§ 45. Агульныя спосабы атрымання металаў

Значная хімічная актыўнасць металаў з’яўляецца прычынай таго, што ў зямной кары яны існуюць, як было адзначана раней, пераважна ў выглядзе злучэнняў — мінералаў.

Горныя пароды (навалы мінералаў), з якіх тэхналагічна можна і эканамічна выгадна здабываць валавым спосабам метал, называюць рудой. Руда практычна ніколі не ўтрымлівае злучэнні металу ў чыстым выглядзе, у ёй заўсёды прысутнічаюць прымесі іншых мінералаў, якія называюць пустой пародай. Таму праблемай з’яўляецца не толькі распрацоўка тэхналогіі здабывання металаў з мінералаў, але і пошук спосабаў ачысткі мінералаў ад пустой пароды. Сучасныя тэхналогіі робяць эканамічна выгаднай здабычу жалеза з руд, у якіх яго колькасць складае 30–55 %; цынку — 2–6 %; волава — 0,2–2 %; золата — 0,00002–0,0002 %.

Вобласць навукі і тэхнікі, галіну прамысловасці, звязаную з дабываннем металаў з руд і атрыманнем іх у выглядзе, прыдатным для выкарыстання, называюць металургіяй.

Металургічныя працэсы прынята падзяляць на тры этапы.

Першы этап — папярэдняя апрацоўка руды. На гэтым этапе ажыццяўляюць узбагачэнне руды — аддзяленне ўсіх каштоўных мінералаў ад пустой пароды. Калі рудой з’яўляецца сульфід металу (CuFeS2, PbS, ZnS і інш.), то такую руду папярэдне абпальваюць у прысутнасці кіслароду для пераводу металаў у аксіды:

2 ZnS space plus space 3 straight O subscript 2 space equals with t on top space 2 ZnO space plus space 2 SО subscript 2 text ↑ end text semicolon space
2 Сu subscript 2 straight S space plus space 3 straight O subscript 2 space equals with t on top space 2 Cu subscript 2 straight O space plus space text 2SО end text subscript text 2 end text end subscript text ↑. end text

Другі этап — аднаўленне металаў з іх злучэнняў: аксідаў ці солей. Метады аднаўлення можна падзяліць на тры вялікія групы: піраметалургічныя, электрахімічныя і гідраметалургічныя.

На трэцім этапе праводзяць ачыстку металаў — рафінаванне.

Метад атрымання металу з яго руды выбіраюць з улікам уласцівасцей злучэнняў металу і яго хімічнай актыўнасці.