§ 48.2. Агульная характарыстыка кіслотна-асноўных уласцівасцей аксідаў і гідраксідаў металаў В-груп

Пытанні, заданні, задачы

1. Параўнайце характар змены кіслотна-асноўных уласцівасцей элементаў у А- і В-групах. Прапануйце тлумачэнне адрозненням.

2. На прыкладзе d-элементаў VIB-групы ўкажыце, як змяняюцца кіслотнаасноўныя ўласцівасці d-элемента па групе.

3. Выкарыстоўваючы ўяўленне пра трываласць сувязі элемент—кісларод і кісларод—вадарод у гідраксідах d-элементаў, растлумачце заканамернасці змянення кіслотна-асноўных уласцівасцей гідраксідаў хрому і марганцу з ростам ступені іх акіслення.

4. На аснове ведаў пра заканамернасці ў змяненні кіслотна-асноўных уласцівасцей для злучэнняў марганцу і хрому ў розных ступенях акіслення складзіце ўраўненні рэакцый, якія характарызуюць гэтыя ўласцівасці.

5. Аксід кобальту(II) пры ўзаемадзеянні з канцэнтраваным растворам гідраксіду натрыю ўтварае тэтрагідроксакабальтат натрыю. Складзіце адпаведнае ўраўненне гэтай рэакцыі.

6. Якое асяроддзе (інтэрвал значэнняў рН) у растворы сульфату медзі(II)? Дайце тлумачэнне.

7. Растваральнасць сульфату медзі(II) пры 20 °С складае 17,2 г на 100 г раствору. Разлічыце мінімальны аб’ём вады, у якім пры дадзенай тэмпературы можна растварыць 25 г меднага купарвасу.

8. Растваральнасць сульфату нікелю пры 0 °С складае 20,7 г на 100 г раствору, а пры 40 °С — 33,5 г на 100 г раствору. Разлічыце масу насычанага пры 40 °С раствору, з якога пры астуджэнні да 0 °С вылучыцца 28 г NiSO4 ∙ 7H2O.

9. На медна-залаты сплаў масай 3,2 г падзейнічалі лішкам канцэнтраванага раствору азотнай кіслаты. Пры гэтым вылучылася 896 см3 газу. Вызначце масавую долю золата ў сплаве.

10. Да 12,8 г медных апілкаў прылілі 50 cм3 гарачага канцэнтраванага раствору сернай кіслаты з масавай доляй 94 % (ρ = 1,831 г/см3). Ці цалкам растворыцца медзь? Вызначце аб’ём вылучанага газу і масавую долю CuSO4 ва ўтвораным растворы.