§ 23. Растварэнне як фізіка-хімічны працэс

Пытанні, заданні, задачы

1. Прывядзіце прыклады цвёрдых, вадкіх і газападобных раствораў. Пакажыце вобласці прымянення цвёрдых раствораў.

2. Назавіце асноўныя адрозненні паміж растворам і механічнай сумессю рэчываў.

3. Карыстаючыся данымі табліцы растваральнасці на форзацы падручніка, прывядзіце па два прыклады:

  • а) растваральных;
  • б) маларастваральных;
  • в) практычна нерастваральных у вадзе злучэнняў.

Запішыце іх формулы.

4. Дадзены злучэнні: хлоравадарод, нітрат калію, хларыд калію, хларыд натрыю, аксід серы(IV), аміяк. З дапамогай крывых растваральнасці (мал. 51), а таксама ведаў аб растваральнасці газаў вызначце рэчывы, растваральнасць якіх у вадзе пры павышэнні тэмпературы:

  • а) узрастае;
  • б) застаецца практычна нязменнай;
  • в) памяншаецца.

5. Назавіце працэсы ўзаемадзеяння паміж малекуламі вады і рэчывам, якое раствараецца, пры ўтварэнні воднага раствору.

6. Па крывых растваральнасці (мал. 51) знайдзіце растваральнасць солей: нітрату натрыю, хларыду амонію і хларыду натрыю пры 20 °С, 50 °С, 70 °С.

7. Растваральнасць натрыевай салетры NaNO3 пры 10 °С роўная 80 г на 100 г вады. Вызначце масавую долю солі ў насычаным растворы пры гэтай тэмпературы.

8. Масавая доля KNO3 ў насычаным пры 20 °С растворы роўная 24,0 %. Вызначце растваральнасць KNO3 пры 20 °С (г/100 г вады).

9. Разлічыце, на колькі грамаў адрозніваецца маса 500 г бязводнага сульфату кальцыю і яго двухводнага крышталегідрату (гіпсу).

10. Растваральнасць аміяку пры 0 °С роўная 1153 аб’ёмы на 1 аб’ём вады, а пры 30 °С — 532 аб’ёмы (пры н. у.) на 1 аб’ём вады. Насычаны пры 0 °С раствор масай 250 г нагрэлі да 30 °С. Як змянілася яго маса? Які аб’ём (пры н. у.) аміяку вылучыўся пры награванні? Адказ пацвердзіце разлікам.