§ 23. Растварэнне як фізіка-хімічны працэс

Вы ўжо знаёмыя з сумесямі рэчываў — растворамі і механічнымі сумесямі, іх класіфікацыяй (мал. 50). Нагадаем, што механічныя сумесі ўтвараюцца ў выніку простага перамешвання рэчываў без утварэння імі хімічнай сувязі або іншых хімічных змяненняў. Кожны кампанент такой механічнай (гетэрагеннай) сумесі захоўвае свой састаў і ўласцівасці.

img
Мал. 50. Класіфікацыя сумесей

Вам таксама ўжо вядомыя растворы — гамагенныя ўстойлівыя сістэмы пераменнага саставу, якія складаюцца з некалькіх кампанентаў. Адрозніваюць вадкія (водныя і няводныя), газападобныя і цвёрдыя растворы. Некаторыя іх прыклады прыведзены на малюнку 50. Мы будзем разглядаць пераважна водныя растворы.

У адрозненне ад механічных сумесей растворы аднародныя, гэта значыць адсутнічае мяжа падзелу фаз. Акрамя таго, растворы ўстойлівыя, бо пры нязменных умовах (канцэнтрацыя растворанага рэчыва, тэмпература, ціск) яны бясконца доўга застаюцца гамагеннымі сістэмамі.

Фізіка-хімічны працэс, пры якім адбываецца ўзаемадзеянне часціц рэчыва, якое раствараецца, і растваральніка з утварэннем гамагеннай устойлівай сістэмы пераменнага саставу, называюць растварэннем.

Хімічны бок працэсу растварэння заключаецца ў разбурэнні сувязей паміж часціцамі рэчыва, якое раствараецца, і іх узаемадзеянні з малекуламі растваральніка. Пры растварэнні працякаюць фізічныя працэсы ўзаемнай дыфузіі часціц рэчыва, якое раствараецца, і малекул вады.