§ 40. Найважнейшыя мінеральныя ўгнаенні

Калійныя ўгнаенні

Пры недахопе калію лісце цьмянае і блакітна-зялёнае, на кончыках і краях становіцца бурым і адмірае («краёвы апёк лісця»).

Калій стымулюе працэсы фотасінтэзу, узмацняе адток вугляводаў з лісця ў іншыя часткі расліны, напрыклад спрыяе назапашванню крухмалу ў клубнях бульбы, цукрозы ў караняплодах буракоў. Усе калійныя ўгнаенні добра растваральныя. Падкормка калійнымі ўгнаеннямі важная ў перыяд фарміравання завязяў і караняплодаў. Найважнейшыя калійныя ўгнаенні: хларыд калію KCl, сульфат калію K2SO4, попел раслін (у выглядзе карбанату калію — паташ K2CO3).

Нітрат калію (калійная салетра) KNО3 — комплекснае ўгнаенне, паколькі змяшчае два пажыўныя элементы — калій і азот.

Беларусь — найбуйнейшы вытворца калійных угнаенняў.

Кожная шостая тона калійных угнаенняў у свеце выпускаецца РУП ВА «Беларуськалій», што працуе на базе Старобінскага радовішча сільвініту, радовішча калійнай і каменнай солей.