§ 50. Найважнейшыя злучэнні жалеза

Біялагічная роля жалеза

Жалеза — жыццёва неабходны для раслін элемент, які ўдзельнічае ў працэсе фотасінтэзу. Жалеза адыгрывае важную ролю ў ферментатыўных рэакцыях, у забеспячэнні імунных функцый, уваходзіць у састаў гемаглабіну — пераносчыка кіслароду ад органаў дыхання да тканак.

У арганізме чалавека змяшчаецца 3–5 г жалеза. Недахоп жалеза ў арганізме з’яўляецца адной з прычын узнікнення анеміі, зніжэння інтэлекту і парушэння нервова-псіхічных функцый.

У арганізм жалеза паступае з ежай. Найбольш багатыя на жалеза прадукты жывёльнага паходжання (напрыклад, ялавічная пячонка, мяса, рыба), дзе яно знаходзіцца ў лёгка засваяльнай форме. Менш засваяльнае жалеза змяшчаецца ў раслінных прадуктах: гарбузе, аўсяных крупах, какаве, гароху, інжыры, разынках.