§ 40. Найважнейшыя мінеральныя ўгнаенні

Азотныя ўгнаенні

Першая прыкмета дэфіцыту азоту — колер лісця ад бледна-зялёнага да жоўтага, што тлумачыцца недахопам хларафілу. Расліны моцна адстаюць у росце і развіцці.

Да азотных угнаенняў адносяцца: аміячная вада, нітрат амонію (аміячная салетра) NH4NO3, нітрат калію (калійная салетра) KNO3, нітрат натрыю (натрыевая, або чылійская, салетра) NaNO3, нітрат кальцыю (кальцыевая салетра) Ca(NO3)2, сульфат амонію (NH4)2SO4, мачавіна (карбамід) (NH2)2CO.

Таксама шырока выкарыстоўваюцца арганічныя азотныя ўгнаенні: гной, птушыны памёт, кампост, торф, якія ўтрымліваюць акрамя азоту мноства іншых важных для раслін кампанентаў.

Азотныя ўгнаенні ўносяць у першай палове вегетацыйнага перыяду.

img

Расліны здольныя назапашваць нітраты. Іх празмернае назапашванне правакуецца не толькі лішкам унесеных азотных угнаенняў, але і незбалансаванасцю з фосфарам і каліем.

Лішак нітратаў у прадуктах харчавання адмоўна адбіваецца на здароўі: нітраты як у прадуктах харчавання, так і ў арганізме чалавека ператвараюцца ў таксічныя нітрыты і нітразаміны.

Вытворцам азотных угнаенняў у Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца ААТ «Гродна Азот». У якасці ўгнаенняў аб’яднанне выпускае мачавіну, сульфат амонію і вадкія азотныя ўгнаенні. Большасць цвёрдых азотных угнаенняў выпускаецца ў грануляваным выглядзе, што перашкаджае злежвальнасці дзякуючы памяншэнню паверхні, якая паглынае атмасферную вільгаць.