§ 35. Серная кіслата

Фізічныя ўласцівасці

img
Мал. 86. Эксікатары для захоўвання і сушэння гіграскапічных рэчываў

Серная кіслата — цяжкая бясколерная алеістая вадкасць, з тэмпературай плаўлення 10,4 °С, шчыльнасцю 1,84 г/см3. Яна змешваецца з вадой у любых суадносінах. Пры растварэнні кіслаты ў вадзе вылучаецца значная колькасць цеплаты, што з’яўляецца сведчаннем утварэння трывалых гідратаў. З гэтай прычыны серная кіслата — моцны водаадымальны сродак, яе выкарыстоўваюць для асушэння розных рэчываў, у тым ліку і газаў (мал. 86).

Важна памятаць: пры разбаўленні кіслату павольна льюць у ваду, каб цяжкія струменьчыкі кіслаты апускаліся на дно пасудзіны. Гэта неабходна для прадухілення распырсквання вадкасці ў выніку моцнага павышэння тэмпературы.

Пры кантакце са скурай серная кіслата выклікае цяжкія апёкі, яе пары шкодзяць слізістым абалонкам і лёгкім.