§ 44. Агульныя хімічныя ўласцівасці металаў

Па хімічных уласцівасцях металы з’яўляюцца адноўнікамі, паколькі лёгка аддаюць свае электроны атамам неметалаў, ператвараючыся ў дадатна зараджаныя іоны — катыёны.

Здольнасць атамаў металаў аддаваць, а іх катыёнаў — далучаць электроны можа служыць мерай хімічнай актыўнасці металаў. Так, алюміній на паветры вельмі хутка пакрываецца аксіднай плёнкай, а з золатам прыкметных змен не адбываецца. Цынк актыўна ўзаемадзейнічае з салянай кіслатой, а серабро — не. Таму алюміній і цынк можна аднесці да актыўных металаў, а золата і серабро — да неактыўных.