§ 28. Агульная характарыстыка неметалаў

Становішча ў перыядычнай сістэме

Хімічныя элементы прынята дзяліць на металы і неметалы паводле іх хімічных уласцівасцей. У перыядычнай сістэме неметалы размешчаны ў А-групах: IА, IIIА–VIIIА. Ад металаў іх аддзяляе ступеньчатая лінія вадарод — бор — аганесон. Неметалы знаходзяцца вышэй ад гэтай лініі, гэта значыць займаюць правы верхні вугал табліцы, утвараючы своеасаблівы трохвугольнік (мал. 61).

img
Мал. 61. Неметалы і электронная канфігурацыя іх знешняга энергетычнага ўзроўню

Элементы, размешчаныя ў адной групе, падобныя па будове атама, а значыць, шмат у чым і па ўласцівасцях. Таму для некаторых груп неметалаў ужываюць агульныя назвы. Так, неметалы VIIIA-групы называюць высакароднымі газамі. Для элементаў VIIA-групы выкарыстоўваюць назву галагены — якія нараджаюць солі. Неметалы VIA-групы маюць агульную назву халькагены — якія нараджаюць руды.

img

Паводле электрафізічных уласцівасцей, у адрозненне ад хімічных, простыя рэчывы, што складаюцца з атамаў тых ці іншых элементаў, падзяляюць на тры групы: металы, паўправаднікі і дыэлектрыкі. Адрозніць гэтыя рэчывы можна не толькі па велічыні электраправоднасці, але і па характары яе залежнасці ад тэмпературы. З ростам тэмпературы электраправоднасць металаў падае, а паўправаднікоў і дыэлектрыкаў расце. Тыповыя паўправаднікі — крэмній і германій.