§ 32. Элементы VIА-групы. Кісларод і сера

Азон

Азон — газ з рэзкім пахам, мае бледна-блакітны колер, у вадкім стане — сіні. У працэсе рэакцый азон распадаецца з утварэннем атамарнага кіслароду:

О3 = О2 + О,

таму ў параўнанні з кіслародам валодае большай хімічнай актыўнасцю.

У прыродзе азон утвараецца з атмасфернага кіслароду пры навальнічных разрадах, а на вышыні 10–30 км — пад дзеяннем ультрафіялетавага выпраменьвання. Азонавы слой над паверхняй Зямлі затрымлівае караткахвалевае ультрафіялетавае выпраменьванне Сонца, шкоднае для жывых арганізмаў.

img

Азон утвараецца пры працы лазерных прынтараў, крыніц рэнтгенаўскага і ультрафіялетавага выпраменьвання. Памежна дапушчальная канцэнтрацыя (ПДК) азону ў паветры працоўнай зоны складае 0,1 мг/м3. Характэрны пах азону адчуваецца ўжо пры канцэнтрацыях 0,004–0,010 мг/м3, гэта значыць у шмат разоў ніжэйшых за гігіенічны нарматыў, што важна для персаналу, які працуе з азонам.

Ваду абеззаражваюць хлараваннем або азанаваннем. Азанаванне вады больш бяспечнае для чалавечага арганізма, чым хлараванне.