§ 28. Агульная характарыстыка неметалаў

Распаўсюджанасць неметалаў у прыродзе

У прыродзе неметалы існуюць не толькі ў выглядзе злучэнняў (арганічныя рэчывы, аксіды Н2О, SiO2, СО2, солі бескіслародных кіслот NaCl, As2S3, солі кіслародзмяшчальных кіслот СаСО3, Са3(РО4)2), але і ў свабодным выглядзе, напрыклад азот, кісларод, высакародныя газы, вуглярод (у форме графіту і алмазу), сера. Існаванне неметалаў у выглядзе простых рэчываў у прыродзе звязана з нізкай актыўнасцю пералічаных неметалаў пры нармальных умовах: атамы высакародных газаў маюць завершаны знешні электронны ўзровень, кісларод і азот — даволі трывалыя кавалентныя сувязі ў двухатамных малекулах, вуглярод утварае трывалыя атамныя крышталі. На Зямлі самымі распаўсюджанымі неметаламі з’яўляюцца кісларод і крэмній (па масе каля 49 % і 26 % адпаведна), у Сусвеце — вадарод.