Але гэта думка вельмі спрэчная (Паводле А. Анцэлевіч).

Якія з выказаных у тэксце меркаванняў наконт уплыву нашэння масак на паводзіны і стан чалавека вы лічыце спрэчнымі?
Растлумачце пастаноўку працяжнікаў і двукроп’яў у сказах тэксту.
Карыстаючыся прыведзенай у тэксце інфармацыяй, сфармулюйце аргументы «за» і «супраць» выкарыстання медыцынскай маскі. Пісьмова аформіце іх у выглядзе складаназлучаных сказаў.
Растлумачце сэнс фразеалагізмаў насіць маску, скінуць маску.

Практыкаванне 4

Прачытайце ўзор сінтаксічнага разбору складаназлучанага сказа, устаўляючы прапушчаную лінгвістычную інфармацыю.

Прааналізуйце логіку сінтаксічнага разбору складаназлучанага сказа. Складзіце алгарытм разбору.

Практыкаванне 5

Прачытайце тэкст. Да якога стылю ён належыць? Абгрунтуйце сваю думку. У якім сказе заключаецца асноўная думка тэксту?

Старонкi праўды i болю

У 2018 годзе ў выдаве..тве «Беларуская Энцыклапедыя iмя П..труся Броўкi» вы..шла кнiга Артура Зельскага «Хатынь. Трагедыя беларускага народа» а з часам гэты праект вылiўся ў кнiжную серыю «Беларусь. Трагедыя i праўда памяцi».
Кнiгi на рускай беларускай i англiйскай мовах аформлен..ыя ў выгл..дзе «чорных квадратаў памяцi» расказ..ваюць пра злачын..твы н..мецка(?)фашыс..кiх захопнiкаў на тэр..ыторыi Беларусi. За кожным выдан..ем архiўныя дакументы i занатаваныя ўспамiным сведак страшных падзей грунтоўная дасле..чая работа м..сцовых кра..знаўцаў вучоных(?)гiсторыкаў пошукавых атрадаў. Напрыклад аўтар кнiгi «Асiповiчы» настаўнiца гiсторыi Неанiла Цыганок пятна..цаць гадоў разам са сваiмi вучнямi за..малася пошукавай работай па драбнiцах збiраючы звесткi і дзякуючы гэтай працы 176 iмён загiнулых былі абнародаваны (у)першыню.
На жаль «чорных квадратаў памяцi» i (н..)выяўленых пахаван..яў ахвяр (В/в)ялiкай (А/а)йчыннай (В/в)айны на нашай зямлi яшчэ многа. І вельмі важна даслед..ваць гiсторыю і захоўваць сув..зь пакален..яў каб жыць i развiвацца далей (Паводле В. Целяшук).

Спішыце тэкст, устаўляючы, дзе трэба, прапушчаныя літары, раскрываючы дужкі і ставячы знакі прыпынку.
Зрабіце пісьмовы сінтаксічны разбор аднаго складаназлучанага сказа з тэксту.

Разгледзьце фотаздымкі кніг з серыі «Беларусь. Трагедыя i праўда памяцi». Якія пачуцці выклікае ў вас афармленне вокладак кніг? Знайдзіце ў тэксце сказ, у якім раскрываецца ідэя афармлення гэтай кнiжнай серыі. Дакажыце, што яна прысвечана самым страшным старонкам Вялiкай Айчыннай вайны. З якімі творамі беларускай літаратуры на гэту тэму вы знаёміліся?

Практыкаванне 6

Выканайце тэставыя заданні.

1. Адзначце складаназлучаныя сказы:
1) Дзiмкa нe пaкpыўдзiўcя, бo i кpыўдзiццa нe былo зa штo (В. Гардзей).
2) Сонца цягнула сокі ўжо не з галін і лістоты, а проста з каранёў дрэў (В. Казько).
3) За гадзіны дзве дровы згарэлі, дуб знізу абсмаліўся, і агонь патух (К. Чорны).
4) Згусціўся змрок у бары, затое неба нібы пасвятлела (У. Федасеенка).
5) Усюды крычаць гусі і крэкчуць качкі (К. Чорны).
2. Адзначце складаназлучаныя сказы, у якіх сродкам сувязі граматычных частак з’яўляюцца супраціўныя злучнікі:
1) Былo б жaдaннe, a вoпыт з чacaм пpыйдзe (А. Камароўскі).
2) За платамі ў садах падалі спелыя яблыкі, і над намі спелі рабіны (К. Чорны).
3) Снег рабіўся шэры, затое языкі полымя з вогнішча каля будоўлі ўсё болей чырванелі (П. Броўка).
4) Я зaзipнyў y aднy любiмyю мяcцiнy, aбaбeг дpyгyю, нaпpaмкí пpaшыбaвaў тpэцюю, aлe тoлькi ў чaцвёpтaй выкaлyпaў двa кpывyлicтыя бapaвыя бapaвiкi (А. Камароўскі).
5) Слаўка хацеў закрычаць ад жаху, ды не хапіла голасу (В. Гардзей).
3. Адзначце складаназлучаныя сказы, паміж граматычнымі часткамі якіх выражаюцца спалучальныя адносіны:
1) Неба, далёка-бяздоннае, сіне-бялёсае, зацягнулася смугой, а сонца квола грэе ў спіну і кудлачыць салому, растрасаючы яе па дварэ (В. Каваль).
2) Ходзіць вецер па даліне, ходзіць, павявае ды пра радасць мне, дзяўчыне, песні напявае (Я. Колас).
3) У вушах у Аленкі гучыць музыка, і срэбныя званочкі звіняць, рассыпаюцца па ўсім пакоі (Л. Адамовіч).
4) У сяле яшчэ доўга спявалі песні, ды дзесь з двара даносіўся брэх патрывожанага сабакі (Я. Колас).
5) Патыхала не летам, а сапраўднай восенню, і было штосьці надзвычай сумнае ў малюнку апусцелых, нядаўна гаманлівых стойбішчаў, дзе бялелі палаткі, стаялі буданы, легкавыя машыны (І. Навуменка).
4. Адзначце складаназлучаныя сказы, паміж граматычнымі часткамі якіх правільна пастаўлены знакі прыпынку:
1) Ці то галінка трэснула, ці то птушка спрасонку крыллем устрапяпула (З. Бядуля).
2) Дзяўчаты шапталіся, і невыразны шэпт іх далёка чуваць быў у чулай цішыні вераснёвай ночы (К. Чорны).
3) На кожным чоўне льецца песня, або гучыць гармонік (А. Чарнышэвіч).
4) З поўдня балоты зноў падбіраліся да саламяных, замшэлых радоў стрэх, але ў гэты бок ішла найбольш сувязь са светам і тут па дрыгве была намошчана дарожка (І. Мележ).
5) Ляпнуць дзверцы — і аўтобус пабяжыць далей (В. Адамчык).
5. Адзначце характарыстыкі, якія адпавядаюць наступнаму сказу (знак прыпынку не пастаўлены):
Птушак чамусьці не было чуваць __ толькі аднойчы ўгары пастукаў на сухадрэвіне дзяцел і сціх (В. Быкаў).
1) Граматычныя часткі сказа пабудаваны па схеме двухсастаўных сказаў.
2) Паміж часткамі сказа выражаюцца адносіны супастаўлення.
3) Паміж часткамі сказа выражаюцца размеркавальныя адносіны.
4) Схема сказа: [      ] , толькі [      ].
5) Схема сказа: [      ] — толькі [      ].