§ 23. Растварэнне як фізіка-хімічны працэс

*Працэс растварэння

Такім чынам, вадкія і цвёрдыя растворы — гэта не механічная сумесь часціц растваральніку і растворанага рэчыва, а прадукт фізіка-хімічных працэсаў, у выніку якіх знікае міжфазная мяжа і ўтвараецца гамагенная сістэма.

Па меры растварэння рэчыва яго канцэнтрацыя ў растворы павышаецца, а сам працэс запавольваецца. У насычаным растворы лішак нерастворанага рэчыва знаходзіцца ў рухомай раўнавазе з растворам: скорасць растварэння часціц рэчыва роўная скорасці іх вяртання з раствору назад у зыходную фазу (газ, вадкасць або крышталь).

Паміж часціцамі растворанага рэчыва і растваральніку мае месца электрастатычнае ўзаемадзеянне. Яно рэалізуецца пры растварэнні ў вадзе электралітаў — солей, шчолачаў і іншага, калі палярныя малекулы вады звязваюцца сіламі кулонаўскага прыцягнення з катыёнамі і аніёнамі электраліту.

Міжмалекулярнае ўзаемадзеянне растворанага рэчыва і растваральніку можа адбывацца праз утварэнне вадародных сувязей, напрыклад паміж малекуламі вады і спіртоў, амінаў, аміяку і інш.

Узаемадзеянне малекул растваральніку і часціц рэчыва, якое раствараецца, вызначальнае. Так, гелій — гэта газ, які складаецца з самых маленькіх атамаў, адначасова найменш растваральны ў вадзе газ. Такім чынам, растваральнасць рэчыва — гэта не здольнасць яго часціц размяшчацца паміж малекуламі вады (ці іншага растваральніку), а здольнасць з імі ўзаемадзейнічаць.