§ 40. Найважнейшыя мінеральныя ўгнаенні

Угнаенні — рэчывы, што ўносяцца ў глебу ці іншае пажыўнае асяроддзе для вырошчвання раслін. Яны забяспечваюць паўнавартаснае жыўленне раслін, а значыць, паляпшаюць іх рост, развіццё, плоданашэнне і павялічваюць ураджайнасць сельскагаспадарчых культур.

Угнаенні ўтрымліваюць хімічныя элементы, якія неабходны для жыўлення раслін, але прысутнічаюць у асяроддзі іх пражывання ў недастатковых колькасцях. Часцей за ўсё расліны адчуваюць недахоп такіх біялагічна значных элементаў, як азот, калій і фосфар. Па колькасці пажыўных элементаў сярод угнаенняў вылучаюць простыя і комплексныя. Простыя ўгнаенні — азотныя, фосфарныя, калійныя — утрымліваюць адзін пажыўны элемент. У саставе комплексных угнаенняў іх некалькі, напрыклад калійная салетра KNO3 утрымлівае і азот, і калій.

Назіранні паказваюць, што нават пры аптымальнай колькасці і суадносінах азоту, фосфару і калію не заўсёды забяспечваецца нармальнае развіццё раслін. Высвятляецца, што важная таксама наяўнасць у дастатковай меры рэчываў, якія ўтрымліваюць магній, марганец, жалеза, малібдэн, медзь, бор, серу, селен і іншыя. Іх недахоп папаўняецца ўнясеннем мікраўгнаенняў, якія змяшчаюць пералічаныя элементы (мал. 97).

img
Мал. 97. Тыпы мінеральных угнаенняў

Урадлівасць глеб павялічваюць не толькі пералічаныя вышэй «прамыя» ўгнаенні. Так, урадлівасць кіслых глеб (рН < 5,5) павышаюць, зніжаючы кіслотнасць унясеннем вапны Са(ОН)2 (вапнаваннем), мелу СаСО3 або даламітавай мукі СаMg(CO3)2. Паспрабуйце растлумачыць, чаму пры гэтым кіслотнасць памяншаецца.

У працэсе вывучэння элементаў VA-групы мы пастаянна звярталі ўвагу на ўжыванне многіх іх злучэнняў у якасці ўгнаенняў. Сістэматызуем звесткі пра ўгнаенні і дапоўнім кароткімі звесткамі з курсу біялогіі.