§ 11-1. Сэнсава-стылістычная і тэкстаўтваральная роля складаназлучаных сказаў у тэкстах розных тыпаў і стыляў маўлення

Практыкаванне 1

Прачытайце тэкст. Дайце яму загаловак, які перадаваў бы тэму тэксту.

У складаным сказе вялікую сэнсавую і стылістычную ролю адыгрываюць злучнікі.
Найбольш распаўсюджаны сказы са злучнікам і. Яны выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях маўлення: Гусцей паплыў дым, і скора вясёлы агеньчык успыхнуў полымем (Я. Колас).
Складаназлучаныя сказы са злучнікам ды маюць афарбоўку вуснага маўлення: Варон на свеце многа, ды некаму страляць (Я. Купала). Часам замест злучніка ды ўжываецца злучнік дый: Голас у яго быў праз меру танклявы, дый песні падбіраў ён жаласныя, пераважна астрожныя (Я. Колас).
Гутарковы характар маюць складаназлучаныя сказы са злучнікам дык, які ўжываецца для сувязі састаўных частак з адносінамі неадпаведнасці, умовы, прычыны: Прыспеў гэта час бульбу сеяць, дык хоць ты плач (М. Лынькоў).
У гутарковым стылі ўжываюцца таксама складаназлучаныя сказы, у якіх адносіны неадпаведнасці афармляюцца пры дапамозе злучнікаў аж або ажно. Гэтыя адносіны ўскладняюцца звычайна дадатковымі адценнямі раптоўнасці або нечаканасці: Так сышло колькі год, аж нарэшце і срок маёй службы прыйшоў (Я. Купала).
У сказах з умоўна-выніковым значэннем часта ўжываецца злучнік а то, характэрны для гутарковага стылю: Трэба асцярожней, а то, чаго добрага, цісканеш знянацку, спячэш з чалавека блінец (М. Лынькоў).
Для сувязі састаўных частак складаназлучаных сказаў з адносінамі неадпаведнасці ўжываюцца сінанімічныя злучнікі толькі і аднак, першы з іх характэрны для гутарковага і мастацкага стыляў, другі — для навуковага і афіцыйнага: Можна было б і перапраўляцца, толькі ці вытрымаюць берагісн (I. Мележ); Біямаса раслін на сушы значна большая за біямасу жывёл, аднак відавая разнастайнасць жывёл у пяць разоў большая за відавую разнастайнасць раслін (Т. Даўгун).
Пераважна ў кніжных стылях ужываюцца складаназлучаныя сказы са злучальнымі словамі разам з тым, між тым, тым не менш: Гутарка ідзе аб рэканструкцыі гэтых прадпрыемстваў, разам з тым трэба мець на ўвазе і шэраг іншых проблем (Паводле М. Цікоцкага).
Складаназлучаныя сказы з якімі злучнікамі характэрны:
а) для гутарковага стылю;
б) навуковага і афіцыйнага стыляў;
в) усіх стыляў маўлення?