§ 48.1. Агульная характарыстыка металаў B-груп

Металы В-груп адносяць да d-элементаў з агульнай электроннай канфігурацыяй валентнага слоя (n – 1)dxnsy, дзе x можа прымаць значэнні ад 1 да 10.

Пры ўтварэнні хімічных сувязей у атамах d-элементаў удзельнічаюць не толькі s-электроны знешняга, але і d-электроны перадзнешняга слаёў.

Акрамя d-элементаў IIIВ- і IIВ-груп, атамы ўсіх астатніх d-элементаў маюць некалькі ступеней акіслення. Найвышэйшая ступень акіслення атамаў, як правіла, адпавядае нумару групы d-элемента.

У нізкіх ступенях акіслення атамы d-элементаў утвараюць хімічныя сувязі, блізкія да іоннага тыпу, і ў растворах існуюць у выглядзе катыёнаў.

У найвышэйшых ступенях акіслення для d-элементаў характэрны аніённыя формы злучэнняў.