§ 43. Металы. Агульная характарыстыка

Знаходжанне металаў у прыродзе

img
Мал. 102. Распаўсюджанасць металаў у зямной кары

На долю металаў прыходзіцца 25 % масы зямной кары і 3–5 % масы цела чалавека. У зямной кары самым распаўсюджаным металам з’яўляецца алюміній (мал. 102).

Формы знаходжання металаў у прыродзе суадносяцца з хімічнай актыўнасцю іх простых рэчываў. Найбольш актыўныя металы існуюць у прыродзе, як правіла, у выглядзе солей — хларыдаў, сульфатаў, карбанатаў, фасфатаў, сілікатаў (NaCl, KCl, MgSO4 · 7H2O, CaCO3, Ca3(PO4)2), алюмасілікатаў. Металы сярэдняй актыўнасці прадстаўлены ў прыродзе часцей за ўсё аксідамі і сульфідамі (Fe2O3, Fe3O4, ZnS, CuFeS2, PbS, Cr2O3). Металы нізкай актыўнасці (Сu, Ag, Au, Pt) сустракаюцца ў прыродзе ў свабодным стане. Многія мінералы маюць складаны састаў і ўключаюць катыёны двух-трох розных металаў і аніёны розных кіслотных астаткаў неарганічных кіслот і гідраксільныя групы (Дадатак 2).

У крыві чалавека выяўлена больш за 60 хімічных элементаў-металаў. У арганізме чалавека прысутнічаюць макраэлементы — калій, кальцый, натрый, магній, а ў меншых колькасцях мікраэлементы — алюміній, жалеза, марганец, медзь, цынк і іншыя.